Смак нашых напаўняльнікаў – для ёгуртаў

Нумары У перапрацоўшчыкаў

image_pdfimage_print

На стаўбцоўскім філіяле ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» прайшла рэспубліканская нарада з удзелам кіраўніцтва канцэрна «Белдзяржхарчпрам», Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання рэспублікі. Наш філіял наведалі дырэктары, галоўныя тэхнолагі малочных і хлебабулачных прадпрыемстваў рэспублікі, адным словам, патэнцыяльныя спажыўцы новай прадукцыі філіяла –  фруктовых напаўняльнікаў.

Напаўняльнікі неабходны для вытворчасці ёгуртаў і іншых дэсертаў з малака, выпечкі пірагоў і іншых белабулачных, кандытарскіх прысмакаў.

Лідар айчыннай харчовай прамысловасці – Гарадзейскі цукровы камбінат – пасля далучэння былога Стаўбцоўскага садавіна-агародніннага завода ўзяўся рэалізаваць гэты імпартазамяшчальны праект па выпуску фруктовых напаўняльнікаў (першы падобны праект у нашай рэспубліцы). На даны момант на завяршальнай стадыі знаходзіцца  мантаж сучаснага абсталявання і наладжаны пробны выпуск прадукцыі.

Нарада пачалася са знаёмства з вытворчасцю і дэгустацыі таго, што выпускаецца стаўбцоўскім філіялам. Багаты асартымент сокаў і нектараў, павідла, начынкі, канфіцюры і т. п. Самае важнае – уся прадукцыя запатрабаваная айчынным і расійскім спажыўцамі, у зручнай сучаснай упакоўцы.  Яе выдатную  якасць забяспечваюць новыя тэхналогіі, у прыватнасці, лінія асептычнага разліву, якая фактычна выключае доступ кіслароду і ўмяшанне ў тэхналагічны працэс чалавека. Немалаважна ў плане якасці (і, безумоўна, канкурэнтаздольнасці на рынку) і тое, што прадпрыемства імкнецца стварыць уласную сыравінную базу. Вялікія плошчы заняты гародніннымі культурамі, яблыневым садам. Такім чынам, вытворчы працэс поўнасцю адпавядае прынцыпу   «поле – магазін».

Што датычыць напаўняльнікаў, то стаўбцоўскія перапрацоўшчыкі гатовы выпускаць іх за год тры тысячы тон пры двухзменным рэжыме работы і, адпаведна, 4,5 тысячы тон –  пры трохзменным. Прадукт будзе натуральным, без хімічных інгрэдыентаў. У працэсе семінара ён быў прапанаваны ў першую чаргу вядомаму ААТ «Савушкін прадукт» , на долю якога сёння прыходзіцца да 80 працэнтаў выпушчаных у рэспубліцы ёгуртаў. Вядома, што вытворцы закупляюць у год больш за тры тысячы тон напаўняльнікаў за мяжой.

З гэтым прадпрыемствам ужо зроблены першыя крокі да супрацоўніцтва:  спецыялісты стаўбцоўскага філіяла некалькі разоў вазілі ў Брэст свае «пробнікі» з натуральных ягад. Ідзе дапрацоўка іх па смаку, паху і іншых параметрах, таму што ўзровень брэнда «Савушкін» – гэта сапраўды эталон, надзвычай аўтарытэтная заяўка.

Пры тым, што менавіта дырэктар ААТ «Савушкін прадукт» Аляксандр Саўчыц у свой час выступіў ініцыятарам будаўніцтва ў рэспубліцы завода па выпуску напаўняльнікаў, відавочна, што яшчэ прадстаіць вялікі аб’ём работы, каб адаптаваць, дапасаваць нашы напаўняльнікі да «іхніх» ёгуртаў. Як падкрэсліў і дырэктар стаўбцоўскага філіяла Сяргей Прасмыцкі, гэтая работа ўяўляе творчы працэс, на які патрэбен час. «Але ў нас ёсць гатоўнасць ствараць прадукцыю пад вашы заяўкі, пад ваш смак», – звярнуўся да сваіх калегаў Сяргей Прасмыцкі.

Акрамя «Савушкіна прадукта», філіялам наладжваецца супрацоўніцтва з гродзенскім «Молочным миром», магілёўскай «Бабушкиной крынкой», мінскімі малочнымі заводамі. Апошнія зрабілі заказ на невялікую партыю напаўняльнікаў з чарніц і клубніц. Гэта для таго каб паглядзець, як практычна яны спалучацца з прадукцыяй, як адрэагуе на навінку абсталяванне і – немалаважна – што скажа пакупнік.  

Падчас гэтага знаёмства, якое можна назваць своеасаблівымі «агледзінамі» прадпрыемства, была звернута ўвага на тры асноўныя кампаненты дзяржаўнай палітыкі: скарачэнне ў краіне імпарту да 15 працэнтаў, харчовую бяспеку і здароўе нашых грамадзян.

Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Седзін падзяліўся ўражаннямі ад наведвання стаўбцоўскага філіяла:

 – У свой час, з 1975 года па 1985 год, мне давялося працаваць у Стоўбцах. Я добра памятаю былы садавіна-агароднінны завод. Ён мне здаваўся такім захалусным месцам. Але тое, што я ўбачыў сёння, – прыемна ўразіла. Тут прысутнічае сучасная тэхналогія, высокая культура вытворчасці, выпускаецца высакаякасная прадукцыя. У гэтую вытворчасць дзяржава ўклала салідныя сродкі, павінна быць і аддача ад іх. 

Як  стаўбцоўскаму філіялу пабудаваць работу на перспектыву? Рэцэпт  наступны: працаваць неабходна з усімі, але будзе  вызначана некалькі базавых прадпрыемстваў з ліку лепшых вытворцаў малочнай галіны. Мяркуецца, што наладжаны актыўны абмен паспрыяе хутчэйшай «абкатцы» новых, айчынных, напаўняльнікаў і што менавіта такі, кропкавы, падыход дазволіць вывесці новую прадукцыю ў лідары.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *