Дэвіз для вадзіцеля

Кантроль, бяспека Нумары

image_pdfimage_print

З 10 да 14 ліпеня на дарогах раёна праходзіла прафілактычная акцыя пад дэвізам “Цвярозы вадзіцель”.

Менавіта дарожна-транспартныя здарэнні па віне вадзіцеляў у стане алкагольнага ап’янення характарызуюцца самымі цяжкімі наступствамі. Наезды, сутыкненні і перакульванні ўчыняюць нецвярозыя вадзіцелі незалежна ад пагодных і дарожных умоў.

Так, 25 чэрвеня каля 17.30 на 14-м км аўтадарогі Стоўбцы – Івацэвічы – Кобрын, паблізу Старога Свержаня, мясцовы жыхар на аўтамабілі «ВАЗ» адной з арганізацый раёна не справіўся з кіраваннем, у выніку чаго з’ехаў у кювет і перакуліўся. Вадзіцель атрымаў сур’ёзныя траўмы. У момант ДТЗ у яго крыві было больш за 1,5 праміле алкаголю…

З пачатку года на тэрыторыі раёна адбылося 9 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх 11 чалавек паранены. Дзве аварыі – акурат па віне нецвярозых вадзіцеляў. Супрацоўнікамі ДАІ за шэсць месяцаў года затрымана 137 вадзіцеляў, якія кіравалі транспартам у нецвярозым стане, у тым ліку 14 – паўторна на працягу года пасля прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

Транспартная дысцыпліна некаторых вадзіцеляў, на жаль, пакідае жадаць лепшага. Штодзённа на медыцынскі агляд супрацоўнікі ДАІ дастаўляюць не аднаго і не двух, а значна больш нецвярозых вадзіцеляў. Справіцца з праблемай “патэнцыйных забойцаў” на дарозе можна толькі агульнымі намаганнямі. І ў гэтым пытанні не павінна быць раўнадушных.

Грамадзяне павінны ведаць асаблівасці паводзін п’яных вадзіцеляў і старацца, па магчымасці, спыніць іх, пазваніўшы ў дзяжурную часць ДАІ па тэлефонах: 8-029-169-69-54, 8-029-776-73-44 або 102 (званок бясплатны). Магчыма, ваша інфарацыя зберажэ каму-небудзь жыццё і не дазволіць скалечыць лёс іншаму.

Як правіла, п’яныя вадзіцелі неадэкватна ацэньваюць адлегласць, хуткасць і геаметрыю дарогі. Пад хмяльком усе трасы здаюцца роўнымі і прамымі, а хуткасць вельмі маленькай. Звычайна яны позняцца пры крананні ля святлафора, рэзка тармозяць, рухаюцца на забаронены сігнал святлафора. Ім уласціва надзвычай рэзкая або, наадварот, залішне асцярожная язда. Пры манеўраванні іх адрознівае ненатуральная звілістая траекторыя руху.

Дзмітрый ВОРАНАЎ,начальнік аддзела ДАІ райаддзеламіліцыі       

 

І СПАДЧЫНА ЧАСАМ «СТРАЛЯЕ»

У раённым аддзеле міліцыі стаіць на ўліку больш за 400 індывідуальных уладальнікаў грамадзянскай зброі, якім належыць прыкладна 500 адзінак агнястрэльнай і газавай зброі.

У апошнія гады намецілася тэндэнцыя зніжэння колькасці ўладальнікаў зброі, ды і самой зброі на руках. Многія грамадзяне спыняюць занятак паляваннем і, каб не мець праблем з законам, здаюць яе на знішчэнне. Праваахоўныя органы турбуе няўлічаная зброя, якая камусьці дасталася, магчыма, у спадчыну.

Незаконнае захоўванне паляўнічай агнястрэльнай гладкаствольнай зброі, у адправеднасці з адміністрацыйным заканадаўствам, цягне накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь, а ў адпаведнасці з крымінальным заканадаўствам незаконныя дзеянні з агнястрэльнай наразной зброяй, боепрыпасамі і выбуховымі рэчывамі караюцца выпраўленчымі работамі да двух гадоў, або абмежаваннем волі да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

У той жа час грамадзяне могуць добраахвотна здаць у міліцыю зброю і боепрыпасы і быць поўнасцю вызваленымі ад адказнасці. За мінулы год жыхарамі раёна добраахвотна здадзена 242 адзінкі боепрыпасаў і 17 адзінак незарэгістраванай зброі, у бягучым годзе – 41 і пяць адзінак адпаведна.

Праблемы ўзнікаюць і з уладальнікамі зарэгістраванай зброі. Так, у 2013 годзе за парушэнне тэрмінаў перарэгістрацыі агнястрэльнай зброі былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 10 жыхароў раёна,  а шасцярым ануляваны дазволы на захоўванне агнястрэльнай зброі ў сувязі з учыненнем правапарушэнняў, звязаных са злоўжываннем спіртнымі напіткамі.        

Пра вядомыя вам факты незаконнага захоўвання зброі можна паведаміць у райаддзел міліцыі па тэл. 5-19-15 або 102. Ананімнасць гарантуецца.

Набываць грамадзянскую зброю, прызначаную для заняткаў спортам і паляваннем, маюць права грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, пасля атрымання дазволу ў органах унутраных спраў па месцы жыхарства.

Па пытаннях набыцця і рэгістрацыі агнястрэльнай зброі звяртацца ў каб. № 56 райаддзела міліцыі (тэлефон для даведак – 5-32-76).

Аляксандр ПАРХІМОВІЧ,інспектар райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *