Фантан на бульбяных палетках

Нумары Ураджай-2014

image_pdfimage_print

Пад’язджаючыда бульбяных палеткаў СФГ «Сула», убачылі як у самай іх сярэдзіне біў уверх вадзяны фантан. Прычым вада адначасова распылялася вакол на некалькі дзясяткаў метраў. Як высветлілася, на полі працавала палівачная машына. Фермер Уладзімір Радзевіч набыў яе яшчэ летась і правёў паліў бульбы   на некалькіх гектарах.

– У выніку атрымалі  з кожнага гектара на 11 тон клубняў больш, чым на астатніх, таму сёлета паліваем расліны на 40 гектарах, – патлумачыў Уладзімір Уладзіміравіч. –  І менавіта сярэдняспелы сорт «гала», які будзем  убіраць у сярэдзіне  жніўня. І больш позні «румба». У перспектыве набыць яшчэ дзве такія ж устаноўкі і дадаткова – трубы і праводзіць паліў на ўсёй пасадачнай плошчы. Зразумела, акрамя насенных участкаў. Але ўсё ў канчатковым выпадку будзе залежаць ад севазвароту.

Як вядома, павелічэнне ураджайнасці бульбы з’яўляецца неабходнай умовай павышэння рэнтабельнасці вырошчвання гэтай культуры. І найбольш эфектыўным рашэннем з’яўляецца менавіта паліў. Па полі фермера зараз пракладзена паўтара кіламетра поліэтыленавых труб, якія цягнуцца да ракі, дзе стаіць помпавая ўстаноўка. Усё абсталяванне цэлы дзень працуе самастойна, бо на машыне ўстаноўлена аўтаматыка. Распыльвальнік раніцаю дастаўляюць на другі край поля і да вечара, рухаючыся з хуткасцю 39 метраў за гадзіну, машына палівае ўчастак даўжынёю 460 метраў і шырынёю да 80 метраў. 

– Дажджы, якія праходзілі ў раёне, абміналі нашы бульбяныя палеткі, таму паліваць прыходзіцца пастаянна, каб забяспечыць бульбе камфортныя ўмовы развіцця, – дадае Уладзімір Уладзіміравіч. – Для нармальнага фарміравання клубняў неабходна, каб за месяц на адзін квадратны метр выпадала да 60 міліметраў ападкаў. Мы нават крыху перасягнулі гэтую лічбу. Дарэчы, за суткі ўносім на гектар да 200 тон вады.

Фермер падкапаў адзін з кустоў і застаўся задаволеным, калі налічыў сямнаццаць бульбін пад ім рознай велічыні  – разлікі  на ўраджай  неблагія. Падкрэсліўшы пры гэтым, што на астатняй плошчы, дзе бульба не паліваецца, такой ўраджайнасці сёлета не атрымаюць. Да ўборкі данага сорту цэлы месяц і расліны пальюць яшчэ, як мінімум, два разы.

– Паліў дазваляе пазбегнуць высокай рызыкі, якая звязана з нестабільным надвор’ем, – працягвае гаворку Уладзімір Радзевіч. –  Грошы ўкладваюцца ў вырошчванне бульбы вялікія і апраўдаць затраты можна толькі прымяняючы прагрэсіўныя тэхналогіі. Фермеры ў Еўропе паліваюць бульбу на 80 працэнтах плошчаў і атрымліваюць стабільна высокія ўраджаі. Нават калі накапаем  з гектара на пяць  тон бульбы больш, то ўсёроўна застануся ў выйгрышы. Бо падлічыў, што для таго, каб акупіць затраты на паліў, а гэта паліва, якое спажывае помпа, мне неабходна прадаваць з гектара 700 кілаграмаў бульбы.

Калі раслінам дастаткова вільгаці, то і развіваюцца яны лепш. Да таго ж, якасць клубняў высокая. А таварны выгляд адыгрывае вялікую ролю пры рэалізацыі прадукцыі. У гэтым фермер упэўніўся на практыцы.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *