Yes – міжнароднаму супрацоўніцтву паміж школамі

Адукацыя Главное

Наталля Наркевіч прайшла замежную стажыроўку, каб на ўроках далучаць сваіх вучняў да супрацоўніцтва са школамі свету

Прафесія педагога патрабуе пастаяннага развіцця і самаўдасканалення. Настаўніку важна не замыкацца на ўласным вопыце, а шукаць натхненне ў працы іншых прафесіяналаў і трансліраваць свой паспяховы вопыт настаўніцкай супольнасці. Нягледзячы на працэсы глабалізацыі і інфарматызацыі грамадства, магчымасць міжнароднага ўзаемадзеяння з’яўляецца актуальным пытаннем для тых, хто вывучае замежную мову ў сярэдняй школе. Нярэдка для саміх настаўнікаў пошук школ-партнёраў аказваецца задачай з мноствам невядомых.

Хачу падзяліцца сваім паспяховым вопытам удзелу ў міжнароднай супольнасці настаўнікаў, якое адкрыла для мяне і маіх вучняў шырокія магчымасці супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння са школамі з 27 краін свету. Менавіта столькі ўдзельнікаў было ў маёй групе ва Універсітэце Арканзаса, дзе я прайшла інтэнсіўную шасцітыднёвую прафесійную стажыроўку ў студзені – сакавіку 2020 года.

Праграма Fulbright TEA накіравана на пабудову доўгатэрміновых узаемаадносін, якія будуць спрыяць супрацоўніцтву і ўзаемаразуменню паміж педагогамі і вучнямі ЗША і іншых краін. У працэсе стажыроўкі ва ўніверсітэце мы прайшлі спецыялізаваны курс па методыцы выкладання англійскай мовы, інфармацыйных тэхналогіях, а таксама практыку ў амерыканскай сярэдняй школе. У канцы стажыроўкі для нас быў арганізаваны абмен вопытам у Вашынгтоне, у рамках якога на працягу трох дзён мы і нашы выкладчыкі праводзілі майстар-класы, прэзентацыі і стэндавую абарону свайго вопыту.

Нашы выкладчыкі вучылі нас прымяняць інтэрактыўныя і інфармацыйныя тэхналогіі, крытычнае мысленне, перавернутае і дыстанцыйнае навучанне, дэманструючы перадавыя практыкі на ўласным прыкладзе і заахвочваючы да гэтага нас. Атрыманыя навыкі як ніколі запатрабаваныя цяпер, калі адбываецца перабудова нацыянальных сістэм адукацыі ў анлайн-фармаце ва ўмовах новых глабальных выклікаў.

Не менш важным аспектам было знаёмства з людзьмі, культурай і жыццём ЗША. Жылі ўдзельнікі праграмы ў камфартабельных нумарах мясцовага гатэля і абавязкова з калегам з іншага кантынента. Напрыклад, маёй суседкай была настаўніца англійскай мовы з Гватэмалы, што дало магчымасць з першых вуснаў даведацца пра традыцыі і культуру гэтага народа. Яшчэ адным абавязковым элементам праграмы было наведванне сваіх патранатных амерыканскіх сем’яў, дзе мы маглі пазнаёміцца з іх бытам, адчуць гасціннасць і папрактыкавацца ў амерыканскай англійскай мове. Гэтая праграма абудзіла цікавасць да іншых культур і ў той жа час выклікала пачуццё павагі і гонару за нашу краіну.

Персанальныя кантакты, вывучэнне дзейнасці адзін аднаго падчас стажыроўкі, праца ў групах і рэалізацыя сумесных праектаў у рамках праграмы дазволілі знайсці надзейных партнёраў для міжнароднага супрацоўніцтва. Галоўным вынікам маёй паездкі з’яўляюцца не атрыманыя дыпломы і сертыфікаты, а фарміраванне групы настаўнікаў з Непала, Кыргызстана, Беларусі, Малайзіі, Украіны і Перу, якая будзе ажыццяўляць анлайн-праекты паміж нашымі школамі. Пры гэтым кожны настаўнік мае ўласны ўнікальны вопыт, што дазваляе нашай групе расці і развівацца.

Неад’емным складальнікам маёй практыкі ў амерыканскай школе стала прэзентацыя Беларусі і правядзенне ўрокаў у амерыканскіх падлеткаў. Пра існаванне Беларусі вучні Geоrge Jr High School да сустрэчы са мной нават не падазравалі. Са здзіўленнем яны даведваліся, што сусветна вядомая праграма Viber і гульня The World of Tanks створаны беларускімі праграмістамі, а шматлікія дзеячы, навукоўцы і акцёры Галівуда маюць карані ў Беларусі. Гэтыя вучні выказваліся, што ім было б цікава  наведаць Беларусь і ўбачыць усё на свае вочы.

Калі ў мяне пытаюцца, што больш за ўсё спадабалася ў гэтай паездцы, нязменна адказваю: людзі. Удзячная ім усім! Дэвізам нашай каманды ў Арканзасе сталі словы доктара Бергман-Ланьер: «It’s not good, it’s not bad, it’s just different». Яны падкрэсліваюць важнасць адкрытага розуму і сэрца пры пазнанні іншых культур, разуменне таго, што пры ўсіх знешніх адрозненнях мы такія падобныя і здольныя многага дамагчыся разам на карысць нашых вучняў і нашых нацый.

Наталля НАРКЕВІЧ, настаўніца англійскай мовы ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Стоўбцы»



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *