Правапарадак

Ахова правапарадку Нумары

image_pdfimage_print

ПРАФІЛАКТЫКА: ДУРМАН СПІРТНЫХ НАПІТКАЎ

Пытанне  п’янства і парушэння грамадскага парадку з’яўляецца адным  з самых актуальных і сацыяльна значных.

Злоўжыванне алкаголем, як правіла, – найбольш распаўсюджаная прычына учынення злачынстваў, сямейнай нядобранадзейнасці і –  самае страшнае – гібелі  людзей. Так, грамадзянка Т. І. Грамыка, будучы ў стане алкагольнага ап’янення ў доме № 8 па вуліцы 17 Верасня ў Старым Свержані, наўмысна нанесла ўдар кухонным нажом свайму сужыцелю, што выклікала яго смерць…

Злачынствы ў сферы сямейна-бытавых адносін па сваёй жорсткасці, цяжкасці наступстваў нярэдка перасягаюць тыя, што загадзя спланаваны, добра падрыхтаваны. За апошні час два такія злачынствы зарэгістраваны ў Стоўбцах, па адным – на тэрыторыях Вішнявецкага і Старасвержанскага сельсаветаў. Да прыкладу, А. А. Гарановіч на глебе працяглых непрыязных адносін нанёс траўмы свайму бацьку. С. У. Крывулька ў ходзе сваркі пагражаў нажом і выказваў пагрозы забойствам грамадзяніну. І. С. Яцэвіч здзекаваўся са сваёй жонкі, наносячы ёй фізічныя і псіхічныя пакуты…

У выніку праведзеных службовых праверак па названых вышэй фактах устаноўлена, што ўсе асобы – як пацярпелыя ад злачынству, так і тыя, хто ўчыняў іх, – напярэдадні ўжывалі спіртныя напіткі.

Для зніжэння ўзроўню злачыннасці важнае значэнне мае ўзаемадзеянне з жыхарамі раёна, грамадскасцю.

Тэлефоны гарачых ліній: упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама – (8-017) 229-04-36, (8-017) 229-04-25, райаддзела міліцыі – 5-32-76, 5-19-15.

Уладзімір КУХАРЧЫК,намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі

 

НОВАЕ Ў ЗАКАНАДАЎСТВЕ: ХТО НЕ ШАНУЕ АДМІНІСТРАЦЫЙНЫ КОДЭКС

З 16 красавіка 2014 года ўступіў у дзеянне Закон Рэспублікі Беларусь ад 04.01.2014 «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», у сувязі з чым супрацоўнікамі райаддзела міліцыі ва ўзаемадзеянні з іншымі суб’ектамі прафілактыкі (раённым выканаўчым камітэтам, саветамі грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, пракуратурай, райаддзелам па надзвычайных сітуацыях, цэнтральнай раённай бальніцай, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне) прымяняюцца новыя меры ўздзеяння на грамадзян, якія ўчыняюць правапарушэнні.  

На гэтую тэму мы гутарым з намеснікам начальніка, начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі райаддзела міліцыі Русланам ХАРУТАМ.

– Руслан Вітальевіч, якія меры прафілактыкі прадугледжаны сёння ў адносінах да тых, хто не «сябруе» з Адміністрацыйным кодэксам?

– Сярод іх – прафілактычная гутарка, афіцыйнае папярэджанне, пастаноўка на прафілактычны ўлік, а таксама новая мера – засцерагальнае прадпісанне. 

– Давайце па парадку. Калі з гутаркай усё зразумела – гэта аснова любога ўздзеяння на чалавека, і яна, на маю думку, больш уяўляе просьбу, чым нейкі загад ці прымус, то афіцыйнае папярэджанне, відавочна, цягне за сабою пэўныя юрыдычныя наступствы.

– Афіцыйнае папярэджанне – гэта  пісьмовае растлумачэнне грамадзяніну, за якім ужо зафіксавана парушэнне Адміністрацыйнага кодэкса, аб недапушчальнасці падрыхтоўкі або ўчынення новых правапарушэнняў.  Артыкулам 26 названага вышэй закона вызначана катэгорыя грамадзян, якім супрацоўнікі райаддзела міліцыі выносяць афіцыйныя папярэджанні.

Можна назваць пяць асноўных катэгорый правапарушальнікаў, якім з мэтай прафілактыкі выносіцца афіцыйнае папярэджанне. Першае – тым, хто быў прыцягнуты паўторна на працягу года да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнне  ў стане алкагольнага ап’янення, пад уздзеяннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных і іншых адурманьваючых рэчываў.  Другое – тым, хто быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за наўмыснае нанясенне лёгкага цялеснага пашкоджання, абразы,  дробнае хуліганства, учыненае ў адносінах да члена сям’і. Трэцяе – тым, хто быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за ўцягванне непаўналетняга ў антыграмадскія паводзіны. Чацвёртае  – у адносінах да тых асоб, у дачыненні да якіх прынята рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы або аб спыненні папярэдняга следства па крымінальнай справе па асобных саставах злачынстваў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь супраць асобы, калі яны ўчынены ў адносінах да члена сям’і. І апошняе – у адносінах да тых, пра каго атрыманы звесткі аб учыненні дзеянняў, што могуць стварыць пагрозу нацыянальнай бяспецы, нанесці шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам, правам, свабодам і законным інтарэсам іншых грамадзян або прывесці да ўчынення злачынства.

Калі на працягу года пасля вынясення і аб’яўлення грамадзяніну афіцыйнага папярэджання ён учыняе адно са згаданых вышэй дзеянняў, то кіраўніцтвам райаддзела прымаецца рашэнне аб пастаноўцы яго на прафілактычны ўлік з усімі вынікаючымі адсюль далейшымі мерамі папераджальна-прафілактычнай работы. Безумоўна, гэта разгляд яго паводзінаў на пасяджэннях савета грамадскага пункта аховы правапарадку, пастаноўка на ўлік да ўрача-нарколага, накіраванне на лячэнне ва ўмовах лячэбна-працоўнага прафілакторыя і інш.   

– У новым законе шмат увагі ўдзелена балючай сацыяльнай праблеме нашага грамадства – дамашняму насіллю. Гэтая праблема даўно патрабуе грунтоўнай і сістэмнай прафілактыкі. 

– Сапраўды, гэта так. На даны момант афіцыйныя папярджанні вынесены 155-ці жыхарам раёна, яшчэ сем грамадзян пастаўлены на прафілактычны ўлік. Гэта, як правіла, тыя, хто злоўжывае спіртнымі напіткамі і на глебе п’янства дапускае насілле ў адносінах да сваіх блізкіх.

Новым законам уведзена і новая мера індывідуальнай прафілактыкі дамашняга насілля – засцерагальнае прадпісанне грамадзяніну, які дапусціў насілле ў сям’і. Так, падобным прадпісаннем яму забаронена рабіць  спробы высветліць месца знаходжання таго, хто пацярпеў у сям’і ад яго насілля, наведваць пацярпелага, калі ён часова змешчаны па-за сумесным месцам жыхарства, кантактаваць з ім па тэлефоне, праз інтэрнэт.

ГутарылаТаццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *