У Стоўбцах завяршаюцца пусканаладачныя работы на новай кацельні на мясцовых відах паліва магутнасцю 24 МВт. Работнікамі ВУ «Стоўбцыгаз» днямі была зроблена ўрэзка ў магістральны газаправод для забеспячэння работы на новай кацельні рэзервовых катлоў.

– Работы выконваліся згодна са спецыяльным нарадам і планам, з выкарыстаннем спецыяльнага прыстасавання для халоднай урэзкі, што дало магчымасць не адключаць спажыўцоў дзеючага газаправода, – падкрэслівае майстар рамонтна-аднаўленчых работ і ўрэзак ВУ «Стоўбцыгаз» Сяргей Палоннік.

Дзеючы газаправод, дыяметр якога складае 377 мм, мае стратэгічнае значэнне: па ім прыродны газ паступае ў філіял маторнага завода, у мікрараён Усходні і мікрараён, які размешчаны за чыгункай.
На ўрэзцы былі задзейнічаны электрагазазваршчык Аляксей Рудзько, слесары Дзмітрый Чыневіч, Руслан Глоба і Сяргей Кізевіч.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара