«Жыві, квітней і прыгажэй, родная вёсачка!» У вёсцы Новыя Рубяжэвічы свята

Важное Год малой родины

Нехта можа сказаць, што жыццё ў вёсцы сумнае і аднастайнае. Там няма забаў, месцаў адпачынку, якія можа прапанаваць горад. У адказ можна запярэчыць, сказаўшы, што сельскія будні – гэта прыгажосць пейзажаў, цішыня, адсутнасць мітусні, а таксама дары зямлі, вырашчаныя на ўласным участку. І памылкова думаць, што людзі, якія тут жывуць, не ўмеюць весяліцца, з карысцю бавіць час. Свята вёскі – яскравы таму прыклад.

У Новых Рубяжэвічах адбыўся такі дзень. Па-сапраўднаму свята стала добрым для ўсіх, хто прыйшоў сюды. Нават прырода радавалася разам з удзельнікамі: надвор’е выдалася цёплым і сонечным.

У свяце прыняў удзел старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень. Да вяскоўцаў ён звярнуўся з прывітальным словам:

– Новыя Рубяжэвічы – блізкае для мяне месца. Гэты населены пункт падарыў мне сям’ю, сельгаспрадпрыемства вырасціла мяне як спецыяліста, кіраўніка і адправіла ў далейшае жыццё. Малая радзіма на карце свету – гэта наша рэспубліка, чыстая, светлая, мірная краіна, якую мы празмерна любім. Для мяне малая радзіма – гэта Стаўбцоўшчына са сваімі каларытам, традыцыямі, цудоўнымі людзьмі і, безумоўна, Рубяжэвічы. Тыя месцы, дзе мы ўкладваем душу, працуем, гадуем сваіх дзяцей. Мне здаецца, што кожны чалавек, уносячы ўклад у развіццё сваёй малой радзімы, у маштабах вёскі ці дзяржавы, усведамляе, што гэтая праца павінна быць карыснай і яе трэба захаваць. Мне хочацца, каб кожны з нас разумеў, што самае дарагое – гэта мір, звычайныя жыццёвыя радасці.

Падчас адкрыцця дзіцячай пляцоўкі сімвалічную чырвоную стужачку пераразаюць старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Шэсцель і старшыня Рубяжэвіцкага сельвыканкама Павел Карніцкі

На свята запрасілі і старшыню раённага Савета дэпутатаў Сяргея Шэсцеля. Па традыцыі пад музычнае суправаджэнне духавога аркестра адбылося шэсце з вуліцы Лясной на Кастрычніцкую, Піянерскую, Івянецкую і Будаўнікоў. Музычныя віншаванні прысутным адрасаваў народны фальклорны ансамбль «Гарэзы». Першай гасцей сустрэла Таццяна Рубіс з суседзямі па вуліцы Лясной, прапанавала пачастункі і пажадала добрага настрою.

Пад старадаўнія музычныя гукі Сяргей Шэсцель і старшыня Рубяжэвіцкага сельвыканкама Павел Карніцкі адкрылі памятны камень, а пасля таксама ўсклалі вянок загінулым воінам.

Падарункам для вяскоўцаў стала адкрыццё новай дзіцячай пляцоўкі. Сімвалічную чырвоную стужачку перарэзалі Сяргей Шэсцель і Павел Карніцкі. Як адзначыў Павел Зянонавіч, гэтая пляцоўка была пабудавана ў найкарацейшыя тэрміны па ініцыятыве дырэктара ААТ «Рубяжэвічы» Дзмітрыя Сахарэвіча. Тут ёсць горка, арэлі, пясочніца, машынка, зробленыя з дрэва. Пляцоўку благаславілі святары – ксёндз Уладзімір і айцец Мікалай.

Музычны падарунак ад супрацоўнікаў парку-музея інтэрактыўнай гісторыі «Сула»

Канцэртная праграма разгарнулася на пляцоўцы каля Рубяжэвіцкага сельскага дома культуры. Як адзначыў Павел Карніцкі, апошнім часам  вёска імкліва развіваецца.  На тэрыторыі Рубяжэвіцкага сельсавета функцыянуюць участковая бальніца, аптэка, дзіцячы сад, ААТ «Рубяжэвічы», лясніцтва і інш. Старасце вёскі Таццяне Шакаль даручылі важную місію – узняць сцяг у гонар адкрыцця свята.

Першай сустрэла гасцей Таццяна Рубіс

Вёска славіцца сваімі людзьмі. Яны добрыя і працавітыя, ведаюць усе зямныя сакрэты, чуюць, як дыхае зямля, сагрэтая сонечнай ласкай, і пра што шэпчуць каласы на світанні.  Усе мы разумеем, што багацце краіны ствараецца на зямлі, рукамі хлебаробаў. Дырэктар ААТ «Рубяжэвічы» Дзмітрый Сахарэвіч падзякаваў працаўнікам гаспадаркі, яе ветэранам і ўручыў падарункі. Таксама далучыліся да віншаванняў дырэктар філіяла «Племптушкарэпрадуктар «Бройлер» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» Юрый Фесін, дырэктар  ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» Святлана Блашко, загадчык гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Мінская фармацыя» Анатолій Грыгор’еў і інш. Сярод вяскоўцаў быў адзначаны воін-інтэрнацыяналіст Алег Бунчук, які доўгія гады працаваў участковым інспектарам Стаўбцоўскага РАУС.

Рады прысутным жыхары вуліцы Кастрычніцкай

Карані вёскі – гэта яе найстарэйшыя жыхары, носьбіты мясцовых традыцый, жыццёвага ўкладу, які перадаецца з пакалення ў пакаленне. Старажыл Новых Рубяжэвічаў – Іван Пятровіч Бунчук, якому споўнілася 90 гадоў. У свой час ён працаваў даяром на ферме 30 гадоў, мае мноства адзнак за сваю шматгадовую працоўную біяграфію.

Загадчыца збожжасклада Валянціна Літвінская (злева) разам з дзяўчатамі-памочніцамі

Вёска будзе жыць, калі ў ёй ёсць працяг – маленькія жыхары. На свяце віталі самага маленькага жыхара – Анатолія Радкевіча, які нарадзіўся 30 ліпеня 2020 года. Не забыліся і пра шматдзетныя сем’і Чэрнікаў, Макасёў, Андрыкаўцоў, Севасцьяновічаў, Новікаў, Янушкаў, Паплаўскіх, Шэдзяў. Адзначылі таксама і імянінніцу – Ірыну Баярчук.

Шчырыя прывітанні ўдзельнікам свята ад прадстаўнікоў вуліцы Піянерскай

Падчас свята працавалі дзіцячыя горкі і машынкі, цір, батут, каруселі. Можна было набыць розныя сувеніры, пачаставацца папкорнам, салодкай ватай і квасам. Для жыхароў і гасцей выступілі інструментальны гурт RBand Рубяжэвіцкага СДК, вакальныя групы Засульскага ДК «Світанак» і «Пацеха», танцавальны гурт «Шанц» Рубяжэвіцкай СШ, артысты беларускай эстрады (Іван Буслай, Ганна Благава, група «Беларускі гасцінец») і інш. Яркім заканчэннем мерапрыемства стаў салют.

Памятны камень

З гісторыі!

Вёска  Новыя Рубяжэвічы была заснавана ў 1901 годзе. Яна ўваходзіла ў склад Рубяжэвіцкай воласці Мінскага павета і налічвала 14 двароў. Пражывала тут 117 жыхароў. З 1921 па 1939 год знаходзілася ў складзе Польшчы – Рубяжэвіцкай гміны Стаўбцоўскага павета Навагрудскага ваяводства. Паводле перапісу 1921 года, у вёсцы налічвалася 17 двароў і 114 жыхароў. На 1 студзеня 2020 года ў Новых Рубяжэвічах налічваецца 146 двароў і 412 жыхароў.

Марына КУТАС

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *