Жывёлагадоўля

Нумары Сельская гаспадарка

ЁСЦЬ ПАКАЗЧЫК – ВЫСОКІ І ЗАРОБАК

З кожным годам нарошчваецца вытворчасць малака ў ПДСУП «Профі-Аграцэнтр».  Сёлета за першае паўгоддзе на фермах прадпрыемства надоена 3027 тон, што на 351 тону больш за адпаведны леташні перыяд. Ад кожнай каровы атрымана па 3255 кілаграмаў малака, плюс 340 кілаграмаў – адна з самых вялікіх прыбавак сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна. Гэтыя паказчыкі дазволілі мясцовым жывёлаводам перамясціцца па вытворчасці малака на чацвёртае месца ў рэйтынгавай табліцы. Аб справах малочных наша размова з галоўным заатэхнікам прадпрыемства Уладзімірам Жукавым.

– Уладзімір Міхайлавіч, падчас нашай размовы яшчэ пазалетась, вы сказалі, што прадпрыемству цалкам па сіле літаральна праз чатыры гады заняць лідзіруючыя пазіцыі ў жывёлагадоўлі раёна. І словы пацвярджаюцца справай. А  за кошт чаго павялічваюцца паказчыкі?

– Добрасумленна працуюць людзі, нарыхтоўваем штогод у дастатковай колькасці кармоў для жывёлы, укараняем прагрэсіўныя тэхналогіі.

– Падрабязней, калі ласка.

– Чалавечы фактар – адзін з галоўных. Цяпер  падабраўся неблагі калектыў жывёлаводаў, з якімі можна вырашыць любое пытанне. Каб не цярпела агульная справа, мы заўсёды знаходзім з людзьмі кансенсус. Усе прытрымліваюцца тэхналогіі, выконваючы  сумленна даручаную работу. Аднак яшчэ застаецца невялікая цякучасць кадраў, толькі ў нас з’явілася магчымасць выбіраць. Патрабаванні высокія, і не ўсе работнікі  могуць іх выконваць. Затое   цяпер без шкадавання расстаёмся з гультаямі. Людзі ідуць да нас, бо плацім неблагую зарплату. Аператары машыннага даення атрымліваюць ад пяці да васьмі з паловай мільёнаў рублёў, даглядчыкі-пастухі – у межах сямі, механізатары, што заняты на фермах, – ад пяці да сямі. Ёсць прэміяльныя, а гэта дадатковы стымул. Ездзяць да нас на працу даяркі з іншых таварыстваў раёна.

– Чым вы іх пераманілі?

– Мы проста пастаянна даём у газеце аб’яву аб тым, якія кадры нам патрэбны. А  кожны чалавек вольны сам выбіраць, дзе яму працаваць, бо ўсе мы ходзім на работу для таго, каб зарабляць грошы. У прыватнасці, шчыруюць пяць жанчын з ААТ «Вішнявецкі-агра». Усе добрасумленныя працаўніцы,  паказваюць прыклад у рабоце. Вывела групу кароў у перадавыя Валянціна Нарановіч, якая працуе ў нас чацвёрты месяц (да гэтага часу працавала ў ААТ «Аталезь-агра»). Прыязджала на месяц падзарабіць і яе сястра Ніна Лук’янчык. З пастаянных даярак заслугоўваюць павагі Алена Кожыч, Людміла Яшкова, Часлава Грыцун і Вольга Максімава.

Адзначу і  факт, які характарызуе нашых людзей з самага лепшага боку. Узнікла праблема на Яблынаўскай ферме – не было каму пасвіць кароў. Выхад прапанавалі самі даяркі, якія вызваліся выконваць гэтую работу. Змянялі адна адну праз дзве-тры гадзіны, і выратавалі сітуацыю. За гэта ім вельмі ўдзячны. 

– А цяпер пастухоў дастаткова?

– Так. Людзі нават просяцца на работу. Але вакансій пакуль няма. Зарплата    дастойная – і пастухі стараюцца. Пасвяцца чатыры гурты, на кожным – па два чалавекі. Хлопцы самі сочаць, дзе травастой на пашы лепшы, і адбіваюць гонку такім чынам, каб рагулі спаўна наеліся. Выяўляюць, якая карова ў ахвоце. Да таго ж, кормім пастухоў бясплатнымі абедамі. Дастаўляем ежу непасрэдна на пашу, бо пасвіцца жывёла з васьмі раніцы да пяці вечара без перапынку. 

– Ваша прадпрыемства адно з нямногіх, дзе даенне кароў двухразовае. Прытрымліваючыся такой тэхналогіі, і вынік маеце стабільна высокі.

– Як ужо сказаў, людзі ў нас працуюць адказныя. І неблагая кармавая база. Штогод нарыхтоўваецца паўтарагадовы запас травяных кармоў. Прычым сянаж даволі пажыўны, бо закладваецца па прагрэсіўнай тэхналогіі – у поліэтыленавую плёнку. Мінулагодняга кукурузнага сіласу хопіць да снежня, таму што выкарыстоўваем яго рацыянальна. Адразаем корм спецыяльным каўшом і ў масу не трапляе паветра, сілас не акісляецца і добра захоўваецца. Рыхтуем і раздаём жывёле кармасумесі. Насыпаем іх дадаткова і каровам на пашы. Вылучаюцца на гэтай рабоце механізатары Раман Казацкі, Аляксандр Дабравольскі, Юрый Грыцун і Аляксандр Храмянкоў, які адначасова падвозіць ваду на пашу. Усе брыгадзіры на фермах жанчыны – яны больш адказныя і патрабавальныя.

– А якая з тэхналогій утрымання жывёлы, на ваш погляд, лепшая – калі жывёла пастаянна стаіць у памяшканнях альбо пасвіцца на пашах? І чаму?

– З эканамічнага пункту гледжання, па затратах яны аднолькавыя. У нас прысутнічаюць абедзве. Асабіста мне больш імпануе беспрывязное ўтрыманне, калі каровы знаходзяцца на месцы. І ёсць для іх свабодны выгул, прычым толькі напалову забетаваны, а астатняя частка – зямля. Каб карова магла выйсці і пагрэцца на сонейку, затым зайшла ў памяшканне паела, папіла вады і лягла ў цяньку адпачыць. Каровы, якія ўтрымліваюцца па такой тэхналогіі, даюць стабільную прадукцыйнасць, бо не стамляюцца падчас перагонаў, на іх не ўплываюць ні холад, ні спякота.

– Уладзімір Міхайлавіч, лета – сезон вялікага малака. Як ідуць справы гэтымі днямі?

– Плюсуем больш як паўтара кілаграма на карову, а надойваем ад кожнай каля васямнаццаці з паловай. Павялічылася рэалізацыя прадукцыі.

 

У ЛІКУ ПЕРАДАВЫХ

Па выніках работы за мінулы год аператар па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы да шасцімесячнага ўзросту Ірына Смецюх з ААТ «Вялікі Двор» стала пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва. Ірына Аляксееўна шчырая і добрасумленная працаўніца. Жанчына пятнаццаты год шчыруе на комплексе ў Вялікім Двары, пастаянна дабіваецца высокіх вынікаў. І Валерый Жылка, які працуе ў адкормачніку, і таксама выйшаў пераможцам у сваёй намінацыі, мае аднолькавы з каляжанкай вопыт работы. Прыйшоў Валерый Уладзіміравіч на комплекс адразу пасля заканчэння школы. І сёлета  аператары ў ліку  лепшых. Дзякуючы іх нястомнай працы, а таксама працы ўсяго дружнага калектыву велікадворскіх жывёлаводаў, вытворчае падраздзяленне займае высокую прыступку у рэйтынгавай табліцы сярод аднатыпных у рэспубліцы.

 

ПАКАЗВАЮЦЬ ПРЫКЛАД

За першае паўгоддзе, у параўнанні з паказчыкам мінулага года, вытворчасць мяса ў ААТ «Каганец» павялічылася на 18, 5 працэнта. Усяго вырашчана  157,4 тоны мяса буйной рагатай жывёлы ў жывой вазе. Нарошчваюцца аб’ёмы вытворчасці дзякуючы руплівым жывёлаводам. Асаблівай стараннасцю вылучаюцца аператары Тамара Сяркова (МТФ «Зарэчча»), Ірына Куляшова (МТФ «Засулле»), Галіна Кухарчык і Марыя Кутас (МТФ «Ячонка»), якія даглядаюць маленькіх цялятак і маюць сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы больш за 800  грамаў. Варта дадаць, што ўсе жанчыны ўжо пенсіянеркі, але працягваюць працаваць і добрасумленнай працай паказваюць прыклад сваім калегам.

А ў аператараў Дзмітрыя і Ірыны Саракач з Засульскай фермы гадаванцы штодзень прыбывалі па 1097 грамаў.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *