Сям’я Камаевых: «Вышывайце – і ваша жыццё стане яшчэ прыгажэйшым»

Главное Соцыум

Мы працягваем весці гаворку пра творчых людзей, якія размалёўваюць шэрыя будні яркімі фарбамі.

Рукадзелле заўсёды захапляе. Асабліва калі яно заснавана на шчырай цікавасці таго, хто жадае шмат чаму навучыцца. Творчы працэс не толькі развівае густ і раскрывае ўнутраны патэнцыял, але і дае магчымасць знайсці нешта новае, арыгінальнае ў працэсе вырабу. Так, любая рукадзельніца, нават тая, якая толькі пачынае, можа разлічваць на вялікі поспех, калі запасецца цярпеннем.

Нядаўна мы пазнаёміліся з цудоўнай сям’ёй Віктара і Алены Камаевых са Стоўбцаў. Калі завіталі ў іх дом, то адразу звярнулі ўвагу на сцены, упрыгожаныя рознымі карцінамі. Яны зачароўваюць сваёй прыгажосцю, гульнёй фарбаў, а таксама эфектам аб’ёму. Аднак уражвае не толькі знешні выгляд карціны, але і тая колькасць сіл, якая ўкладзена ў кожную работу. «Якім матэрыялам вышыты гэтыя карціны?» – пытаюся ў Алены Пятроўны. «Гэта бісер», – адказвае яна.

Алена Камаева расказала нам крыху пра сябе і сваё захапленне:

– Нарадзілася я ў вёсцы Яблынаўка Стаўбцоўскага раёна. Тут прайшлі мае дзяцінства і юнацтва. Менавіта гэтыя гады навучылі мяне быць неабыякавай да працы. Бацькі таксама прывілі любоў да яе. Пасля заканчэння 10 класаў Коласаўскай сярэдняй школы выйшла замуж. Вучылася ў Палескім дзяржаўным універсітэце на бухгалтара-эканаміста. 25 гадоў я працавала кантралёрам у ААТ «ААБ Беларусбанк», пасля запрасілі ў ААТ «Белінвестбанк». Мой банкаўскі стаж налічвае 37 гадоў. Праца гэтая мне падабалася, таму што я пастаянна мела зносіны з людзьмі. І ад іх атрымлівала аддачу.

– Як вы прыйшлі да свайго захаплення?

– Калі я яшчэ працавала, калега расказала мне пра бісер, паказала свае работы. Мяне зацікавіў гэты матэрыял. Я крыху прачытала пра яго і даведалася, што можна ствараць не толькі розныя вырабы, але і займацца вышыўкай з бісеру. Таму і вырашыла паспрабаваць, аб чым ніколькі не шкадую. Першай маёй работай стала пара лебедзяў, якую я падарыла знаёмаму з нагоды вяселля.

Паступова пачала ўдасканальвацца, глядзець майстар-класы. Аднак для мяне яны нейкія прымітыўныя. Я, так бы мовіць, распрацавала сваю тэхніку вышывання паскоранымі метадамі. На маіх карцінах можна ўбачыць розныя кветкі, прыроду. Ствараю і карціны-іконы. Над імі працаваць – адно задавальненне. Прыношу іх на асвячэнне ў царкву. Найвышэйшым пілатажам лічу вышыўку карцін вядомых мастакоў: Васілія Пярова –»Паляўнічыя на прывале», Віктара Васняцова – «Тры волаты», «Алёнушка» і інш. Для мяне чым цяжэйшая работа, тым яна цікавейшая. Усяго налічваецца прыкладна 55 карцін.

Да выбару матэрыялаў Алена Пятроўна ставіцца вельмі адказна. Перавагу аддае чэшскаму бісеру: ён добры па якасці, ідэальны ў рабоце. Задумак у жанчыны шмат: у найбліжэйшы час хоча стварыць карціны «Іван Царэвіч і Шэры Воўк», «Тройка ў зімовым лесе» і інш.

Цудоўна, калі ты займаешся любімай справай і яна цябе натхняе. А яшчэ добра, калі захапленні падтрымліваюць родныя. Сям’я Алены Камаевай – яскравы прыклад гэтага. Муж Алены Пятроўны, Віктар Сяргеевіч, дапамагае ёй. Яму адведзена немалаважная роля – па-мастацку аформіць атрыманыя карціны.

Продажам карцін сям’я не займаецца. Як лічыць Алена Пятроўна, прадаць карціну – гэта як быццам адарваць кавалачак ад сваёй душы. І вышываць бісерам трэба ў тым выпадку, калі чалавек валодае ўседлівасцю, працавітасцю, цярпеннем. Аднак гэта і неабавязкова, калі справа табе падабаецца. Для Алены Камаевай дзень пражыты дарэмна, калі яна не вышыла пяць-дзесяць радкоў. Такі сэнс яе жыцця, хоць і гучна гэта сказана.

Унукі Эвяліна і Захар таксама любяць бавіць час за вышыўкай з бісеру

Пагутарыўшы з Аленай Пятроўнай, разумееш: вышыўка бісерам – гэта займальны занятак і тонкая, карпатлівая праца. Гэта чараўніцтва – бачыць, як мноства рознакаляровых «пясчынак», скамбінаваных асаблівым чынам, утвараюць цудоўныя сюжэты. Карціны, выкананыя ўручную, набываюць індывідуальнасць і асаблівы стыль аўтара. Яны з лёгкасцю ўпішуцца ў любы інтэр’ер і стануць выдатным падарункам.

Р. S. 28 жніўня  Алена і Віктар Камаевы адзначылі тапазавае вяселле – 44-годдзе сумеснага жыцця. Віншуем іх з гэтай нагоды і жадаем ім моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.

Марына КУТАС, фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *