Не дапусціць правапарушэнняў за рулём

Ахова правапарадку Важное

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Штогод супрацоўнікамі ДАІ на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна выяўляецца значная колькасць вадзіцеляў, якія кіруюць транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, што ў асобных выпадках служыць прычынай здзяйснення імі дарожна-транспартных здарэнняў. З дзевяці зарэгістраваных у І паўгоддзі гэтага года ДТЗ тры адбыліся па віне вадзіцеляў, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

За кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення, часткай 1 артыкула 18.16 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 50 да 100 базавых велічынь з пазбаўленнем права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам на тры гады.

У выпадку здзяйснення аналагічнага дзеяння на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання асоба падлягае крымінальнай адказнасці па частцы 1 артыкула 317-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Больш строгая адказнасць за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення –  для асоб, якія раней здзяйснялі злачынства, прадугледжанае артыкулам 317-1 КК. За здзяйсненне названага ўчынку закон прадугледжвае ў тым ліку пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да трох гадоў з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі тэрмінам да пяці гадоў.

Акрамя таго, нормамі КК прадугледжана канфіскацыя транспартнага сродку, якім кіравала асоба, здзяйсняючы злачынства, прадугледжанае артыкулам 317-1 КК, незалежна ад права ўласнасці (акрамя выпадкаў выбыцця транспартнага сродку з законнага валодання ўласніка без яго волі або ў выпадку супрацьпраўных дзеянняў іншых асоб).

Так, прыгаворам суда Стаўбцоўскага раёна ад 30 чэрвеня 2020 года жыхар горада Мінска А., раней неаднаразова судзімы, асуджаны па частцы 2 артыкула 317-1 і артыкула 417 КК да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год шэсць месяцаў з адбываннем пакарання ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, тэрмінам на пяць гадоў за тое, што ён у красавіку гэтага года, не маючы права кіравання транспартным сродкам, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, кіраваў аўтамабілем па аўтадарозе ў горадзе Стоўбцы.

На падставе артыкула 46-1 КК судом прыменена спецыяльная канфіскацыя, і ва ўласнасць дзяржавы канфіскаваны аўтамабіль маркі «Фольксваген», якім кіраваў абвінавачваны.

Пасля абвяшчэння прыгавору па крымінальнай справе абвінавачваны ўзяты пад варту ў зале суда.

Яраслаў ЛАРЫЧЭЎ, памочнік пракурора раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *