Паважайце закон і правы іншых

Ахова правапарадку Главное

Масавыя несанкцыянаваныя акцыі і шэсці, якія праходзяць з 9 жніўня ў гарадах краіны, не абмінулі і Стоўбцы. Сёння гэтыя мерапрыемствы маюць адносна спакойны характар, абыходзяцца без сур’ёзных парушэнняў грамадскага парадку. Пракаменціраваць сітуацыю мы папрасілі начальніка Стаўбцоўскага РАУС Аляксандра Каратыша.

Аб затрыманнях

— Адразу хачу сказаць, што за час правядзення перадвыбарчай агітацыі, датэрміновага галасавання і ў асноўны дзень выбараў у раёне не было дапушчана парушэнняў грамадскага парадку. Што тычыцца масавых акцый, калі грамадзяне сабраліся ля будынка райвыканкама, на вуліцах Цэнтральнай і Ленінскай, то яны не былі санкцыянаваныя.

Паводзіны некаторых удзельнікаў гэтых мерапрыемстваў задакументаваны, у нас ёсць адпаведныя відэазапісы, якія даказваюць віну затрыманых. Найбольш актыўныя з іх правакавалі астатніх грамадзян, гучна выкрыквалі антыдзяржаўныя лозунгі і парушалі грамадскі спакой. Каб не дапусціць грубых парушэнняў парадку, якія маглі б пацягнуць прымяненне спецсродкаў, яны былі затрыманыя.

У ходзе затрыманняў работнікі міліцыі дзейнічалі ў рамках закона — фізічная сіла прымянялася выключна ў выглядзе прыёмаў самба па завядзенні рук за спіну з наступным надзяваннем наручнікаў. У асобных адзінкавых выпадках да асоб, якія аказалі непадпарадкаванне, прымяняліся спецыяльныя сродкі, пры гэтым значныя цялесныя пашкоджанні нанесены не былі. Пры прымяненні ўказаных сродкаў супрацоўнікі імкнуліся да прычынення найменшай шкоды.

Аб “жорсткасці” міліцыі

— І пры затрыманні, і падчас знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання ніхто з затрыманых не пацярпеў. Іх у рамках нагляду наведваў пракурор раёна. Выказванняў пра “беззаконне” стаўбцоўскай міліцыі не паступіла. Аднак цяпер, каб падаграваць пратэстныя настроі, некаторыя заклікаюць удзельнікаў мерапрыемстваў 9 і 10 жніўня звяртацца ў бальніцы і скардзіцца на пабоі з боку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

На даны момант ад грамадзян паступіла пяць пісьмовых зваротаў па фактах нанясення супрацоўнікамі міліцыі цялесных пашкоджанняў. Па ўсіх

матэрыялах, якія паступілі, праводзіцца праверка, пасля якой можна будзе рабіць высновы аб віноўнасці ці невіноўнасці супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Аб лёсе затрыманых

— З непаўналетнімі ўдзельнікамі пратэстных акцый былі праведзены прафілактычныя гутаркі, пасля чаго іх перадалі бацькам. Некаторыя затрыманыя атрымалі адміністрацыйны арышт ад 9 да 15 сутак у залежнасці ад цяжкасці ўчыненага. Па ўзгадненні з судом і пракуратурай 14 жніўня адміністрацыйныя арышты былі прыпыненыя, і людзі вярнуліся дадому. У большасці з іх не было крымінальнага мінулага, і мы спадзяёмся, што ў далейшым яны будуць паводзіць сябе законапаслухмяна (аб гэтым яны пакінулі ў міліцыі свой подпіс). За ўчыненне масавых беспарадкаў прадугледжана крымінальная адказнасць з рэальным пазбаўленнем волі.

Аб правакацыях

— 15 жніўня я асабіста сустракаўся з удзельнікамі масавых мерапрыемстваў на вуліцы Цэнтральнай у Стоўбцах, адказаў на іх пытанні. Грамадзяне ў чарговы раз былі папярэджаны аб тым, што акцыі павінны быць мірнымі, без супрацьзаконных выкрыкаў і адміністрацыйных правапарушэнняў.

Міліцыя працягвае праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы, каб прадухіліць магчымыя правакацыі. Безумоўна, і самім удзельнікам шэсцяў трэба думаць, куды яны накіроўваюцца, да чаго іх заклікаюць. Бо, да прыкладу, масавае шэсце ў РАУС, дзе захоўваецца зброя, можа быць расцэнена як спроба захопу будынка з усімі выцякаючымі наступствамі.

Аб мірных акцыях

— Дэмакратыя — гэта ўменне паважаць меркаванне іншых. Мы ўсе выступаем за парадак і спакой у сваім горадзе, нясем за яго адказнасць. У такім выпадку навошта псаваць агульную маёмасць: размалёўваць кіёскі, аўтобусныя прыпынкі, лаўкі ў парках, сцены дамоў, агароджы?.. Пры гэтым наносіцца шкода кожнаму з жыхароў раёна, незалежна ад яго палітычных поглядаў.

ДАІ дапамагае падчас масавых акцый арганізоўваць дарожную бяспеку. Але хачу звярнуцца да вадзіцеляў, якія далучаюцца да яе гукавымі сігналамі. Падобнымі паводзінамі парушаецца спакой грамадзян, якія жывуць у суседніх дамах. Да нас паступае шмат скаргаў ад жыхароў горада на гучныя аўтамабільныя сігналы. Не перашкаджайце нармальнаму жыццю іншых!

Акрамя таго, у сувязі з масавымі акцыямі многія супрацоўнікі міліцыі задзейнічаны менавіта на ахове грамадскага парадку, таму не заўсёды ёсць магчымасць аператыўна адрэагаваць на іншыя паведамленні — здарэнні ў садаводчых таварыствах або на дарогах раёна. Памятайце пра гэта.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *