Уборачная без здарэнняў

Нумары РАНС інфармуе

image_pdfimage_print

Напярэдадні ўборачнай кампаніі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях нагадвае пра мерапрыемствы, выкананне якіх дазволіць правесці яе максімальна эфектыўна, без надзвычайных здарэнняў.

Так, камбайнеры, машыністы сушыльных комплексаў, вадзіцелі, трактарысты, а таксама службовыя асобы, задзейнічаныя ва ўборцы ўраджаю, павінны прайсці падрыхтоўку па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму. Часовыя палявыя станы варта размяшчаць не бліжэй чым 100 м ад хлебных масіваў, такоў, сціртаў сена або саломы. Пляцоўкі, адведзеныя для палявых станаў, падлягаюць ачыстцы ад іржышча і сухой травы, абворванню паласою на шырыню не менш за чатыры метры.

Спраўнасць іскрагасільнікаў на выпускных трубах рухавікоў рознай тэхнікі, ачыстку паверхні рухавікоў, калектараў і т. п. неабходна правяраць не радзей чым два-тры разы за змену.Гэта нормы пажарнай бяспекі. Тэхабслугоўванне і рамонт уборачных машын і агрэгатаў павінны праводзіцца воддаль ад хлебных масіваў. На тарфяніках сельскагаспадарчага карыстання не дапускаецца размяшчэнне заправачных пунктаў, пляцовак для рамонту і стаянкі тэхнікі. У месцах уборкі збожжавых павінна быць дзяжурства пажарнай аварыйна-выратавальнай або прыстасаванай для тушэння пажару тэхнікі.

Курэнне, карыстанне адкрытым агнём, развядзенне кастроў у хлебных масівах і на адлегласці меншай за 30 м, выпальванне сухой расліннасці не дапускаюцца.

Склады грубых кармоў на тэрыторыі вытворча-гаспадарчага комплексу неабходна размяшчаць на спецыяльна адведзенай пляцоўцы (15 м ад сціртаў і копаў, абворванне чатырохметровай паласою). Асобныя сцірты павінны мець ахоўныя палосы на адлегласці пяць метраў ад іх асновы. Плошча асновы сцірты – не больш за 300 м2, а штабеля спрасаванага сена або саломы – 500 м2. Разрывы паміж асобнымі штабелямі, навесамі або сціртамі павінны быць 20 і больш метраў.

У памяшканнях, прызначаных для захоўвання збожжа, не дапускаецца захоўванне іншых пажаранебяспечных матэрыялаў, тэхнікі і абсталявання, устройванне падсобных памяшканняў і рабочых месцаў з пастаянным або кароткатэрміновым знаходжаннем людзей, а таксама ўкрыццё ацяпляльных прыбораў дэкаратыўнымі рашоткамі.

У перыяд уборачнай кампаніі інжынерна-інспектарскі састаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях будзе ажыццяўляць рэйдавыя праверкі месцаў уборкі, перапрацоўкі і захоўвання ўраджаю. Пры выяўленні парушэнняў вінаватыя будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *