На асобым рахунку ў Бога

Нумары Сям'я

image_pdfimage_print

Вікторыібыло 16 гадоў, Вадзіму – дзевяць, Сашу – тры, калі ў іх не стала мамы. Хочацца беражліва выцерці Вікторыі слёзы. Мы разумеем, што плача яна не толькі ад успамінаў аб гэтым самотным дні, але і ад таго, што давялося перанесці дзецям, якія засталіся круглымі сіротамі. З родных тады ў іх былі бабуля і дзядзька  – Віктар Бохан. Ён і ўзяў апякунства над дзецьмі. Вельмі клапаціўся пра іх. Вікторыя закончыла Заямнаўскую сярэднюю школу і паехала вучыцца ў Маладзечанскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча.

Яна стала добрым прадаўцом – да людзей адносіцца з увагай, работы не баіцца, за парадкам сачыць умее. Вікторыя  абслугоўвала сваіх жа аднавяскоўцаў у вёсцы Ячонка. Прывабная, прыгожая, яна звярнула на сябе ўвагу хлопца з гэтай вёскі і хутка адказала  згодай стаць яго жонкай. Ёй было 18 гадоў. Так Вікторыя набыла не толькі мужа, але і бацькоў, якія сталі аб ёй клапаціцца як аб роднай дачцэ. І не толькі аб ёй, але і аб яе двух братах.

Так здарылася, што ў 2011 годзе памірае дзядзька, і непаўналетнія дзеці-сіроты зноў застаюцца без апекі. Сіроцкая ўстанова, якой бы яна выдатнай ні была, – не надта добрае месца для малога дзіцяці, якому так патрэбна цяпло сямейнага ачага. Вікторыя пераносіць яшчэ адзін стрэс. Як і самі дзеці. Маладзіца, сама яшчэ ўчарашняе дзіця, была гатова ўзяць апеку над братамі. Такі высакародны ўчынак стаў магчымым і таму, што яе муж Юрый Тарасевіч не быў супраць узяць у сваю сям’ю двух хлопчыкаў і падзяліць з імі ўсё, як і са сваімі роднымі дзецьмі. Вікторыя была ўжо тады два гады замужам і мела сына Лёшку. Гэтае рашэнне мужа аказалася для Вікторыі  той лакмусавай паперкай, якая праверыла Юрыя на чалавечую годнасць, самаахвярнасць і на хрысціянскі подзвіг – маладой сям’і, якая толькі сама станавілася на ногі, прыйшлося ўзяць клопат пра дваіх сірот.

А дзеці ў сваю чаргу адказалі на гэта сваёй паслухмянасцю,  жаданнем увайсці ў сям’ю як памочнікі, у якіх таксама можна быць упэўненым.

Сёння ўжо Вадзім заканчвае Заямнаўскую школу. Добра вучыцца, актывіст, лепшы спартсмен. Спортам Вадзім захапляецца з дзяцінства. Ён паступіў нават у рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Правучыўся год, моцна захварэў, і па стане здароўя вярнуўся працягваць вучобу ў агульнаадукацыйную школу ў Заямнае. Аднак са спортам не парваў. І цяпер збіраецца паступаць у педуніверсітэт на факультэт фізічнай культуры і здароўя. Мы былі ў Тарасевічаў за дзень да заканчэння навучальнага года. Вадзім збіраўся на ўрачыстую лінейку, дзе яму выпала з першакласніцай на руках даць апошні школьны званок. У гэтай сям’і сёлета два выпускныя. Аляксей развітваецца з Засульскім дзіцячым садам і пойдзе ў першы клас. У Сашы таксама радасць – у шасцікласніка пачынаюцца летнія канікулы, яму нядаўна купілі сапраўдны «горнік». Саша ва ўсім стараецца быць падобным на Вадзіма – яшчэ б, у яго ёсць чаму павучыцца. Так жа, як і Вадзім, сур’ёзна захапляецца спортам. Займаецца з трэнерам Дзераўнянскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы футболам, любіць лыжныя гонкі. Хлопцы на ўсіх спаборніцтвах адстойваюць гонар сваёй школы. Любіміца ў сям’і паўтарагадовая Настачка. Вікторыя гаворыць, што Вадзім для яе – любімая нянька, ён і Лёшку выгадаваў. Вікторыя магла давяраць брату не толькі тады, калі з маленства магла пакінуць на яго дзяцей, але і ва ўсіх іншых гаспадарчых справах. Вадзім ёй памочнік і агарод прапалоць, і па доме дапамагчы, і іншую работу выканаць. Яго так будзе не хапаць усім, калі паступіць. Аднак, дай Бог, каб паступіў, гэта будзе радасць для ўсіх. І тады яго ўсе будуць чакаць з нецярпеннем дамоў на выхадныя. З пірагамі і іншымі рознымі прысмакамі. Вікторыя смачна гатуе і вельмі любіць гэты дамашні занятак. Так што Юрыя, калі ён прыходзіць з працы, заўсёды чакае дома апетытная вячэра. Муж Вікторыі працуе механізатарам у фермерскай гаспадарцы «Сула». Сельскагаспадарчая работа патрабуе напружанага рабочага дня.Таму і на здымку дамачадцы без галавы сям’і – ён на працы.

Нельга гаварыць пра сям’ю Тарасевічаў, не ўключаючы ў яе бабулю і дзядулю. Вадзім гаворыць, што  яны жывуць у суседняй вёсцы, праз поле да іх мінут пяць хадзьбы, а на веласіпедзе – і яшчэ хутчэй. Дзеці ходзяць да іх па малако. У гаспадарцы ёсць і іншая жывёла, і бацькі шчодра дзеляцца ўсім з дзецьмі. Вікторыя з вялікай любоўю гаворыць пра бацькоў. Яе браты сталі для іх роднымі ўнукамі, абагрэты іх ласкай і клопатам. Тамара Міхайлаўна і Мікалай Аляксандравіч – паважаныя на вёсцы людзі, лепшыя працаўнікі СВК «Каганец». Фотаздымак даяркі Тамары Тарасевіч быў занесены на раённую Дошку гонару. Ды і Мікалай Аляксандравіч заўсёды ў ліку лепшых механізатараў. Самі яны таксама стварылі шматдзетную сям’ю, у якой чацвёра дзяцей. Двое хлопцаў ужо маюць свае сем’і.

Вядучы спецыяліст сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Гамза называе гэтую сям’ю адметнай сярод 38 апякунскіх у раёне. І гэта сапраўды так. У свае 24 гады Вікторыя Тарасевіч паспела ўжо столькі, што іншаму хапіла б на доўгае жыццё.  Яна не толькі дапамагла братам жыць у кроўнай сям’і, але і прыкладвае ўсе сілы сваёй душы, каб дапамагчы ім знайсці свой жыццёвы шлях, каб яны выраслі паўнацэннымі людзьмі.

Педагогі Заямнаўскай школы даюць вельмі добрую характарыстыку Вадзіму і Сашу. І мы таксама пранікліся сімпатыяй да іх падчас  размовы. Шчыра жадаем Вадзіму паспяховай здачы ўступных экзаменаў і стаць студэнтам універсітэта.

Гасподзь не пакідае сірот. Пажадаем Вікторыі і ўсім членам гэтай дружнай сям’і на сваім жыццёвым шляху быць пад пакровам Божым.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

УСЫНАЎЛЕННЕ: СТАЦЬ  РОДНЫМІ  БАЦЬКАМІ

Апошнім часам пачасціліся выпадкі бясплоднасці сямейных пар. Камусьці ўдаецца справіцца з гэтай праблемай (напрыклад, з дапамогай метаду ЭКА), а хтосьці можа падарыць шчасце жыць у сям’і пакінутаму дзіцяці –  усынавіць ці  ўдачарыць яго, стаць для яго любімымі мамай і татам.

Аднак рашыцца на ўсынаўленне –  вельмі адказны крок. Яшчэ больш адказна рашыцца на ўсынаўленне двайнят. Прыемна адзначыць, што ў нашым раёне на такі высакародны ўчынак рашаюцца. У апошнія гады пяць сем’яў усынавілі двайнят.

Усе сем’ і ўсынаўляльнікаў сутыкаюцца з некаторымі агульнымі цяжкасцямі, а ў сем’ях, якія ўсынавілі двайнят, гэтыя цяжкасці падвойваюцца і патрабуюць ад бацькоў шмат намаганняў. Кожны з двайнят патрабуе ад бацькоў падвоенай увагі. Аднак у той жа час сям’я атрымлівае ў два разы больш станоўчых эмоцый.

Мама ўсыноўленых дзяцей гаворыць: «Гэта такая радасць для ўсёй сям’і! І дзецям весялей разам расці, яны адзін у аднаго вучацца, а галоўнае –  лепш развіваюцца. Мы з мужам не нарадуемся на іх. Пакуль цяжка ўявіць, якімі яны будуць, калі пойдуць ножкамі. З кожным днём яны становяцца ўсё больш цікавымі».

Другая сямейная пара адзначае, што ў параўнанні з тымі станоўчымі эмоцыямі, якія яны атрымліваюць кожны дзень,  цяжкасці, што пераадольваюць, нічога не значаць: «Мы атрымліваем асалоду ад шчасця. Так радасна назіраць, як падрастаюць нашы дзеці».

У чэрвені бягучага года яшчэ дзве двойні  з дома дзіцяці займелі любячых маму і тату.

На сучасны момант у нас тры сям’і – кандыдаты ва ўсынавіцелі. Няхай і гэтыя сем’і напоўняцца шчасцем і дабрабытам.

Алена ГАМЗА,вядучы спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *