Азарычы – пасёлак на Палессі

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

Чалавек на фотаздымку   многім стаўбчанам, ды і жыхарам раёна, пэўна, знаёмы. Васіль Галавачэнка 28 гадоў узначальваў ПМК «Сельспецмантаж», да гэтага восем гадоў быў старшынёю калгаса імя Пушкіна. Працоўны стаж яго складае 49 гадоў. Аднак нямногія, напэўна, ведаюць, што Васіль Нічыпаравіч – былы вязень лагера смерці Азарычы, ён выжыў у нечалавечых умовах. Гэты боль жыве з ім на працягу ўсяго яго жыцця.

Настолькі жыве і трывожыць, што Васіль Нічыпаравіч увасобіў усе свае перажыванні ў скульптурнай драўлянай кампазіцыі і на стэндзе ў двары свайго дома – жыве ён у вёсцы Кучкуны. Каб пранікнуцца тым, што ўвасобіў не толькі сваімі ўмелымі рукамі, але і жывою душою гэты пажылы чалавек, акунёмся разам з ім у той страшны ваенны час 1944 года.

Сям’я Галавачэнкаў жыла тады ў вёсцы Параслішча Акцябрскага (тады – Палескага) раёна Гомельскай вобласці. Гэта была перадавая лінія гітлераўскай абароны. На некалькі месяцаў населеныя пункты сталі прыфрантавымі. Фашысты стварылі ў гэтай мясцовасці тры лагеры смерці, буйнейшы з іх – у Азарычах. Быў пачатак вясны 1944 года – сакавік. За калючы дрот гітлераўцы сабралі жыхароў бліжэйшых да Азарыч вёсак і пасёлкаў, жыхароў Мазыра, Жлобіна, а таксама расіян са Смаленскай, Арлоўскай, Бранскай абласцей, якіх яны яшчэ з 1943 года гналі перад сабою як жывы шчыт. Васілю Галавачэнку было тады шэсць гадоў. Ён памятае, як людзей прывозілі нямецкімі гусенічнымі машынамі. Жыхароў іх вёскі таксама сабралі ўсіх і адправілі пешшу ў Азарычы – яны знаходзіліся за 20 кіламетраў ад Параслішча. У іх сям’і было чацвёра дзетак. Лагер размяшчаўся пад адкрытым небам. Туды  было сагнана не менш за трыццаць тысяч чалавек. Некаторыя крыніцы ўказваюць на 50-60 тысяч. Падходы да лагера былі замініраваны. Гітлераўцы знаходзіліся на вартаўнічых вышках. Без папярэджвання яны стралялі ў кожнага, хто прыбліжаўся да лагера. Яшчэ ляжаў снег. Людзі, сярод якіх было шмат дзяцей і старых, паміралі ад холаду, голаду і хвароб. На тэрыторыі лагера не было ўборных. Усе нечыстоты пры адлізе сцякалі ў балотныя месцы лагера, вязні чэрпалі адтуль ваду, каб прамачыць горла. Кожны дзень памірала шмат людзей, трупы заставаліся ляжаць побач з жывымі. Пакроў снегу ператварыўся ў суцэльнае месіва. Некаторыя з вязняў, якія цудам выжылі ў гэтых нечалавечых умовах, засталіся інвалідамі з ампутаванымі пасля абмаражэння нагамі. Злачынства фашыстаў у адносінах да гэтага лагера і ў тым, што тут упершыню ў гады Другой сусветнай вайны гітлераўцы прымянілі бактэрыялагічную зброю – бактэрыі сыпнога тыфу. Чалавек згасаў ад высокай тэмпературы за тры дні. Ад тыфу памерла і шмат ваеннаслужачых Чырвонай Арміі з той часці, якая вызваляла вязняў лагера смерці. У Акцябрскім раёне Гомельшчыны ёсць вёска, дзе на плошчы адзін гектар размешчаны могілкі. На многіх магілах датай смерці пахаваных запісаны сакавік 1944 года.

За няпоўны месяц, колькі праіснаваў гэты лагер, загінулі многія тысячы людзей. І ў сям’і  Васіля Галавачэнкі ад холаду памерлі два браты.

Пасля заканчэння Жыровіцкага тэхнікума механізацыі Васіль Нічыпаравіч прыехаў па размеркаванні працаваць у Стоўбцы. Затым закончыў інстытут механізацыі. Калі абжыўся ў нашым райцэнтры,  не пакінуў адных на Гомельшчыне сястру Тамару і маці. Перавёз іх на Стаўбцоўшчыну на пастаяннае месца жыхарства. Маці Уліта Маркаўна дажыла да 100 гадоў.

 Васіль Нічыпаравіч падтрымлівае адносіны і з іншымі вязнямі лагера смерці ў Азарычах. У ліку 25 чалавек Васіль Галавачэнка быў унесены ў спіс тых, хто быў запрошаны ў Германію. На працягу 16 дзён членам гэтай дэлегацыі былі паказаны месцы прымусовага знаходжання вязняў фашысцкіх лагераў. Сучаснае пакаленне немцаў  асуджае генацыд. Нямецкія салдаты вайны таксама сталі ахвярамі фашызму. У кішэнях загінуўшых воінаў  знаходзілі фотаздымкі іх сем’яў з маленькімі дзецьмі. У Германіі Васіль Нічыпаравіч расказаў такі выпадак. Калі іх гналі да месца размяшчэння лагера смерці, іх сям’я ішла па адзін бок дарогі, а сям’я суседзяў – па другі бок. Шасцігадовы Васіль заўважыў свайго сябра Колю і кінуўся перабегчы да яго праз дарогу, па якой ехалі гружаныя людзьмі нямецкія машыны. Нямецкі салдат спыніў сваю машыну, падбег да неразумнага малога, схапіў яго за каўнер і адкінуў на абочыну. У іншым выпадку хлопчык быў бы пад коламі гусеніц. Так што менавіта нямецкаму салдату Васіль Галавачэнка абавязаны за выратаванае жыццё. Васіль Нічыпаравіч успамінае яшчэ адзін кранальны выпадак. У Беларусь прыехала вялікая група студэнтаў з трох нямецкіх універсітэтаў. Іх цікавіла гісторыя таго страшнага ваеннага часу. Васіль Нічыпаравіч разам з іншымі былымі вязнямі суправаджаў іх у Азарычы. Маладыя людзі слухалі вязняў і плакалі. Нямецкія студэнты прывезлі з сабою і пакінулі копіі дакументаў з нямецкіх архіваў пра лагер смерці «Азарычы». Гэтыя архіўныя матэрыялы ўтрымліваюць поўную інфармацыю пра лагер смерці і намеры нацыстаў. Сабраныя матэрыялы Васіль Нічыпаравіч змясціў на стэнд, які  аформіў у сваім двары. Накрывае яго цэлафанам, каб не замачыў дождж. З дрэва выразаў літары «70 гадоў вызвалення Беларусі». На гэтым стэндзе – фотаздымкі ваеннага часу яго і сястры Тамары, арыгінал газеты «Праўда» за 10 мая – першага нумара пасля дня Вялікай Перамогі, кніга, дзе змешчаны фотаздымкі людзей ваеннага часу ў лагеры смерці «Азарычы». У сваёй майстэрні ён змайстраваў фігуры  драўляных коней і павозкі. Гэты абоз паводле задумы аўтара кампазіцыі сімвалізуе этапы жыцця вязняў канцлагера. Першая павозка прысвечана тым, хто загінуў. Яркія чырвоныя петуніі, цёмныя фарбы кампазіцыі – у памяць аб ахвярах фашызму. Наступная павозка – сімвал тых, хто выжыў. Тут пераважаюць зялёныя колеры – фарбы жыцця, і белыя петуніі. Наступная павозка светлых колераў – працяг жыцця ў дзецях і ўнуках. Апошняя – з георгіеўскай лентай – памяць аб тых, хто не дажыў да 70-годдзя вызвалення. Кранае гэтая задума  аўтара, яго праца. Пытаю ў Васіля Нічыпаравіча, для каго ён гэта аформіў?

– Для ўласных дзяцей і ўнукаў. Для сяброў. На свята вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў запрасіў гасцей.  Расказваў  пра тое, што давялося перажыць. На днях прыязджаў мой сябар з Мінска, былы вязень Азарыцкага лагера Аркадзь Шкуран. Ён прысвяціў сваё жыццё краязнаўчай рабоце, увекавечанню памяці пра лагер смерці «Азарычы». Сказаў, што на сайце змесціць і фотаздымкі майго стэнда і кампазіцыі.

Што тут можна сказаць? Васіль Нічыпаравіч выклікае вялікую  павагу. І тым, што  ён перажыў, і сваім нераўнадушшам, сваім болем.  На прыкладзе такіх жывых сведкаў вайны патрэбна выхоўваць маладое пакаленне. Факты вайны павінны ведаць і людзі старэйшага пакалення. Калі б у Беларусі захаваўся статус лагера Азарычы як канцэнтрацыйнага, вязні яго атрымалі б асобную кампенсацыю з Германіі, як гэта было выплачана тым з вязняў, хто ў эміграцыі ў іншых краінах. Увага да падзей таго часу, да вязняў лагера смерці, пра што Васіль Нічыпаравіч можа расказаць падрабязна, аблегчыць яго боль. Следчыя матэрыялы пра Азарыцкі канцэнтрацыйны лагер разглядвалі нават на Нюрнбергскім працэсе. Гэты час і гэтыя падзеі не павінны быць забытымі.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *