Прафесію выбрала нялёгкую

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

У жывёлагадоўчай галіне ААТ «Радзіма Дзяржынскага» Святлана Фарботка працуе чатыры гады. Пачынала работу на комплексе ў Цеснавой аператарам машыннага даення. Рухавая, старанная, жанчына спраўлялася са сваімі абавязкамі і мела неблагія паказчыкі ў рабоце. Вызвалілася месца тэхніка-асемянатара, і Святлана Яўгеньеўна ў адначассе вырашае змяніць прафесію. Яна прыйшла да брыгадзіра фермы і прапанавала сваю кандыдатуру. Вердыкт кіраўніцтва і галоўных спецыялістаў быў адназначны – накіраваць Фарботку на вучобу ў Сенніцу.

– Цягнула мяне да гэтай прафесіі, – сказала Святлана Яўгеньеўна, – таму і не раздумвала, калі даведалася, што з’явілася такая магчымасць. Прайшла навучанне на курсах і тры гады асемяняю кароў. Ужо далі патомства не толькі цялушкі, якіх пакрывала першымі, а і сёлета ў маі нарадзілася маё першае, калі можна так сказаць, «цяля-ўнучка».

Жанчына расказала, што летась на ферме замянілі на больш высокаўдойных сто кароў. А гэта нямала, калі ўлічыць, што на комплексе ўтрымліваюцца 469 рагуляў. Аднак работу ў гэтым накірунку ёй неабходна працягваць, бо камплектавалі дойны статак, пасля яго увядзення ў строй дзеючых, каровамі з усіх фермаў гаспадаркі.

– Каб паказчыкі ў вытворчасці  малака павялічыліся, нам трэба ўвесці ў статак яшчэ не менш за пяцьдзясят пяршачак, – працягвае гаворку тэхнік-асемянатар. – І над гэтым мне і маім калегам трэба працаваць на працягу года. Калектыў у нас дружны, усе жывёлаводы дапамагаюць мне. На пашы даглядчыкі-пастухі запісваюць нумары кароў. Іншыя называюць толькі прыкметы, але я сваіх рагуляў добра ведаю і заўсёды іх адшукаю.  Выкарыстоўваю сперму быкоў-вытворцаў, што пастаўляе райплемстанцыя. І вось што прыкмеціла летась. Магчыма гэта і супадзенне, але «дзяўчынкі» і «хлопчыкі» нараджаліся ў залежнасці ад таго, спермай якога быка-вытворцы пакрывала кароў.

Сярод тэхнікаў-асемянатараў таварыства ў Святланы Фарботкі работы больш, чым у іншых, бо на комплексе ўтрымліваецца самы вялікі статак. Але спецыяліст спраўляецца з даручанай справай. І не лічыць сваю работу надта складанай і цяжкай, хоць і прыходзіцца парупіцца. Трэба на золку ўстаць, бывае, і затрымацца да позняга вечара.

– Нічога, маладая яшчэ, – усміхаецца Святлана Яўгеньеўна, –  а рана ўставаць прывыкла.

Кіраўніцтва таварыства работай тэхніка-асемянатара задаволена. Вось толькі сама Фарботка гаворыць, што ёй яшчэ трэба набірацца вопыту, каб выхад цялят быў вышэйшым. Аднак залежыць гэта не толькі ад спецыяліста. Патрэбна, каб кароўкі былі накормленымі і адносіны да іх з боку работнікаў адпаведныя – жывёла таксама любіць ласку.

Святлана Фарботка мясцовая, родам з Цеснавой. Яна не толькі старанная працаўніца, але і клапатлівая маці. У сям’і выхоўваюцца трое дзяцей.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *