Стаўбцоўшчына — родны дом

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

НА ЛАВАЧЦЫ Ў ПАРКУ ГАРАДСКІМ

Самыя яркія –  уражанні дзяцінства. Памятаецца, у вольны ад вучобы час прыязджаў на веласіпедзе са сваёй вёскі Ячнае ў Стоўбцы. І там у кіёску спяшаўся купіць газету, а яшчэ рэшту ад патрэбных пакупак для сям’і патраціць на прыемную асалоду –  марожанае.  І «стаканчык» лепш каб быў не папяровы, а такі ж смачны, як і само яно, малочна-крэмавае, халаднаватае, прыемнае да асалоды.

Для культурна-падвячоркавага адпачынку найбольш прыдатным месцам была шырокая са спінкай лаўка ў парку, тут жа на плошчы Леніна. Разлапістыя ліпы ды клёны стваралі прыемны цянёк. Вечарамі ж у гарадскім парку грымела дыскатэка. За браму агароджанай сеткай пляцоўкі можна было трапіць, набыўшы білецік. А ці ж заўсёды на гэта меўся запаветны рубель? Усё ж прыемна было і цікаваць за элегантнымі «па» маладых пар. Міліцыя, здаецца, не дзяжурыла, а парадак падтрымлівалі дружыннікі з чырвонымі павязкамі на рукавах.

Яшчэ адным «эльдарада адпачынку» мог паслужыць скверык каля чыгуначнага вакзала. Пераважна тым, хто чакаў цягніка. Адметным там быў фантан, у россыпе кропель якога іграла шматколерная вясёлка.

Прыгажосць парку на плошчы Леніна парушыла стыхія – ураган, які пранёсся чэрвеньскім днём дзевяноста сёмага года. Паваленыя дрэвы ўбралі, выкарчавалі іншыя старадрэвіны. Правялі там больш дэкаратыўныя, нізкарослыя пасадкі. Падобнае здарылася і  з прывакзальным скверыкам, які значна змяніў выгляд пасля рэканструкцыі. Пасажырам ёсць дзе прысесці, правесці час, ад сонца ці дажджу ахоўваюць крытыя альтанкі. Прыгажэе, разбудоўваецца і наш горад. У іншым, змененым выглядзе відаць  і зоны адпачынку. Галоўнае, каб яны былі, каб і жыхары, і госці Стоўбцаў адчувалі сябе ўтульна.

Фарміруецца культурна-спартыўная зона адпачынку і па вуліцы Ленінскай. Здаецца, з нагоды юбілейнай даты Вялікага Кастрычніка побач са стадыёнам быў закладзены парк, якому тады далі гучную назву – Дружбы народаў. У закладцы парку, што пацвердзяць старэйшыя гараджане, прымалі ўдзел і запрошаныя знакамітыя госці.

Ці стаў гэты парк сапраўды ўтульным для адпачынку? Зроблена ў гэтым напрамку нямала. Пракладзены пешаходныя дарожкі з тратуарнай пліткі. Прыведзена ў парадак танцпляцоўка «Вербачка». У выхадныя вечары запрашае яна вясёлай мелодыяй. Свой імідж надаюць парку ўстаноўленыя драўляныя скульптуры. На дашчаных падмостках «Вербачкі» гуляюць дзеці, якіх прыводзяць мамы і бабулі. І гэта добра. Толькі ж не надта далёкі час, калі на тэрыторыі парку забавай малым служылі і «вагончыкі чыгункі», дзе хлопчык ці дзяўчынка маглі праехаць у абдымку з сімпатычным звярком-фігуркай. І разам з дарослымі глынуць адрэналіну ў пад’ёме на горках аўтакаруселі. Цяпер жа калі-нікалі часовыя «збудаванні» забаў прадастаўляюць гастралёры, расцэнкі на паслугі ў якіх, у адрозненне ад сваіх даўнейшых арганізатараў адпачынку, крыху «кусаюцца». Нарэшце аб самай элементарнай зручнасці паркавай зоны –  лаўках для адпачынку, палічыць якія хопіць і пальцаў адной рукі. З боку стадыёна іх наогул не бачна. Восенню і вясной у парку школьнікі дружна зграбаюць лісце. Але ж патрэбны і больш дэталёвы догляд, абрэзка дрэў. Вароны ды галкі, што ўюць тут гнёзды, –  жывыя істоты. Дык няхай жа шукаюць жыллё ў  іншым месцы, бо не надта прыемна ўвесь час пазіраць уверх. Ну, ведаеце чаму…

Актыўна вядзецца абмеркаванне генеральнага плана забудовы Стоўбцаў. Аб гэтым інфармуе і «Прамень». Так, асабліва ажыўленая дыскусія вядзецца наконт абсталявання зямельнай плошчы выкарчаванага старога саду. Патэнцыяльныя інвестары, як мы ўжо паведамлялі, гатовы ўкласці свае сродкі. Але ж, вядома, і з пэўнай выгадай для сябе – з умовай пабудовы тут гандлёвага цэнтра. Большасць стаўбчан, як вынікае з абмеркавання, адназначна «за». Аднак ёсць і тыя, хто сумняваецца ў мэтазгоднасці, падбірае довады супраць. Інвестару, які гатовы стварыць у парку і адмысловую спартыўна-забаўляльную інфраструктуру, здаецца, можна сказаць толькі дзякуй. І добрай гандлёвай, умоўна кажучы, ужо не кропцы, а сапраўднаму клічніку будуць усе толькі рады. Найбольш жыхары блізкага мікрараёна, які жартоўна завём Царскім Сялом, дзе магазінаў якраз і не стае. А што плошча  непасрэдна пад парк крыху зменшыцца, такой бяды. Хіба лепш чакаць, калі праз гады раённы бюджэт настолькі пабагацее, што пачнем смела закладваць новыя паркі, бо здымецца пытанне вырашэння іншых важных сацыяльных праграм.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

 

РЭСУРС АДНАВЯСКОЎЦАЎ

Прыкладам грамадскай ініцыятывы і рупнасці можа служыць для вяскоўцаў Марыя Папова з Сапуцевічаў.

У родную вёску яна вярнулася сталым чалавекам і, нягледзячы на ўзрост, не можа сядзець без справы. Дзякуючы яе актыўнасці былі арганізаваны суботнікі на могілках. Аднавяскоўцы выйшлі, таму што прадбачылі  вялікі аб’ём работы. Пасля леснікоў Кульскога лясніцтва, якія аказалі дапамогу са зразаннем на могілках аварыйных дрэў і лішняга кустоўя, трэба было падабраць галлё, пачысціць тэрыторыю. Каб навесці парадак, спатрэбіліся два суботнікі. У Сапуцевічах вяскоўцы самі ўстанавілі і агароджу-сетку вакол могілак, якую закупіў сельвыканкам.

З навядзеннем парадку на могілках пастараліся і жыхары Літвы, дзе ініцыятыву найперш праяўляе стараста вёскі, дырэктар мясцовага клуба Галіна Ждановіч.

 

ВАДАЁМ АД МЕЛІЯРАТАРАЎ

Меліяратары ААТ «Аграбудфірма ПМК-74 – Налібкі» нярэдка сумяшчаюць рэканструкцыю меліярыраваных зямель з вырашэннем пытанняў добраўпарадкавання населеных пунктаў раёна.

Прыкладам можа служыць вёска Літва, дзе ў самым яе цэнтры ўтварыўся прывабны азёрны шлейф.  Як возера, стала выглядаць ранейшая балаціна, якую даўно не даглядалі, і яна  была зарослай. Як адзначыў старшыня Літвенскага сельвыканкама Тадэвуш Галавач, меліяратары згадзіліся правесці расшырэнне меліярацыйных каналаў і іншыя спецыфічныя віды работ паралельна з добраўпарадкаваннем тэрыторыі, у сувязі з чым былі ўнесены змяненні ў план меліярацыйных работ на гэтым аб’екце. Дамовіліся аб супрацоўніцтве і адносна Кондратавічаў, дзе праблемай нумар адзін лічыцца на даны момант высокая колькасць пажараў і, пры гэтым, – адсутнасць пажарнага вадаёма. Па просьбе старшыні сельвыканкама меліяратары прыстасуюць пад яго балаціну.

З дапамогай меліяратараў была добраўпарадкавана былая смеццязвалка ў Рудзевічах. Цяпер гэтыя плошчы папоўняць палі севазвароту і будуць даваць ураджаі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ЗА ЯДЛОВЕЦ ПРЫЙШЛОСЯ ЗАПЛАЦІЦЬ

Жыхароў дома № 93 па вуліцы Ленінскай сабрала ў двары такое здарэнне: рослы дэкаратыўны ядловец, які так добра прыжыўся і радаваў вока, быў спілаваны і безжыццёва ляжаў ля лавачкі для адпачынку.  Настрой у людзей  сапсаваўся, усе абураліся і вырашылі такое злачынства не пакінуць без увагі. Хадакі ад дома пайшлі ў раённую экалагічную інспекцыю.

Было праведзена даследаванне і знойдзены парушальнік прыродаахоўнага заканадаўства. Экалагічная інспекцыя прымяніла санкцыі. Чалавек, які падняў руку на дэкаратыўны ядловец, атрымаў 2,5 мільёна рублёў штрафу і заплаціў за саджанец у памеры 750 тысяч рублёў. Няхай гэта будзе  настаўленнем іншым, хто не сябар жывой прыроды.

Яшчэ адна санкцыя раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя накладзена на аб’яднанне камунальных службаў.  Рамонтная брыгада гэтай арганізацыі пры замене даху ў доме № 4 па вуліцы Энгельса самавольна знесла кустовыя насаджэнні, якія ўпрыгожвалі двор шматкватэрнага дома. Арганізацыя заплаціла штраф і пакрыла страты.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

ЖАЎЦЕЕ ПЯСОК НА ВУЛІЦЫ

Санітарная служба сумесна з аддзелам жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама ажыццяўляюць кантроль за выкананнем распараджэння райвыканкама арганізацыямі, замацаванымі за вуліцамі горада.   

У летні сезон санітарны стан вуліц і іх добраўпарадкаванне патрабуюць асаблівай увагі з боку прадпрыемстваў і арганізацый. Вуліцы неабходна абкошваць, прыбіраць  вулічны змёт і  бытавое смецце. Гэтая работа толькі там відавочная і плённая, дзе яна з’яўляецца своечасовай і пастаяннай. А вось з гэтым не ва ўсіх выходзіць «чыста».

– На момант праверкі большасцю прадпрыемстваў горада не былі завершаны работы па ўборцы замацаваных вуліц, –  адзначыла ўрач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Рык. – Так, аўтапаркам № 17 не быў сабраны вулічны змёт уздоўж бардзюраў. Стаўбцоўскім доследным лясгасам гэты змёт быў сабраны ля бардзюраў па вуліцы Багінскага, але так і не вывезены. Стаўбцоўская ПМК не скасіла пустазелле на супрацьлеглым ад прадпрыемства баку па вуліцы Ленінскай. У цэнтральнай раённай бальніцы – аналагічны недахоп: пустазелле расло на прылеглым баку ўздоўж бардзюраў. У некаторых месцах праз бардзюры прарасла трава на прыдарожных палосах і палосах адводу ў гарадской рысе па аўтадарозе Р-2  – гэта недагляд ДЭУ-62.

З пакосам замацаванай вуліцы выйшла няўвязка ў раённага вузла электрычнай сувязі, Стаўбцоўскага МРА «Энергазбыт», цэнтра банкаўскіх паслуг № 624 філіяла № 500 – Мінскага ўпраўлення ААТ «ААБ «Беларусбанк», жыллёва-будаўнічых кааператываў – «Калінка-1», «Маторабудаўнік», «Вікторыя», «Вера», «Стоўбцы-2» і «Стоўбцы-3». 

Шмат прэтэнзій узнікла да аб’яднання камунальных службаў. Пакосу чакалі: вуліца Ленінская – на ўчастках насупраць бальніцы, ад бальніцы да касцёла, на прыпыначным пункце ля бальніцы; вуліца Цэнтральная –  між жыллёва-будаўнічымі кааператывамі «Мечта» і «Нёман», «Вікторыяй» і аптэкай; вуліца Першамайская – ля пустых дамоў №№ 4, 28. Пясок «загараў» уздоўж бардзюраў па вуліцы Сацыялістычнай –  ад прывакзальнай плошчы да пуцеправода праз чыгуначныя пуці. У пяску, на жаль, былі і сходкі да помніка Ф. Э. Дзяржынскаму.    

Прадпрыемствам варта ўдзяляць увагу не толькі санітарнаму стану замацаваных вуліц, а і сваіх прылеглых тэрыторый. Іх своечасовае падкошванне – справа іміджу, таму ёсць над чым задумацца электрасеткам (недахопы заўважаны з боку вуліцы Ленінскай), філіялу ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» (з боку вуліцы Казлова), птушкафабрыцы «Колас» (вуліца Сацыялістычная, насупраць будпляцоўкі), РКБА (вуліца Сацыялістычная, з тыльнага боку). Заўвага датычыцца і індывідуальных прадпрымальнікаў. Да прыкладу, уладальнікаў магазінаў: «Татьяна» (вуліца Сацыялістычная) і «Мак-Мар» (з боку вуліцы Свярдлова), гандлёвага павільёна па вуліцы Камуністычнай.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

2 комментария по теме “Стаўбцоўшчына — родны дом

  1. K статье НА ЛАВАЧЦЫ Ў ПАРКУ ГАРАДСКІМ
    Правильно поднята проблема — городской парк должен служить людям. А по поводу выкорчеванного сада — напечатуйте как будет все выглядеть. и что это за странный инвестор, который не называется нигде. Если Евроопт, то ничего хорошего от него не ждите. примеров — уйма. в том же Несвиже. нужно показать народу как все будет выглядеть, пускай он сам решает чему быть парку или магазину. и не спешите говорить «дякуй за адмысловую спартыўна-забаўляльную інфраструктуру». даже на том участке без магазина, она не может быть адмысловай с точки зрения современных подходов — просто мало места. если проблема в отсутствии магазинов в царском селе, то не лучше ли построить магазин там, скажем на месте карьера. или на месте рынка, который используется раз в неделю несколько часов.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  2. Раскритикуйте, пожалуйста, улицу Железнодорожную. По ней же невозможно проехать на машине. Как только начальники ДАРМА и ж.д.станции там ездят. Кому-кому, а им, должно быть стыдно за те ямы, на которых «ложаться» подвески. Спасибо.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *