Эканамічнае выхаванне дашкольнікаў

Адукацыя Важное

Дзеці вучацца эканоміць падчас гульні ў магазін

Пачуўшы пра эканамічнае выхаванне дашкольнікаў, многія не разумеюць, навошта прыспешваць час. Маўляў, наперадзе – школа, там усяму і навучаць. Нават спалучэнне «дашкольнік і эканоміка» выклікае ў многіх дарослых відавочнае здзіўленне.

Але дзеці дашкольнага ўзросту вельмі ўспрымальныя, таму ў дарослых (педагогаў і бацькоў) ёсць унікальная магчымасць для выпрацоўкі ў дзяцей правільных звычак, фарміравання патрэбы быць эканомнымі і ашчаднымі, клапаціцца пра навакольны свет. З дапамогай эканомікі закранаюцца ключавыя ў даным выпадку пытанні:  адкуль паступаюць сродкі (неабавязкова грошы) і як імі распарадзіцца.

Калектыў дзіцячага сада лічыць, што для фарміравання эканамічнай культуры ў дашкольнікаў неабходны сістэматычная работа ў розных відах дзейнасці, супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне дашкольнай установы з сям’ёй. Уся праца ва ўстанове вядзецца па трох напрамках: педагогі, выхаванцы, бацькі.

Каб навучыць іншых, трэба ведаць самому. Свой прафесійны ўзровень педагогі павышалі з дапамогай самаадукацыі, удзелу ў рабоце семінара-практыкума «Эканамічнае выхаванне дзяцей». Актуальнымі і запатрабаванымі былі кансультацыі «Казкі ў эканамічным выхаванні», «Выкарыстанне на занятках прыказак з элементамі эканамічных ведаў», дзелавая гульня «Краіна казачных багаццяў», экашоу на тэму энергаэфектыўнасці. Афармлялі памяткі для супрацоўнікаў, праводзілі анкетаванне «Эканамічнае выхаванне», рэйды «эканамічнага патруля». На працягу навучальнага года працавала «Школа Берагошы» для педагогаў. Выхавальнікамі сярэдняй і старэйшых груп быў распрацаваны цыкл канспектаў «Урокі Берагошы».

Працэс пазнання эканомікі і фарміравання патрэбы ў эканоміі і беражлівасці нельга назваць простым для дашкольнікаў. Наша задача – не толькі даць пэўны аб’ём ведаў па даным пытанні, але, што вельмі важна, навучыць правільна імі распараджацца. Гэта магчыма зрабіць з дапамогай сумесных гульняў, этычных гутарак, экскурсій, віктарын, абмеркавання любімых мультфільмаў і казак. У нашай працы з дзецьмі па фарміраванні эканамічнай культуры заняткі ахоплівалі наступныя тэмы: «Прырода і чалавек», «Электрычнасць», «Вада», «Цяпло», «Чалавек і прыродныя рэсурсы». Асабліва спадабалася дзецям тэма «Электрычнасць».

З выхаванцамі старэйшай групы праходзілі заняткі, сюжэтна-ролевыя гульні, вопыты: «Вучым дзяцей берагчы электраэнергію», «Знаёмімся з электрычнасцю», «Дзіўная сустрэча з Электрончыкам», «Прыгоды лямпачкі», «Што такое энергія?», «Як атрымаць энергію?», «Жыў-быў грузавічок», «Адкуль да нас прыходзіць электрычнасць», «Салон-магазін «Бытавая тэхніка», «Святло, газ, ваду беражом – выдатна жывём».

Не менш важнай умовай фарміравання ў дзяцей патрэбы ў эканоміі і беражлівасці з’яўляецца цесная ўзаемасувязь педагога з бацькамі, што патрабуе ад выхавальніка асаблівага такту, увагі і чуласці да кожнага дзіцяці і яго бацькоў. Галоўным было ўцягнуць дарослых у адукацыйны працэс, разнастаіць формы ўзаемадзеяння з імі, каб абудзіць цікавасць да праблемы, актывізаваць удзел саміх бацькоў у мерапрыемствах.

Мы прапанавалі ім анкетаванне «Эканамічнае выхаванне дзяцей», кансультацыю «Выхаванне разумных патрэб», памяткі «Парады ад гноміка – эканоміка», «Рацыянальнае асвятленне кватэры» і інш. Запрасілі іх на тэматычны бацькоўскі сход «Мама, тата, я – энергазберагальная сям’я». У нас прайшоў конкурс сумесных работ дзяцей і бацькоў «Вырабы з непрыдатнага матэрыялу». У бацькоўскіх кутках мы размясцілі карткі з займальнымі гульнямі і заданнямі па тэмах, прыказкамі і прымаўкамі аб працы. Бацькам прапанавалі спіс казак для дзяцей з эканамічным падтэкстам, вызначылі пытанні для абмеркавання зместу казкі.

Атрыманы намі вопыт сведчыць, што фарміраванне ў дзяцей патрэбы ў эканоміі і ашчаднасці – складаны і працаёмкі працэс, які патрабуе сістэматычных і мэтанакіраваных намаганняў, актыўнага далучэння бацькоў. Менавіта такі падыход дае магчымасць данесці да кожнага дзіцяці складаныя паняцці «эканомія», «беражлівасць» і інш., далучыць іх да каштоўнасцяў маральна-эканамічнай культуры.

Наталля СПІРЫДОНАВА, выхавальніца дашкольнай адукацыі ДУА «Яслі-сад № 7 г. Стоўбцы»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *