Вёска Ячнае вітае! На Стаўбцоўшчыне прайшло традыцыйнае свята вёскі

Главное Год малой родины

Вялікай папулярнасцю ў жыхароў Стаўбцоўшчыны карыстаюцца святы вёсак. Нядаўна такое свята ладзілася ў вёсцы Ячнае. 

Пад музычнае суправаджэнне народнага ансамбля «Гарэзы» было арганізавана адкрыццё памятнага каменя. Удзел у ім прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Шэсцель, стараста вёскі Мікалай Курыла і старшыня Заямнаўскага сельвыканкама Уладзімір Гарохавік. Як адзначыў Сяргей Шэсцель, у Ячным жывуць працалюбівыя, разумныя, таленавітыя людзі, якія даражаць гісторыяй вёскі, клапоцяцца пра яе лёс. Ён пажадаў жыхарам Ячнага далейшага росквіту.

Пасля па традыцыі адбылося ўрачыстае шэсце па вуліцах пад музычнае суправаджэнне духавога аркестра «Віціны». Падчас кожнага прыпынку ля гасцінных вясковых хат гучалі песні, віншаванні і пажаданні, гасцей віталі сталамі з пачастункамі. Можна было ўбачыць выстаўкі вясковых майстроў (карціны, вырабы з бісеру), фотаздымкі маладога і старэйшага пакаленняў жыхароў вёскі, якія ўнеслі асабісты ўклад у яе развіццё.

На галоўнай пляцоўцы адбылося ўшанаванне лепшых працаўнікоў у розных сферах. Падзякі за актыўную грамадзянскую пазіцыю, арганізацыю і правядзенне свята вёскі атрымалі стараста Мікалай Курыла, мясцовыя жыхаркі Вікторыя Тарасевіч, Ніна Кульша, Святлана Сахар. Адзначылі старажыла вёскі Марыю Курыла і самую маленькую жыхарку – Ганну Скроб. На свяце былі ўшанаваны і шматдзетныя сем’і: Рубіных, Самахвалаў, Скробаў, Сахараў. Віталі таксама сямейныя пары, якія шмат гадоў крочаць разам па жыцці: Анатоль і Софія Трацякі адзначаць 60-годдзе сумеснага жыцця, а Пётр і Фаіна Лявонікі, Аляксандр і Зінаіда Сахары – 50-годдзе сумеснага жыцця. Віншавалі самую маладую сямейную пару – Ігара і Яніны Грамыкаў. Не забылі і тых, у каго сёлета асабісты юбілей.

Музычныя прывітанні дарылі мясцовыя жыхары, артысты раённага цэнтра культуры, народны ансамбль «Гарэзы» і інш. Слухачы не толькі шчыра апладзіравалі, але і танцавалі. Працавалі гандлёвыя кропкі, якія прапаноўвалі салодкую вату, напіткі. Жадаючыя маглі пракаціцца на прыгожай карэце. Незвычайным падарункам для прысутных стала выступленне цыганскага шоу «Алюр». Пасля канцэрта ўсіх чакалі дыскатэка і святочны салют.

Ад душы весяліліся ў той дзень жыхары і госці вёскі Ячнае. Атмасфера была душэўнай, напаўняла прысутных любоўю да роднага краю, да сваёй малой радзімы. Дзякуючы намаганням усіх, зладжанай рабоце аргкамітэта, у які, дарэчы, увайшлі не толькі цяперашнія жыхары вёскі, свята ўдалося правесці на дастойным узроўні. Верыцца, што часцінка яго абавязкова застанецца ў сэрцы кожнага.

Марына КУТАС

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *