Убралі рапс, на чарзе – збожжавыя

Нумары Ураджай-2014

image_pdfimage_print

Працаўнікі ААТ «Радзіма Якуба Коласа» ў  мінулую сераду завяршылі ўборку азімага рапсу. Размяшчалася гэтая прыбытковая тэхнічная культура на 160 гектарах. У полі шчыравалі пяць збожжаўборачных машын. Усе яны былі абсталяваны рапсавымі сталамі. Надвор’е паспрыяла працаўнікам – уборка прайшла ў сціслыя тэрміны. І вынік атрыманы даволі неблагі – намалочана па 31,7 цэнтнера масланасення з гектара і сабрана 507 тон.

– Прыкладна на такі мы і разлічвалі, –  сказаў галоўны аграном Аляксей Чандакоў. – Хоць напачатку ўборкі і была няўпэўненасць. Справа ў тым, што сёлетні ўраджай, з-за недахопу фінансавых сродкаў на набыццё мінеральных угнаенняў і сродкаў аховы раслін, вельмі нялёгка складваўся. Але правераныя гібрыды не падвялі. І ў прыватнасці «Прагрэс», набыты ў элітгасе ААТ «Агранёманскі».

Удала пачалася  сёлетняя ўборачная кампанія для сямейнага экіпажа Янскіх. Бацька і сын ужо дзесяць гадоў працуюць разам. Яны лідзіруюць у спаборніцтве, намалацілі 158 тон масланасення. Апошнія тры гады за штурвалам  Генадзь Генадзьевіч, а бацька ў яго памочнікам. «Рапс сёлета вырас неблагі», – адзначае Генадзь Іванавіч, – мы маглі б выйсці ў поле і раней, але перашкаджалі дажджы. Таму, як толькі ўсталявалася надвор’е,   прыступілі да ўборкі».  

Генадзь Іванавіч вопытны хлебароб, тры дзесяцігоддзі працуе механізатарам у гаспадарцы. Ёсць хлебаробская жылка і ў сына.

За штурвалам камбайна «Ліда-1300» працуе Яўген Матусік. Для Яўгена Іванавіча сёлетняе жніво сорак першае ў працоўнай біяграфіі. І яго «стэпаваму караблю» ўжо пятнаццаць. Аднак старэйшына механізатарскага корпуса па-ранейшаму паказвае прыклад маладым. Разам з памочнікам Аляксандрам Жукоўскім  дабіваецца даволі высокіх паказчыкаў. У атрыманым выніку таксама плён старання экіпажаў у складзе Івана Ажгірэвіча і Сяргея Кісяля, Мікалая Акіншы і Івана Пракаповіча, Юрыя Маселя і Мікалая Уса, вадзіцеляў Генадзя і Эдуарда Рымашэўскіх, Аляксея Аўчука, якія дастаўлялі ўраджай на збожжасушыльны комплекс у Любкаўшчыну.  На дапрацоўцы насення працуюць машыністы Павел Андронаў і Генадзь Папоўскі. Каб хутчэй убраць пасевы і тым самым звесці да мінімуму страты, на мясцовых палетках працавалі два камбайны з ААТ «Жацерава».

Выспяваюць у таварыстве і збожжавыя культуры, якія займаюць 1700 гектараў, на 900 гектарах пасеяны азімыя. На наступным тыдні плануюць пачаць убіраць азімае трыцікале ранніх  тэрмінаў сяўбы. Для Аляксея Чандакова, як галоўнага спецыяліста, сёлетняя ўборачная кампанія першая.

– Хлебнае поле радуе, колас наліваецца важкі, але моцныя дажджы ўжо паклалі на зямлю самыя ўраджайныя ўчасткі, – з горыччу канстатуе Аляксей Аляксандравіч. – Нават не дапамаглі рэгулятары росту, якімі мы апрацоўваем расліны. Справіцца з уборкай  думаем сваімі сіламі, плануем  зжаць вырашчанае за дваццаць каляндарных дзён. Зразумела, пры спрыяльным надвор’і. Нагрузка на кожны камбайн  немалая – па 250 гектараў. Будуць задзейнічаны сем экіпажаў камбайнераў. Разлічваем атрымаць з кожнага гектара не менш як 40 цэнтнераў збожжа.

Надзея БАТАЛКА

На здымку: (злева направа) задаволены ўраджаем азімага рапсу малады вадзіцель Аляксей Аўчук, камбайнеры сын і бацька Генадзі Янскія і галоўны аграном Аляксей Чандакоў.

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *