Пачынаюць квітнець верасы

Важное Год малой родины

Усяго некалькі крокаў да восеньскага далягляду. Напрыканцы жніўня падвяло фінішную рысу ў летняй плыні дзён Успенне Прасвятой Багародзіцы, ці Прачыстая. У народзе адзначаецца трэці, альбо Арэхавы Спас. У гэты дзень з удзячнасцю карміцельцы зямлі асвячалі хлеб, зеляніну, лясное багацце і абавязкова арэхі, якімі аздаблялі стравы падчас посту.

Да Успення земляробы імкнуліся ў абавязковым парадку за вяршыць жніво, што падкрэслівалася прымаўкамі: «Прачыста снапкі падае», «Прачыста – у полі ўрачыста», «Успенне з дажынкамі супадае».

Вяскоўцы імкнуліся да гэтага дня звезці збажыну ў пуні, аслабаніць палеткі і на Прачыстую зрабіць засеўкі – пасеяць у прагрэтую жнівеньскім сонцам глебу азімае збожжа.

На трэці Спас на хлебнай ніве заломвалі спецыяльна пакінутыя некалькі збажын – так званую бараду, перавязвалі іх палатнянай стужкай, прыгіналі да зямлі як удзячны хлебаробскі паклон.

Так сустракалі зусім ужо недалёкую восень, што распасцірала па лясах духмяна-водарныя абрусы квецені верасоў, над якімі то тут, то там зачырванелі гронкі рабіны.

Заўважалася, што на трэці Спас стартуюць у далёкі вырай першыя чародкі ластавак. Пачынаюць рыхтавацца да далёкага шляху і шпакі.

Васіль ЗЯНЬКО, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *