Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістравана па раёне шэсць шлюбаў, столькі ж адзнак зроблена аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 14 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Карына Уласік, Софія Азізава, Аляксандра Шырвель, Мілана Новік, Паліна Гарохавік, Мацвей Грыгаровіч, Кірыл Капскі, Аляксей Каўгарэня, Алеся Краскоўская, Арсеній Старадубаў, Васіліса Сямёнава, Ганна Федзічкіна, Цімафей Шыманскі і Вікторыя Шчэкала.

Зямны шлях закончыўся для 15-ці чалавек.

У пажарнай часці тыдзень, на шчасце, прайшоў спакойна. Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях ладзілі ў Стоўбцах прафілактычную акцыю –  размяшчалі на пад’ездах шматкватэрных дамоў памяткі-лістоўкі аб дзеяннях пры пажары ў кватэры, пры сігнале грамадзянскай абароны, аб небяспецы курэння ў пасцелі і пакідання малалетніх дзяцей адных без нагляду.

Нагадваем, што з 1-га ліпеня бягучага года ў рэспубліцы ўступілі ў сілу адзіныя Правілы пажарнай бяспекі. Пазнаёміцца з імі можна на сайце – 112.by.

Міліцыяй зарэгістравана 146 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана шэсць крымінальных спраў, ва ўсіх іх устаноўлены падазраваемыя. Ноччу на полі паблізу Ператокаў злодзей паквапіўся на гародніну, чым нанёс арандатару страты больш чым на 750 000 рублёў. У Мікалаеўшчыне, побач з магазінам «Скрыначка», грабежнік адкрыта выхапіў з рук вяскоўца пакет, у якім знаходзіліся прадукты і спіртное. Канфліктная сітуацыя паміж дзвюма жанчынамі ў садовым таварыстве «Улыбка-1» у Задвор’і закончылася крымінальнай справай у адносінах да адной з іх, якая выказвала пагрозы забойствам, трымаючы  ў руках сахор, і свае намеры пацвярджала канкрэтнымі дзеяннямі.  

Пракуратурай раёна праведзена праверка выканання суб’ектамі прафілактыкі заканадаўства аб барацьбе з п’янствам і алкагалізмам, прадугледжаных адпаведнай дзяржаўнай праграмай на 2011-2015 гады. Вынікі праверкі сведчаць пра недахопы ў дзейнасці раённай камісіі па прафілактыцы алкагалізму, наркаманіі, суіцыдаў, якая фактычна зведзена да штоквартальнага аналізу ўзроўню суіцыдаў і парасуіцыдаў у раёне і правядзення мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне суіцыдаў. Адсутнічае ўзаемадзеянне з аналагічнымі камісіямі, якія дзейнічаюць на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна, і т. п. Па выніках праверкі  райвыканкаму вынесена прадстаўленне.

Суд абмежаваў у волі на 2,5 года за паўторнае махлярства 37-гадовага мінчаніна. Двое 19-гадовых прадаўцоў магазіна № 35 райспажыўтаварыства, абвінавачаныя ў растраце і прысваенні маёмасці на 64 000 000 рублёў, прыгавораны да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову (у сувязі з амністыяй абедзве часткова, на адзін год,  вызвалены ад пакарання).   

ДАІ выявіла 169 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – 18 недысцыплінаваных пешаходаў, 14 бяспраўнікаў і шэсць нецвярозых вадзіцеляў (на 295-м км аўтамагістралі на аўтамабілі BMW-Х1 рухалася 31-гадовая грамадзянка РФ, у крыві якой было 0,7-0,9 праміле; яна аштрафавана на 10 500 000 рублёў і пазбаўлена на тры гады вадзіцельскага пасведчання). Зафіксавана 10 дарожных аварый. На шчасце, усе –без пацярпелых.

«Хуткая» выязджала да хворых 190 разоў, пяць сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *