І на вуліцы Ліпеньскай у Налібаках – свята

Факты, падзеi, людзi

Свята вуліцы – гэта заўсёды добры настрой, вясёлая, дружная кампанія з цудоўных суседзяў. Такое свята прыйшло да жыхароў вуліцы Ліпеньскай аграгарадка Налібакі.

Гэтая вуліца – самая працяглая і старажытная, з яе пачаліся Налібакі. Дзякуючы людзям, якія тут жывуць, яна змянілася, стала сучаснай.

На свята былі запрошаны старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Шэсцель, старшыня Налібацкага сельвыканкама Генадзій Шыманец, пробашч Налібацкай парафіі ксёндз-канонік Мар’ян Шэршань. Нечакана для вяскоўцаў завітаў на свята і прыняў удзел у мерапрыемстве намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоль Ісачанка, які пажадаў вёсцы росквіту, а яе жыхарам – здароўя, шчасця і даўгалецця.

Свята пачалося з шэсця па вуліцы пад музычнае суправаджэнне аркестра. Каля кожнага святочнага стала артысты Дзераўнянскага цэнтра культуры дарылі гаспадарам музычныя віншаванні, выказвалі пажаданні дабрабыту.

Вяскоўцы пастараліся на славу. Яны сустракалі добрым словам і гучнымі песнямі, уласнымі вырабамі, печывам, садавінай, мёдам… Карацей кажучы, было чым пачаставаць гасцей і аднавяскоўцаў. Ксёндз Мар’ян благаслаўляў шчодрых гаспадароў і іх падворак іконай.

Сярод ганаровых гасцей свята быў Іван Сіняўскі. У аграгарадку яму даводзілася бываць і раней, на Масленіцы. Гэта нядзіўна: па спецыяльнасці Іван – рэжысёр абрадавых свят. Іван Сіняўскі падзяліўся з намі думкамі пра ўдзел у даным мерапрыемстве:

– Стаўбцоўшчына, радзіма Якуба Коласа, мяне заўсёды прываблівала, таму сёння я апынуўся на свяце вуліцы Ліпеньскай у Налібаках. Для мяне гэтае запрашэнне – падарунак лёсу. Свята ўдалося, яно згуртавала малодшае і старэйшае пакаленні вяскоўцаў. Гэта добрая традыцыя, калі людзі больш даведваюцца адзін пра аднаго. Радуе, што вёска жыве і расцвітае.

Былі ўшанаваны працаўнікі розных галін народнай гаспадаркі, актывісты, ветэраны працы. Адзначаны шматдзетныя сем’і Маскалевічаў і Юргеляў.

Для жыхароў і гасцей была падрыхтавана канцэртная праграма (музычныя віншаванні артыстаў Дзераўнянскай школы мастацтваў, выступленне вакальнага калектыву «Натхненне», дыскатэка і салют), працаваў выязны гандаль, дзяцей забаўляў клоўн.

Свята атрымалася прыгожым, душэўным, бо сярод будняў не заўсёды нават у блізкіх сяброў і суседзяў ёсць магчымасць сустрэцца ў нефармальнай абстаноўцы, паслухаць любімыя песні, патанцаваць, адпачыць.

Марына КУТАС

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *