На прасторах Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

МАНТАЖ ВЯДЗЕ «ЮНКЕР»

На філіяле ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы ідзе мантаж абсталявання для вытворчасці высокатрывалага  чыгуннага ліцця.  

У цэхах узведзенага завода на даны момант манціруюцца карусельныя ўстаноўкі цэнтрабежнай лініі. Над шэф-мантажом працуюць нямецкія спецыялісты фірмы «Юнкер». Задзейнічаны і работнікі філіяла, якія ў далейшым будуць працаваць на гэтым абсталяванні, выпускаць чыгуннае ліццё. Усе работы вядуцца згодна з графікам, у чым і пераканаўся падчас нядаўняга візіту на філіял генеральны дырэктар Мінскага маторнага завода Мікалай Лобач.

 

ЗЯМЛЯ ДАРАГАЯ

Зямельныя ўчасткі на тэрыторыі Літвенскага сельсавета запатрабаваны мінчанамі, якія хочуць пабудаваць уласныя дамы. 

– З вясны мы прадалі шэсць участкаў і зарабілі на гэтым 80 мільёнаў рублёў, – адзначае старшыня Літвенскага сельвыканкама Тадэвуш Галавач.

Участкі для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва запатрабаваны жыхарамі мегаполіса, таму што ў навакольныя маляўнічыя мясціны немагчыма не ўлюбіцца, і ад Мінска іх аддзяляе нейкіх 70-80 км. Пры развітой транспартнай інфраструктуры гэтая адлегласць, як сведчыць рэчаіснасць, – дробязь.

Попытам карыстаюцца ў літвенска-цясноўскіх ваколіцах і ўжо гатовыя дамы. Два з іх, набытыя сёлета, – з так званай катэгорыі пустых, безгаспадарных дамоў. У запасе ёсць яшчэ дзясятак падобных дамоў, але лёс іх пакуль не вызначаны. Некаторыя з іх, уросшыя ад  узросту ў зямлю, вартыя зносу, а некаторыя маглі б яшчэ паслужыць новаму гаспадару. Каб ажыццявіць любы з гэтых варыянтаў законным спосабам, вызначаным указам Прэзідэнта № 100, сельвыканкам займаецца напачатку пошукам спадчыннікаў. Пры іх адсутнасці, адбываецца збор неабходных дакументаў для прызнання судом пабудовы як безгаспадарнай. На даны момант сельвыканкам падрыхтаваў дакументы ў суд у адносінах да шасці пустых дамоў.

   

НАВАКОЛАСАВА ДА 2030 ГОДА

Распрацоўваецца генеральны план развіцця пасёлка Наваколасава да 2030 года.

Як падкрэсліў старшыня сельвыканкама Дзмітрый Каршанкоў,  запланавана выдзяленне ўчасткаў пад індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва. На даны момант на ўліку ў сельвыканкаме знаходзяцца 143 сям’і (у тым ліку адна – шматдзетная), якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Зямля на тэрыторыі сельсавета карыстаецца асаблівым попытам. Тут, у адрозненне ад іншых сельскіх населеных пунктаў раёна, адсутнічаюць пустыя дамы, ужо адкрыта каля паўтара дзясятка камерцыйных прадпрыемстваў. Для задавальнення жыллёвых  патрэб пасёлка частка земляў будзе перададзена сельвыканкаму ад воінскай часці, яшчэ частка папоўнена за кошт ляснога фонду.

 

З КАПРАМОНТАМ ЦЕПЛАТРАСЫ

Аб’яднанне камунальных службаў праводзіць планавыя капітальныя работы, каб забяспечыць надзейнасць ацяпляльнай гаспадаркі ў асенне-зімовы перыяд 2014-2015 гадоў.

З дапамогай падраднай арганізацыі «Стоўбцыгазбуд» цяпер ідзе замена цеплатрасы па вуліцы Свярдлова. Старыя трубы дэманціруюцца, на іх месца ўкладваецца сучасная пі-труба. З дапамогай падраднай арганізацыі «Белізалітсэрвіс» у горадзе завершаны рамонт  дзвюх цеплакамер з заменай кампенсатараў і запорнай арматуры.

Адна з асаблівасцяў  капітальных рамонтаў – работа пераважна з трубамі вялікіх дыяметраў. Яшчэ адна – практычна 90 працэнтаў земляных работ прыходзіцца весці ўручную, бо забудаваны жылы мікрараён скрозь «напакаваны» кабелямі. 

Акрамя названых вышэй аб’ектаў, камунальнікамі выконваецца шмат іншых мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да будучага ацяпляльнага сезона: у кацельнях ладзяцца гідраўлічныя выпрабаванні, закупляюцца неабходныя для рамонту матэрыялы і т. п.

 

ДЗЕЦІ-ПАСАЖЫРЫ

Адбылася 9-я раённая алімпіяда па правілах дарожнага руху, у якой прыняла ўдзел 21 каманда школ раёна.

Каманды прадставілі свае відэаролікі «Дзеці-пасажыры». Найбольш цікавымі і змястоўнымі аказаліся відэаролікі Вішнявецкай, Заямнаўскай СШ, гарадскіх сярэдняй школы № 3 і гімназіі № 1.

У правілы алімпіяды ўваходзіла і індывідуальнае спаборніцтва. Удзельнікі цягнулі білеты, па пытаннях якіх патрэбна было паказаць веданне Правілаў дарожнага руху. Спаборніцтва праходзіла па ўзроставых групах.

Камандам давялося рашаць задачы «Дарожная сітуацыя». Перамагла каманда Рубяжэвіцкай СШ, другое месца заняла каманда гімназіі № 1, трэцяе –Вішнявецкай СШ.

Па выніках усіх заданняў 9-й алімпіяды па Правілах дарожнага руху камандныя месцы падзяліліся так: пераможцай стала каманда Рубяжэвіцкай СШ (настаўнік А. А. Лукашэвіч), на другім месцы – каманда Заямнаўскай СШ (настаўнік С. С. Хіркоўскі), на трэцім – каманда Старасвержанскай СШ (настаўнік Л. В. Вайдзілевіч).  Перамогу камандам далі і агульныя балы камандаў і ачкі, набраныя вучнямі ў індывідуальных заданнях. Большую колькасць узнагарод у індывідуальных спаборніцтвах атрымалі вучні Заямнаўскай СШ – Ганна Станкевіч, Ягор Жыбуль, Ангеліна Лапко.

 

ПЕРАСОЎНЫ ПУНКТ

У раёне пачаў працаваць перасоўны пункт па зборы другаснай сыравіны.

Для гэтых мэт аб’яднаннем камунальных службаў закуплены грузавы аўтамабіль «ГАЗ-33»,  аснашчаны вагамі. Прыёмшчыца закупляе пэт-бутэлькі, шкло і макулатуру (яны кашуюць 1000, 600 і 800 рублёў за кілаграм адпаведна) і на месцы разлічваецца са здатчыкамі. Распрацаваны графік аб’езду, які ўключае ўсе сельсаветы на тэрыторыі раёна. Згодна з ім, перасоўны пункт заязджае ў кожны буйны населены пункт раёна не радзей аднаго разу ў месяц.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ДАРЫ ПРЫРОДЫ – У КАРЗІНУ

Стаўбцоўшчына – край лясны, цікавая для прадпрымальных людзей. Аддзел эканомікі райвыканкама зарэгістраваў 23 арганізацыі, якія сёлета ў сезон  ажыццяўляюць закуп дзікарослых  грыбоў і ягад на тэрыторыі нашага раёна.

Адметна, што гэта прадпрыемствы не толькі Мінскай, але і іншых абласцей. У ліку іх нарыхтпрамы райспажыўтаварыстваў і прадпрыемствы рознай формы ўласнасці.  Як правіла, закуп праводзіцца прама ў лясных вёсках, жыхары якіх, а таксама гараджане, дачнікі прысвячаюць водпуск ці летнія канікулы збору ягад і грыбоў і рэалізацыю іх.

Пр

 

У ПЕРАКЛАДЗЕ З НЯМЕЦКАЙ

Чэмпіянат  свету – падзея, якую ніяк не абмінуць усе, хто цікавіцца футболам. Сусветныя форумы па гэтым самым папулярным відзе спорту наладжваюцца раз у чатыры гады. І доўга згадваюцца перыпетыі спартыўных змаганняў. А трэнеры тых, хто выходзіць на футбольнае поле, стараюцца пераймаць эфектыўныя тактычныя навінкі, авалодваць тэхнічнымі прыёмамі, якія дэманструюць футбольныя зоркі.

Бразілію многія лічаць самай футбольнай дзяржавай свету. Пра гэта гавораць пяць тытулаў зборнай –  пераможцы ранейшых чэмпіянатаў. Але на дамашняй арэне бразільцаў напаткала засмучэнне.

Затое святкуе Германія, зборная якой  адолела ў паўфінале зборную Бразіліі з лікам 7:1, у фінале – каманду Аргенціны – 1:0, і стала чэмпіёнам свету-2014. Нямецкі футбол  цяпер будуць справядліва лічыць заканадаўцам моды. А ў немцаў сапраўды ёсць чаму павучыцца калектывам розных узроўняў.

Як засвояць урокі чэмпіянату свету футбалісты нашага «Нёмана-Агра»? Вядома ж, аматарскаму футболу да вяршынь спартыўнага небасхілу вельмі далёка, але ж і на сваім узроўні разуменне і следаванне галоўным тэндэнцыям дадуць добрыя вынікі. Пакуль жа аб спартыўнай форме нашай каманды цяжка рабіць адназначныя вывады. Чарговая сустрэча чэмпіянату вобласці не надта суцешыла. Здабыта нічыя – 1:1 у матчы ў Дзяржынску. Але ж «Лівадзія-Юні» – гэта толькі другі састаў галоўнай «Лівадзіі», якая выступае ў першынстве рэспублікі. Цяпер у стаўбчан 18 ачкоў, яны на 7 ачкоў адстаюць ад лідара – ФК «Старыя Дарогі». На другім месцы ў турнірнай табліцы падгрупы «Б» каманда «Гарадзея-2», на рахунку якой 19 ачкоў. Стаўбчане на трэцім месцы, а ў іх сапернікаў па выхадзе ў чацвёрку, якая прадоўжыць барацьбу на фінальным этапе, –  ФК «Клецк-2», «Любані» і «Зоркі» з Пухавіцкага раёна па 16 ачкоў. Заўтра «Нёман-Агра» сустрэнецца з «Аўтамабілістам» (Салігорскі раён).

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *