У Стоўбцах прайшла сустрэча за круглым сталом кіраўніцтва раёна і ўдзельнікаў акцый

Афіцыйна Главное

Асноўны пасыл сустрэчы, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі грамадскасці, бізнесу, адукацыі, духавенства, журналісты, – у наладжванні канструктыўнага дыялогу, сумеснай рабоце на карысць жыхароў Стаўбцоўшчыны. Абмяркоўвалася шырокае кола пытанняў – ад палітычных да надзённых.

– Работы ў нас сапраўды шмат. Гэта будаўніцтва новай школы, добраўпарадкаванне Стоўбцаў і многае іншае, – удакладніў ва ўступным слове старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень і зазначыў: – Выбары ў нашай рэспубліцы прайшлі легітымна, згодна з заканадаўствам. Кожны аддаў свой голас, і я з павагай стаўлюся да вашага выбару. Сёння запатрабаваны ідэі, у тым ліку ад апанентаў дзеючай улады, якія дапамогуць зрабіць наш горад яшчэ больш камфортным і прывабным для жыцця. У вас мы бачым патэнцыял для канструктыўнага супрацоўніцтва, – звярнуўся да запрошаных кіраўнік раёна.

Сапраўды, усе прысутныя канстатавалі, што любяць наш агульны дом – Беларусь, любяць родны горад – Стоўбцы, дзе ім жыць далей, і што яны не жадаюць эскалацыі канфлікту і насілля. Абодва бакі, не зважаючы на ідэйныя разыходжанні і вастрыню тэм, на якія сёння ёсць запыт у грамадстве, шукалі ў першую чаргу рацыянальнае зерне, кампраміс. У размове, у прыватнасці, закраналіся нюансы падліку галасоў, гучала абурэнне адносна «хапуна» на вуліцах горада ў паслявыбарчыя дні, хоць, як прызналі самі ўдзельнікі мірных акцый, супрацоўнікі Стаўбцоўскага РАУС дзейнічалі ў рамках заканадаўства, і ніхто з затрыманых не атрымаў цялесных пашкоджанняў.

Наконт брутальных затрыманняў выказаў сваё меркаванне пракурор раёна Сяргей Грыцук: «Гэтыя дзеянні мы не адабраем і робім усё магчымае, каб разабрацца ў кожным канкрэтным выпадку. Ад грамадзян паступіла пяць заяў адносна нанясення цялесных пашкоджанняў супрацоўнікамі міліцыі. Прызначана судова-медыцынская экспертыза, будзе дадзена прававая ацэнка».

Начальнік райаддзела міліцыі Аляксандр Каратыш, адказваючы на пытанні, спаслаўся на тое, што была выбрана тактыка найменшай шкоды, але прымяняць фізічную сілу прыйшлося да раней судзімых грамадзян, якія аказалі непадпарадкаванне. За магчымыя «перагібы» сваіх калег у гэтай нестандартнай сітуацыі Аляксандр Каратыш папрасіў прабачэння і выказаў пажаданне, каб далейшы шлях не суправаджаўся гвалтоўнымі дзеяннямі, быў прававым і цывілізаваным.

Яшчэ адна вострая тэма падчас дыскусіі – забастоўкі на прадпрыемствах. «Тое, што філіял маторнага завода далучыўся да ліку бастуючых, – гэта фэйк, – абвергнуў інфармацыю, якая з’явілася ў інтэрнэце, Дзяніс Колясень. – У раёне ўсе прадпрыемствы працягваюць працаваць. Мы ўдзячны людзям за разуменне таго, што нельга спыняць вытворчасці. Перамены ў наша грамадства прыйдуць іншым шляхам – праз змены ў Канстытуцыю і правядзенне рэформ», – падкрэсліў старшыня райвыканкама.

Удзельнікі дыялогу вылучылі патрабаванні да раённых улад, сярод якіх – забеспячэнне доступу да вынікаў выбараў на ўчастках для галасавання на тэрыторыі раёна. Яны таксама запрасілі Дзяніса Колясеня на вуліцу Цэнтральную, – выслухаць удзельнікаў масавых вулічных акцый, а заадно разгледзець варыянт праходжання гэтых акцый на стадыёне «Юнацтва», што дало б магчымасць не дастаўляць нікому перашкод. Прадстаўнік грамадскасці Мікалай Лысянкоў выказаў задаволенасць тым, што іх пачулі і што ў абодвух бакоў ёсць імкненне да дыялогу.

Дзеля аб’ектыўнасці неабходна сказаць, што ўдзельнікі дыялогу ўзнімалі не толькі палітычныя пытанні. У прыватнасці, была акцэнтавана ўвага на неабходнасці арганізацыі падвозу ў школу дзяцей з мікрараёна Паўночны, адзначаны недахоп тэхнічных сродкаў для навучання ў СШ № 3 г. Стоўбцы, дэфіцыт урачоў у Стаўбцоўскай ЦРБ.

– Будзем вырашаць гэтыя і іншыя надзённыя пытанні, якія пастаянна паступаюць ад жыхароў Стаўбцоўшчыны ў ходзе прамых тэлефонных ліній, прыёмаў грамадзян, сустрэч у калектывах, – рэзюміраваў старшыня райвыканкама. Ён падзякаваў жыхарам раёна за мірны характар вулічных акцый, без парушэнняў грамадскага парадку, чым чарговы раз пацвярджаецца талерантнасць нашага народа.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



1 комментарий по теме “У Стоўбцах прайшла сустрэча за круглым сталом кіраўніцтва раёна і ўдзельнікаў акцый

  1. «нюансы падліку галасоў»
    Цырк на дроце. Палову сустрэчы прысутныя гаварылі пра фальсіфікацы выбараў, а вы ўзгадалі пра нейкія нюансы? Вам не сорамна?

    Рейтинг комментария:Vote +1+4Vote -1-1

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *