Справіліся з уборкай і закладваюць падмурак пад будучы ўраджай

Важное Сельская гаспадарка

Хлебаробы нашага раёна намалацілі сёлета 78 916 тон збожжавых і зернебабовых культур. Летась гэтая лічба склала 67,6 тысячы тон. Атрымалі ўраджайнасць 36,6 цэнтнера з гектара, на 5,5 цэнтнера больш за леташні паказчык. Гэта дзявяты вынік сярод раёнаў вобласці.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Начальнік аддзела раслінаводства ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Мікалай Клаўшун расказвае, што жніво сёлета выдалася нескладаным. Надвор’е дазволіла аграрыям раёна своечасова ўбраць азімы рапс, збожжавыя і зернебабовыя культуры. Паміж хлебаробамі Стаўбцоўшчыны была наладжана ўзаемадапамога, таксама дапамагалі і калегам з суседняга раёна – Валожынскага.

– Мікалай Мікалаевіч, а чым адметная сёлетняя ўборачная кампанія?

– Адметнасць у тым, што азімыя і яравыя культуры аддзячылі практычна аднолькавай ураджайнасцю. Тады як у папярэднія гады азімыя былі больш умалотнымі. На рост раслін негатыўна паўплывалі халодная вясна і начныя замаразкі. А падчас наліву зерня ў калоссях азімым не хапіла вільгаці. У выніку зерне атрымалася дробным. Калі б не гэтая акалічнасць, то можна было б прыбавіць да атрыманага валавога збору яшчэ як мінімум 10 працэнтаў. Асабліва пацярпела азімае трыцікале, дзе маса тысячы зярнят была даволі нізкай. А вось яравыя парадавалі. Асабліва ячмень. Удаліся і зернебабовыя.

У сярэднім паказчык па ўраджайнасці атрымалі неблагі, але разлічвалі на 40 цэнтнераў. Дарэчы, пры спрыяльных умовах надвор’я нашым аграрыям пад сілу атрымліваць больш за 100 тысяч тон збожжа.

Лепшага паказчыка дасягнулі хлебаробы ААТ «Жацерава». Яны імкнуліся стаць лідарамі і рабілі ўсё для таго, каб атрымаць дастойны вынік. І ў іх гэта атрымалася. Высокая ўраджайнасць – у ААТ «Вялікі Двор» і ААТ «Радзіма Якуба Коласа». На чацвёртай пазіцыі – ААТ «Агранёманскі». Выдатна спрацавалі хлебаробы ААТ «Рубяжэвічы», якія замыкаюць пяцёрку лепшых.

– Шэраг гаспадарак высявалі азімае гібрыднае жыта. Ці апраўдала сябе гэтая культура?

– Апраўдала. Напрыклад, у ААТ «Агранёманскі» і ААТ «Жацерава» ўраджайнасць была даволі высокай – больш за 65 цэнтнераў збожжа на круг. Аднак імпартнае гібрыднае насенне каштуе дорага, а вось цана рэалізацыі збожжа невысокая, таму моцным гаспадаркам з эканамічнага пункту гледжання ўсё ж такі выгадней вырошчваць пшаніцу. Яны маюць магчымасць выканаць усе неабходныя тэхналагічныя прыёмы і вырасціць высокі ўраджай. А тым таварыствам, дзе ўраджайнасць не надта высокая, можна парэкамендаваць сеяць гібрыднае жыта. Аднак і тут трэба ўсё як след пралічыць.

– А як аддзячылі рапсавыя палеткі?

– Год быў спрыяльным для вырошчвання гэтай тэхнічнай культуры. Ураджайнасць атрымалі высокую: намалочана амаль восем тысяч тон масланасення.У тых гаспадарках, дзе была строга вытрымана тэхналогія, на круг намалацілі больш за 35 цэнтнераў. У ААТ «Радзіма Якуба Коласа» сабралі 47 цэнтнераў масланасення з гектара і па гэтым паказчыку ўвайшлі ў топ-15 сельгаспрадпрыемстваў вобласці. Даволі высокі паказчык і ў ААТ «Жацерава». Сёлета ў гаспадарках запланавана пасеяць 3700 гектараў азімага рапсу. Але гэтай прыбытковай культурай будзе занята большая плошча, бо выгада ад яе вырошчвання відавочная.

– Ці атрымаецца сёлета намалаціць зерня кукурузы? І як увогуле развіваюцца прапашныя культуры?

– Сказаць адназначна нельга. Думаю, што ўдасца ў тых гаспадарках, дзе высяваліся імпартныя гібрыды зерневага напрамку. А таксама на тых плошчах, якія былі засеяны да замаразкаў – такіх налічваецца палова. Кукуруза адцвіла, але пачаткі растуць слаба, таму на высокую ўраджайнасць пакуль што не разлічваем. Цяпер вывучаем участкі, аналізуем. Згодна з планам, неабходна атрымаць дзевяць тысяч тон зерня кукурузы.

Засушлівае надвор’е негатыўна паўплывала на прапашныя культуры, але пасля дажджоў, якія прайшлі на мінулым тыдні, цукровыя буракі і кукуруза ажылі. Бульба асабліва не пацярпела. Будзем спадзявацца, што ў далейшым усё складзецца добра.

– Гэтымі днямі на палетках шчыруюць механізатары, закладваецца падмурак пад будучы ўраджай. А якія карэктывы ўнесены ў асенні севазварот?

– Сяўбу азімых збожжавых пачнём трохі раней, каб справіцца з немалым аб’ёмам работ. Неабходна пасеяць 15 800 гектараў, што на 800 гектараў больш, чым летась. Папаўняюцца запасы мінеральных тукаў, вывозяцца на палеткі арганічныя ўгнаенні. Прыкладаюцца старанні, каб у наступным годзе атрымаць дастойны ўраджай.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *