Інтэрактыў і блогінг у рабоце з бацькамі — папулярные формы ўзаемадзеяння ў цэнтры «Радуга»

Адукацыя Важное

Пры арганізацыі ўзаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў мы, з аднаго боку, імкнёмся захаваць усё лепшае і праверанае часам, а з другога – шукаем і ўкараняем новыя эфектыўныя формы работы.

Сярод традыцыйных форм узаемадзеяння найбольшай папулярнасцю карыстаюцца бацькоўскія сходы, а таксама ўдзел бацькоў у святах, конкурсах, выставах. З цікавасцю бацькі ўключаюцца ў правядзенне разнастайных акцый. Да прыкладу, у нашай установе адукацыi бацькі прынялі ўдзел у акцыях «Калі любіш – беражы!» і «Будзь прыкладам свайму дзіцяці!», накіраваных на папярэджванне дарожна-транспартных здарэнняў.

Як паказвае практыка, традыцыйныя формы работы з бацькамі, у якіх галоўнае месца адводзілася кансультацыям, выступленням, ужо страцілі сваё значэнне з-за недастатковай зваротнай сувязі. Мы прапанавалі бацькам нашых выхаванцаў паўдзельнічаць у сеткавай акцыі «Гісторыя Вялікай Перамогі ў лёсе маёй сям’і», падчас якой яны сумесна рыхтавалі відэаролік «Вялікай Перамозе прысвячаецца!» і відэавіншаванне «Самы лепшы тата».

У сучасных бацькоў не заўсёды ёсць час, каб прачытаць размешчаную ў бацькоўскім кутку кансультацыю, таму нам дапамагае блогінг. На павышэнне псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў накіраваны блог, які вядуць настаўнікі-дэфектолагі. У стадыі распрацоўкі – блог музычнага кіраўніка. Вельмі зручна прапаноўваць анлайн-анкеты, анлайн-рэгістрацыі.

Бацькі выкарыстоўваюць сетку Інтэрнэт у якасці крыніцы інфармацыі. А самай дакладнай крыніцай з’яўляецца афіцыйны сайт установы адукацыі. На яе старонках можна знайсці інфармацыю на розныя тэмы: «Хутка ў школу», «Урокі фінансавай граматнасці», «Вось яно якое, наша лета» , «Бяспечнае дзяцінства» і інш. На нашым сайце размешчаны анонс мерапрыемстваў.

Вядома, калі бацькі і дзеці сумесна працуюць над якой-небудзь справай, іх гэта збліжае, таму мы арганізоўваем сямейныя праекты. Адзін з такіх праектаў называўся «Наш сямейны дамашні гадаванец». Вялікую папулярнасць набыў абласны сацыяльны праект «Вясёлая прагулка разам», бо выхадныя – гэта свята, а выхадныя, праведзеныя з сям’ёй, – свята ўдвая.

Каб выхадныя сталі незабыўнымі, педагогі нашай дашкольнай установы распрацавалі маршруты выхаднога дня ў выглядзе інтэрактыўнага плаката. На ім  размешчаны рэлігійныя, прыродныя, культурныя, спартыўныя аб’екты роднага горада. Такім чынам, можна праглядзець фота аб’ектаў і пракласці маршрут. А каб прагулка з дзецьмі была пазнавальнай, стварылі электронную кнігу з рэкамендацыямі. Усе практычныя матэрыялы аформлены ў выглядзе актыўнага QR-кода.

Многія сем’і ўжо карысталіся інтэрактыўным плакатам і здзейснілі сваю вясёлую прагулку. З намі яны падзяліліся фотаздымкамі і пакінулі прыемныя водгукі ў нашай групе ў сацыяльных сетках. Хочацца сказаць словы ўдзячнасці бацькам выхаванцаў за супрацоўніцтва і падтрымку творчых задум.

Наталля НЕЙМІРАВЕЦ, намеснiк загадчыка ДУА «Дашкольны цэнтр развiцця дзiцяцi «Радуга» г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *