На вопытных палетках – інавацыйныя сарты

Важное Сельская гаспадарка

Хлебаробы ААТ «Вялікі Двор» у ліку першых сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна завяршылі жніво. Мясцовым працаўнікам у данай рабоце не займаць рупнасці. Яны атрымалі з кожнага гектара 55 цэнтнераў збожжавых і зернебабовых культур і па гэтым паказчыку занялі другое месца ў раёне. Усяго ўбрана 1178 гектараў і намалочана 6452 тоны збожжа.

Шчыравалі на палетках сем экіпажаў. Спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Алена Цішчанка штодзень заносіла вынікі іх работы на экран спаборніцтва. Чатыры экіпажы камбайнераў сталі тысячнікамі: Юрый Кірыкеш і Віктар Лапко, Аляксандр Тарабэш і Юрый Брушко, Аляксандр Мядзведзь і Валянцін Саўчыц, Мікалай і Ілья Тарабэшы, а таксама Фінат Саітгарэеў. Перавезлі звыш тысячы тон кожны Сяргей Заранка, Валянцін Аляшкевіч, маладыя вадзіцелі Віктар Жыжка і Яўгеній Чэкан.

Малады вадзіцель-тысячнік Віктар Жыжка

Уладзімір Пячонаў з сынам працуюць на збожжаўборачным камбайне «Дон-1500». Як адзначае галоўны аграном Генадзій Бязушка, машына далёка не новая, але камбайнеры стараюцца і дабіваюцца добрых намалотаў. Для Уладзіміра Анатольевіча гэта пятнаццатая ўборачная. Улад завіхаецца з бацькам пяты год: ён працуе на мехдвары слесарам. Дарэчы, штогод падчас уборачнай кампаніі кіраўніцтва гаспадаркі віншуе старанных работнікаў – бацьку і сына – з іх днямі нараджэння, якія яны адзначаюць у адзін дзень.

Экіпаж камбайнераў у складзе Уладзіміра і Улада Пячонавых

У таварыстве з году ў год атрымліваюць высокі паказчык па ўраджайнасці збожжавых і зернебабовых культур, бо строга прытрымліваюцца тэхналогіі вырошчвання. Напрыклад, азімага трыцікале «дынама» атрымалі 70 цэнтнераў на круг. На вопытным полі пастаянна высяваюць для апрабоўвання новыя інавацыйныя сарты. Летась пасеялі для параўнання азімую пшаніцу беларускіх сартоў «ода», «сюіта» і нямецкага – «патрас».

Спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Алена Цішчанка

– Цёплая зіма паспрыяла росту азімых, і яны аддзячылі вышэйшым за яравыя намалотам, – адзначыў Генадзій Бязушка. – Будзем і далей працаваць на ўраджайнасць. Дзеля гэтага неабходна перагледзець структуру збожжавага кліну і аддаць перавагу найбольш перспектыўным сартам.

Гэтымі днямі на палетках таварыства ідуць падрыхтоўчыя работы для правядзення наступнай кампаніі – сяўбы азімага рапсу. Сёлета ў гаспадарцы атрымана 39 цэнтнераў масланасення з гектара – трэці паказчык у раёне.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *