Пра рух на вуліцах, познія дыскатэкі і іншае

Нумары Прамая лінія

image_pdfimage_print

Пытанні, якія паступілі начальніку райаддзела міліцыі Івану Мамайку падчас нядаўняй прамой лініі, акрэслілі шэраг праблем, што на даны момант найбольш хвалююць  жыхароў нашага раёна.

Стаўбчанін Г. А. Пяткевіч узняў пытанне абмежавання руху па вуліцы Гайдука, уведзенага пасля рэканструкцыі будынка міліцыі.

–  Пры правядзені рэканструкцыі будынка быў распрацаваны праект, які ўзгадняўся з раённым выканаўчым камітэтам, праходзіў неабходную экспертызу. Адпаведна з праектам адбылося звужэнне праезджай часткі дарогі, у сувязі з чым рух і абмежаваны. Рухацца па вуліцы Гайдука дазволена толькі службоваму транспарту міліцыі і асобам, якія пражываюць у раёне міліцыі. Для іншых удзельнікаў дарожнага руху існуе альтэрнатыва праезду або па вуліцах Сацыялістычнай і Ленінскай, або па Мічурына. І адзін, і другі варыянт аб’езду фактычна не павялічвае працягласць маршруту. 

Але, паколькі ўзніклі непаразуменні, мною ініцыіравана вынясенне гэтага пытання на павестку раённай камісіі па бяспецы дарожнага руху з абмеркаваннем магчымасці адкрыцця па вуліцы Гайдука аднабаковага руху для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху. Наколькі мне вядома, 12 чэрвеня адбылося пасяджэнне раённай камісіі, дзе гэтае пытанне абмяркоўвалі. Члены камісіі спыніліся на тым, каб правесці на гэты конт апытанне грамадзян, якія пражываюць у зоне дзеяння забараняльных знакаў, пасля чаго паўторна разгледзець мэтазгоднасць адкрыцця аднабаковага руху па вуліцы Гайдука. Пра канчатковае рашэнне, якое будзе прынята раённай камісіяй дарожнага руху, мы вас абавязкова праінфармуем праз газету.        

Р. С. Суднік з Градак прасіла пракансультаваць яе адносна адказнасці за паведамленне па тэлефоне 102, калі той, хто пазваніў, прадстаўляецца не сваім імем, а, напрыклад, прозвішчам аднавяскоўца.

– Разбярэмся з вашай сітуацыяй. А так хачу сказаць, што паведамленне ў міліцыю можа быць выклікана рознымі акалічнасцямі. Калі грамадзянін ведае пра злачынства або злачынства, якое рыхтуецца, і ад гэтага залежыць яго жыццё, жыцці іншых людзей, і паведамляе нам, то мы яму толькі ўдзячныя за карысную  інфармацыю.  Калі інфармацыя перададзена заведама фальшывая і  пацягнула неабгрунтаваны выезд на месца супрацоўнікаў міліцыі, то можа быць адміністрацыйная або нават крымінальная адказнасць. Так, заведама фальшывы данос караецца абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў.  

За заведама фальшывае паведамленне ў міліцыю з пачатку года намі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 63 асобы, у тым ліку 18 – паўторна. На першы раз штраф складае ад 4 да 15 базавых велічынь, пры паўторным на працягу года факце – ад 20 да 50 «базавых».

Сям’я С. А. Лагачова, грамадзяніна Украіны, якая часова зарэгістравана ў Скамарошках,  хацела б атрымаць  беларускае грамадзянства. Па словах Сяргея Анатольевіча, з 2006 года  яго жонцы і двум дзецям выдадзена пасведчанне на права  жыхарства. У 2013 годзе яны звярнуліся з просьбай на атрыманне беларускага грамадзянства, але пытанне пакуль не вырашана.

– Працэдура атрымання грамадзянства, калі няма льгот (а гэта азначае наяўнасць у Беларусі блізкіх сваякоў і дзяцей, або хадайніцтва арганізацыі, дзе вы працаўладкаваліся), прымаецца Адміністрацыяй Прэзідэнта. Разбярэмся з вашым пытаннем. Магчыма, вамі былі сабраны не ўсе дакументы. Калі не ўдасца з атрыманнем грамадзянства, то будзем вырашаць пытанне аб працягненні пасведчання на права  жыхарства.    

Ад жыхароў раёна паступіла пытанне адносна працягнення часу дыскатэкі ў Дзераўной з 24-х да да дзвюх гадзін ночы.

 – Паўсюдна дыскатэкі ў сельскіх клубах нашага раёна завяршаюцца аднолькава –  у 24 гадзіны. Калі вам зрабіць выключэнне, а менавіта працягнуць танцы яшчэ на дзве гадзіны, то можна будзе ўявіць вашу папулярнасць у моладзі з іншых навакольных вёсак. Гады два таму, калі не памыляюся, дыскатэка ў Дзераўной запрашала менавіта да дзвюх гадзін  ночы, і мы ўжо назіралі, якім напружаннем яна заканчвалася. Каб у таго ці іншага клуба была магчымасць збіраць у сябе пабольш моладзі і выконваць план па платных паслугах, неабходна выканаць шэраг патрабаванняў.  Гэта, у першую чаргу, вялікая зала, якая б змагла змясціць усіх жадаючых без таўкатні і даўкі, устаноўка сістэмы відэаназірання і т. п. Скажу, што ваша пытанне вынесена на разгляд  пасяджэння выканкама.

Стаўбчане звярнуліся з праблемай начнога продажу ў райцэнтры спіртных напіткаў. Гэта толькі крыміналізуе горад і робіць яго вуліцы небяспечнымі ад нецвярозых ліхачоў.

– Гэтая праблема наспела ва ўсёй рэспубліцы, таму прапрацоўваецца праект закона аб устанаўленні адзінага часу рэалізацыі спіртаўтрымліваючай прадукцыі. Мяркуецца паўсюдна ў краіне ўвесці забарону на яе продаж з 9-ці раніцы  да 9-ці вечара. У Стоўбцах ёсць некалькі камерцыйных кропак, дзе гандлююць дапазна спіртным, але асноўная рэалізацыя яго ідзе на аўтазаправачных станцыях на магістралі. Мы адследжваем гэтую сітуацыю. Вылучылі туды экіпажы ДАІ і афармляем п’яных кіроўцаў. Па нашай ініцыятыве ў раёне праходзяць і дні цвярозасці, калі ідзе ўборка ўраджаю, праводзяцца выпускныя вечары і іншыя мерапрыемствы. Дапамагае і тое, што закон забараняе продаж спіртнога пры правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў у радыусе 500 м. Гэтая мера дае эфект. Падчас масавых гулянняў у нас цяпер рэзка зменшылася колькасць інцыдэнтаў, парушэнняў грамадскага парадку. Галоўнае, на маю думку, –  зацікавіць людзей конкурсамі, атракцыёнамі, уцягнуць іх у атмасферу гульні, свята, тады і без спіртнога будзем адпачываць весела.Трэба даваць людзям альтэрнатыву, развіваць рух культурнага адпачынку.

ПадрыхтавалаТаццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *