Калонка рэдактара: «Школьныя гады – незабыўныя…»

Спецвыпускі «Праменя»

Першага верасня – Дзень ведаў, пачатак новага навучальнага года.

Колькі б гадоў ні прайшло, дзеці ці ўжо ўнукі адпраўляюцца па веды, душа мімаволі пачынае хвалявацца ў гэты прыемны момант. Гісторыя, напэўна, знаёмая амаль усім. Школа – гэта этап жыцця, вельмі важны і незабыўны. Першы раз у першы клас, а вось ужо і старшакласнік… і – выпускнік. Якім будзе школьнае жыццё? Ці аб’яднае яно ўсіх: настаўнікаў, вучняў, бацькоў? Такіх розных па ўзросце, поглядах, але агульных па надзеях, клопатах.

Прайшло ўжо шмат часу, як я не працую ў школе, але са сваімі былымі калегамі мы сябруем і цяпер, абавязкова сустракаемся, дзелімся сваімі думкамі, уражаннямі, абмяркоўваем розныя падзеі. І вось на днях званок ад былой калегі. Упершыню я слухала словы неразумення і крыўды ад паважанага мною чалавека. Сапраўды, нават стала сорамна, што ў нашым грамадстве можна пачуць лозунгі: «1 верасня – ніякіх кветак у школы!», «Граматы, медалі – на школьны плот»… Душа забалела за прафесію настаўніка, за былых сваіх калег, за сённяшніх педагогаў, за людзей, якія, ахвяруючы сваім здароўем, сваёй сям’ёй, сваім вольным часам, даюць веды нашым дзецям, унукам, прывіваюць ім любоў да Радзімы. Я разумею, што для некаторых тая ж грамата – гэта проста папера, медаль – гэта не каштоўнасць. Паважаныя, але ж вы атрымалі вышэйшую адукацыю, добрую работу толькі дзякуючы тым ведам, што далі вам у школе.

Мы, бацькі, грамадскасць, гатовы падтрымаць настаўнікаў у іх педагагічнай працы. Мы давяраем прафесіяналізму і мудрасці педагогаў і хочам адпраўляць дзяцей, унукаў на заняткі са спакойным сэрцам. А гэта будзе, калі «дарослыя» праблемы застануцца за парогам дзіцячай установы.

Давайце падтрымаем нашых настаўнікаў і 1 верасня падорым ім кветкі, выкажам словы ўдзячнасці за атрыманыя веды.

Са святам вас, дарагія, шаноўныя педагогі, вучні, бацькі! З Днём ведаў!

Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *