Каб жыла ў сэрцах памяць

Дзякуй, салдат! Нумары

image_pdfimage_print

Дзень 3 ліпеня стаў сёлета для жыхароў вёскі Баханы Заямнаўскага сельсавета асабліва знакавым. Менавіта ў 70-ю гадавіну вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў тут адкрывалі помнік воінам, мясцовым жыхарам, якія не вярнуліся з вайны. Дваццаць дзевяць прозвішчаў высечаны на мармуровай дошцы. Для невялікай вёскі, дзе налічвалася 157 жыхароў – гэта вялікая страта. Цаной сваіх жыццяў, самаму старэйшаму з іх было сорак тры гады, а малодшаму – толькі дваццаць, загінуўшыя заваявалі для кожнага з нас мір і свабоду. Дзесяць чалавек, як сведчыць кніга “Памяць”, прапалі без вестак, а астатнія пахаваны ў Расіі, Аўстрыі, Чэхаславакіі, Польшчы, Усходняй Прусіі, Латвіі і Германіі. Некаторым з іх не хапіла некалькіх дзён, каб адсвяткаваць у Берліне перамогу і вярнуцца да сваіх родных. “Чорнымі птушкамі” прыляцелі з чужыны ў іх сем’і толькі пахавальныя «трохкутнікі». І не ў беларускай зямлі ляжаць салдаты-вызваліцелі, а там, дзе кожнага напаткала куля. Але цяпер іх дзеці, унукі і праўнукі могуць пакланіцца подзвігу, які здзейснілі бацькі і дзяды. Прыйсці да абеліска, памаліцца і ўскласці кветкі. І паставілі гэты помнік землякам самі мясцовыя жыхары. Па ініцыятыве старасты вёскі Мікалая Бохана, у якога на той крывавай вайне загінулі бацька і дзядзька. “Я вырашыў увекавечыць памяць не толькі аб сваіх родных, а і аб усіх загінуўшых земляках, – сказаў Мікалай Мікалаевіч. – Удзячны тым, хто падтрымаў мяне і дапамог ажыццявіць намечанае”.

Адкрываючы мітынг, старшыня Заямнаўскага сельвыканкама Уладзімір Гарохавік падкрэсліў, што гэты дзень увойдзе ў гісторыю раёна як адзін з самых памятных. А добрая справа, якую зрабілі людзі, адгукнецца ў сэрцах нашчадкаў, якім гэты помнік будзе нагадваць аб мінулай вайне. Жахі, перажытыя старэйшым пакаленнем, не павінны паўтарыцца на нашай зямлі. Пранікнёным было выступленне ветэрана вайны Аляксея Грамыкі. З усіх сваіх землякоў, якія вярнуліся дадому, Аляксей Пятровіч застаўся адзін. Ён з болем успомніў, як біў фашыстаў разам са сваімі равеснікамі. І як пасля кожнага бою не далічваўся сваіх сяброў. У жыхара вёскі Мікалая Лапко на вайне загінулі бацькі, і ён выйшаў сказаць удзячныя словы ўсім, хто сабраўся, каб аддаць даніну памяці тым, хто абараняў радзіму ад карычневай чумы.

Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць аб загінуўшых. 

Для жыхароў вёскі работнікі Слабадскога дома культуры падрыхтавалі музычную праграму. Ад шчырых слоў вядучай і песень ваенных гадоў слёзы наварочваліся на вочы жанчын. Схілялі ў задуменні галовы мужчыны. Подзвіг, які здзейсніла старэйшае пакаленне, бессмяротны. Многае змянілася з таго пераможнага дня, але назаўсёды застанецца ў сэрцы кожнага грамадзяніна Беларусі веліч агульнай перамогі.

Вечная слава героям!

Надзея БАТАЛКА

На здымках: стараста вёскі Баханы Мікалай Бохан, ветэран вайны Аляксей Грамыка і старшыня Заямнаўскага сельвыканкама Уладзімір Гарохавік; кветкі і нізкі паклон загінуўшым ад удзячных нашчадкаў; сярод удзельнікаў мерапрыемства – і дзеці загінуўшых. 

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *