У ДУА «Дзераўнянская сярэдняя школа» на працягу больш чым двух дзясяткаў гадоў дзейнічае музей «Стаўбцоўшчына літаратурная». Гэта пяць экспазіцый: «Яны стаялі ля вытокаў», «З Мікалаеўшчыны родам», «Нёманам натхнёныя», «Зямля, дзе пачаўся твой лёс» і «Тут нашы вёсны прычалены».
У першых трох сабраны звесткі пра пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, мовазнаўцаў Стаўбцоўшчыны. Чацвёрты раздзел прысвечаны выпускнікам, настаўнікам школы, якія звязалі свой лёс з літаратурай ці зрабілі тут першыя пробы пяра.
Пяты раздзел «Тут нашы вёсны прычалены» цалкам прысвечаны мясцоваму краязнаўству, у арганізацыі якога ва ўстанове адукацыі назапашаны вялікі вопыт работы. Ужо не адно пакаленне нашых выпускнікоў далучана да вывучэння гісторыі сваёй малой радзімы, і калі яны становяцца студэнтамі, то выкарыстоўваюць сабраны матэрыял і падчас вучобы ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй адукацыі.
Зборам краязнаўчых матэрыялаў мы займаемся ў шосты школьны дзень. Распрацоўваем некалькі ўзаемазвязаных напрамкаў: «Мой дом. Радавод сям’і», «Родная школа: яе гісторыя, традыцыі», «Вёска: мінулае, сучаснае, перспектывы», «Гісторыя роднага краю».
Кожны клас працуе паводле пэўнага праекта. А паколькі ідзе Год малой радзімы, то адзін з іх звязаны з вывучэннем сваёй мясцовасці. У выніку краязнаўчы раздзел музея папоўніўся цікавымі матэрыяламі.
Педагогі і навучэнцы распрацавалі экскурсію па вёсцы.
Пошукавыя атрады сабралі звесткі пра дзейнасць Дзераўнянскай школы – і яе летапіс дапоўнілі матэрыялы пра педагогаў і выпускнікоў.
Краязнаўчая работа ў школе будзе працягвацца. Яна садзейнічае выхаванню грамадзянскасці, патрыятызму, фарміраванню нацыянальна свядомай і духоўна развітой асобы. А актыўны ўдзел школьнікаў у розных конкурсах па краязнаўстве сведчыць аб іх жаданні паглыбляць свае веды па гісторыі і культуры малой радзімы, шукаць скарбы духоўнасці нашых продкаў.
Матэрыялы музея з’яўляюцца крыніцай для даследаванняў, з якімі навучэнцы штогод прымаюць удзел і займаюць прызавыя месцы ў раённым конкурсе.
Таксама намаганнямі школьнікаў складзены лексічны і тапанімічны слоўнікі нашай мясцовасці, а на аснове апошняга створана інтэрактыўная карта «Мікратапонімы аграгарадка Дзераўная і яго ваколіц».
Экскурсія па музеі праходзіць у інтэрактыўнай форме (падабраны вершы, песні, інсцэніроўкі, якія ілюструюць творчасць пісьменнікаў-землякоў), для замежных гасцей – на англійскай і нямецкай мовах.
Прыязджайце ў Дзераўную – юныя экскурсаводы падораць вам цікавае знаёмства са сваёй малой радзімай.
Ганна ДЗЯМЯНКА, кіраўнік музея «Стаўбцоўшчына літаратурная»