У сямейным жыцці не абыходзіцца без знамянальных дат. Яны з’яўляюцца своеасаблівым пацвярджэннем моцных сужэнскіх адносін і адказнага стаўлення да бацькоўства.
Пад пакровам святых
У Аляксандра і Ірыны Цярэняў пасля вяселля прайшло дзесяць гадоў. Рэгістрацыю свайго шлюбу яны праводзілі не ў ЗАГСе, а на выездзе, у рэстаране, і фактычна былі першапраходцамі на Стаўбцоўшчыне ў гэтай новай на той час з’яве. Вяселле ладзілі ў духу народнай абрадавай традыцыі. Вянчаліся ў дзень святых Пятра і Фяўроніі.
І на фотасесію маладыя не паехалі далёка – на радзіме Якуба Коласа ў іх атрымаліся дзіўныя здымкі. «Фоткаліся» ля калыскі, у якой нарадзіўся пясняр, і, як жартуе Аляксандр, цяпер бачны вынік – «накалыхалі» чацвярых дзяцей.
Каралеўскія двайняты
Можна парадавацца вынікам першага дзесяцігоддзя сумеснага жыцця Цярэняў. У пачатку бягучага года ў іх нарадзіліся адразу двое дзетак, і сям’я стала шматдзетнай. «У нас каралеўскія двайняты – дзяўчынка і хлопчык», – заўважае Ірына. Нараджэнне двайнят у сям’і не з’яўлялася нечаканасцю. У бабулі па лініі Аляксандра былі дзве двойні запар.
Старэйшыя дзеці, васьмігадовы Андрэй і пяцігадовая Анюта, чакалі з’яўлення браціка і сястрычкі. Яны з радасцю забаўляюць Мішу і Машу, па-даросламу носяць іх на руках. Неўзабаве гэтых матуліных памочнікаў чакаюць школа і дзіцячы сад, гурткі, заняткі па інтарэсах…
– Дзяцей аддаём усюды, куды яны жадаюць. Няхай развіваюцца, – такая пазіцыя ў гэтых бацькоў.
– А хто іграе на піяніна? – цікаўлюся пра інструмент у прасторнай кухні. Аказваецца, матуля. Захацела рэалізаваць сваю мару дзяцінства і ва ўзросце 30+ таксама пайшла вучыцца.
– Дзеці ў нас растуць самастойнымі, – не хаваюць радасці бацькі. Анюта танцуе ў харэаграфічным калектыве «Лявоначкі». Андрэй удзельнічаў у матэматычным конкурсе «Кенгуру», заняў другое месца, у новым навучальным годзе адмыслова пойдзе ў шахматны гурток. Хлопчык, дарэчы, ужо выбраў для сябе будучую прафесію – хоча стаць праграмістам.
– Здольнасці да дакладных навук перадаліся сыну ад дзядулі, які жыве ў Рочавічах, – упэўнены Ірына і Аляксандр і працягваюць тэму: – Нашы дзеці багатыя на бабуль і дзядуль.
Кожнаму дамачадцу – свой пакой
Ядвіга Уласік, бабуля са Стоўбцаў, са з’яўленнем двайнят афіцыйна аформілася нянечкай. Такую магчымасць дае ў падобных выпадках дзяржава. Як і афармленне сямейнага капіталу. Акрамя таго, істотная дзяржаўная падтрымка заключаецца ў пагашэнні крэдыту, які сям’я Цярэняў у свой час брала на будаўніцтва дома.
– Як пажаніліся, узялі зямельны ўчастак у мікрараёне Усходні ў Стоўбцах, – прыгадваюць муж і жонка.
Іх дом атрымаўся на два паверхі, з тэрасай і вялікімі вокнамі. «Паводле польскага праекта, але будавалі сваімі сіламі, – удакладняе Ірына. – Нам вельмі дапамог мой бацька, прафесійны будаўнік, – і парадай, і рукамі».
Калі маладая сям’я пачала ўзводзіць дом, сябры і знаёмыя не разумелі: навошта такія «харомы»?
– Цяпер, калі нарадзіліся Міша і Маша, усім стала зразумела, што мы недарэмна будавалі вялікі дом, – з усмешкай пераглядаюцца Ірына і Аляксандр.
Іх Анюта ў гэты час бярэ за руку і гатова весці ў свой пакой, паказваць цацкі. У дамачадцаў ёсць і жывыя любімцы: у Анюты – чарапаха, у Андрэя – кот, у матулі – рыбка, а ў таты – куры, якія нясуць яйкі.
Утульны дом Цярэняў, напоўнены дзіцячымі галасамі і аздоблены, між іншым, з дызайнерскай ініцыятывай Ірыны, можна лічыць сямейным дасягненнем. Ля дома яшчэ шмат работы, звязанай з добраўпарадкаваннем, але вакол яго і далей, у суседняй лесапаласе, – раскошная зялёная зона. Дзецям на гэтай вуліцы – раздолле. «Плануем разам з іншымі бацькамі зрабіць валейбольную пляцоўку», – дзеліцца планамі Аляксандр.
Міліцэйская сям’я
Абое бацькоў у сям’і Цярэняў працуюць у райаддзеле міліцыі.
Аляксандр прыйшоў у 2009 годзе пасля Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь (ён выпускнік юрыдычнага класа СШ 2 г. Стоўбцы, цяпер у гэтай школе навучаецца яго старэйшы сын). Працаваў оперупаўнаважаным аддзялення крымінальнага вышуку, а з 2017 года назначаны начальнікам аддзялення па грамадзянстве і міграцыі.
Ірыну запрасілі ў райаддзел міліцыі на вакантную пасаду загадчыка групы рэжымна-сакрэтнай дзейнасці адносна нядаўна. У яе акрамя дзвюх вышэйшых адукацый (педагагічнай і юрыдычнай) ёсць і вопыт работы па абедзвюх.
Сімвалічна, але муж і жонка пазнаёміліся таксама ў райаддзеле міліцыі. Тадышні курсант Аляксандр Цярэня праходзіў практыку і выклікаў Ірыну, сведку па адной з крымінальных спраў…
– Сёлета спаўняецца 100 гадоў службам, у якіх мы з Сашам працуем, – заўважае матуля-«дэкрэтніца». Яна і ў гэты дамашні перыяд свайго жыцця імкнецца не губляць сувязі з райаддзелам.
Татавы блінчыкі
– Няпроста быць матуляй чацвярых дзяцей? – цікавімся ў Ірыны.
– Трэба настройваць сябе і не шкадаваць. Мне, да прыкладу, шмат дапамагае муж. Ён у нас і з каляскай выходзіць на прагулкі…
Вызвалены час Ірына праводзіць на кухні. Яна любіць падаць страву прыгожа, незвычайна. У нядзельны дзень Аляксандр дае жонцы даўжэй паспаць і рыхтуе свой фірменны сняданак – тоненькія блінчыкі (гэтаму навучыла яго матуля-повар).
Шматдзетная маці знаходзіць час і на занятак для душы – алмазную вышыўку. Сваю першую ікону Маці Божай Ірына зрабіла з шасці тысяч стразаў. Своеасаблівая выстаўка яе работ атрымалася падчас свята вёскі Рочавічы, калі гасцявалі ў бацькоў.
…За вячэраю збіраецца ўся сям’я Цярэняў. І так дружна, добра ім разам. Бацькі слухаюць дзяцей, цікавяцца іх думкамі.
– Стол у нас рассоўны – месца хопіць для шасцярых, – заглядвае ў будучае шматдзетны бацька. – А вось аўтамабіль неабходна мяняць – ужо не ўмяшчаемся ўсе.
Аляксандр спасылаецца на Указ № 140 Прэзідэнта, які дае права шматдзетным і іншым сем’ям увезці аўто ў краіну бяспошлінна.
Замест эпілогу
Шматдзетная сям’я Цярэняў жыве звычайнымі, як і ўсе нашы сем’і, клопатамі. Ім бывае матэрыяльна цяжка, а бывае – вельмі цяжка. Пры тым, што сям’я карыстаецца пэўнымі льготамі, бацькам трэба, каб забяспечыць дастатак, і самім «круціцца». У адносінах да выхавання дзяцей у іх, здаецца, няма цяжкасцяў, таму што больш дзяцей – больш любові.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара