Пачынаецца закуп самай масавай садавіны і гародніны – яблыкаў, морквы, капусты, цыбулі.
На даны момант на вытворчым канвееры стаіць багаты садавінны водар, ад якога хочацца глыбей удыхнуць паветра.
– Выпускаем са свежых яблыкаў і клубніц яблычна-клубнічны нектар з мякаццю. Разліваем яго ў зручную тару bag in box аб’ёмам 5 літраў, – тлумачыць начальнік вытворчасці Алена Жаўняркевіч. – Таксама выпускаем яблычны нектар з мякаццю і цукрам для дзіцячага харчавання. За змену выходзіць восем тысяч бутэлек. Прадукцыя будзе адгружацца на экспарт – у Расійскую Федэрацыю.

Летась на заводзе нарыхтавалі 1,5 тысячы тон яблыкаў. Колькі гэтай садавіны будзе назапашана ў сёлетні сезон, пакуль ніхто казаць не бярэцца.
– Усё будзе залежаць ад ураджаю і цэн на яблыкі, – зазначае в. а. дырэктара філіяла Вячаслаў Салей і звяртае ўвагу на тое, што лініі падрыхтаваны для перапрацоўкі данай садавіны ў вялікіх аб’ёмах, якія могуць перавышаць леташнія. У маі на заводзе прайшоў планава-прафілактычны рамонт для таго, каб падрыхтаваць абсталяванне да прыёму новага ўраджаю.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ,
фота аўтара