25 ліпеня – Дзень пажарнай службы: І ў пажарных – гарачы «хлеб»

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

З надыходам жніва і ў выратавальнікаў-пажарных раёна пачалася гарачая пара. Іх штодзённыя дзяжурствы ў полі ля камбайнаў – клопат надзвычай важны. Але кантролю над пажарнай абстаноўкай у Стоўбцах і населеных пунктах раёна ён не адмяняе.    

Будні пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 15, што ў вёсцы Любкаўшчына, – не выключэнне. Гэтай парой яго супрацоўнікі задзейнічаны, што называецца, на двух “франтах”. Мясцовае ААТ “Радзіма Якуба Коласа” ў ліку першых пачало ўборку рапсу і, адпаведна, заключыла дагавор з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях на аказанне паслугі па суправаджэнні камбайнаў. Пажарная машына разам з тымі, хто яе абслугоўвае, знаходзіцца ў полі ўвесь светлавы дзень, роўна столькі, колькі працуе сельскагаспадарчая тэхніка. І перад уборачнай гаспадаркамі былі запатрабаваны паслугі пажарных – да прыкладу, па мыйцы збожжаскладоў.

Калі мы разам з намеснікам начальніка РАНС Віталем Кожычам пад’ехалі ў пасляабедзенны час на пост, яго начальнік Віктар Цярэшка далажыў:

– Абстаноўка спакойная. Заняткі па пажарнай аварыйна-выратавальнай і фізічнай падрыхтоўцы прайшлі добра. Займаемся добраўпарадкаваннем душавой. Экіпаж у складзе камандзіра аддзялення Генадзя Ванагеля і вадзіцеля Дзмітрыя Акотчыка дзяжурыць у полі.

Графік дзяжурстваў у выратавальнікаў-пажарных на асноўным месцы службы – суткі праз двое, але ў гарачую хлебную пару ён, відавочна, не вытрымліваецца. На адпачынак пажарным выпадае значна менш часу. Цяпер і адпускная пара – таксама своеасаблівы фактар больш напружанай працы. Акрамя таго, на любкаўшчынскім пасту захоўваецца вакансія – не хапае падменнага вадзіцеля. І пакуль ідзе падбор кандыдата на гэтую вакансію, начальнік паста старшына Віктар Цярэшка акурат выйшаў на дзяжурства за камандзіра аддзялення. Разам з ім нясе вахту вадзіцель прапаршчык Аляксандр Сінкевіч.

– Наш старажыл, у гэтым годзе яму 45 споўнілася, выслугі – 20 гадоў, але працягнуў кантракт для далейшай службы, –  прадстаўляе свайго калегу начальнік паста.

Перад намі – вопытны вадзіцель 1-га класа Аляксандр Сінкевіч, які ў свой час пачынаў на пасту ў Вішняўцы, пазней закрытым, і які так тлумачыць сваё рашэнне:

– Нармальна ідзе служба, чаму б не паслужыць яшчэ?                    

Калектыў паста дружны і, несумненна, – спартыўны. За яго будынкам, пад адкрытым небам, размешчаны своеасаблівы спартыўны гарадок. Цікаўлюся: “Хто яго змайстраваў?”  “Самі. Тут усё зроблена нашымі рукамі, – абводзіць поглядам каравульнае памяшканне Віктар Цярэшка, дзе рамонт прайшоў крыху раней. – Цяпер завяршаем душавыя, санвузел. Вада гарачая ўжо ёсць”. Толькі на спецыялізаваныя работы, такія, да прыкладу, як падключэнне электрычнасці і іншае, тут прынята запрашаць спецыяліста, а так самі пажарныя – майстры на ўсе рукі, праходзяць навучанне па сумежных спецыяльнасцях. Усе камандзіры аддзялення – Генадзь Ванагель, Віталь Новік, Юрый Канатка –за час службы атрымалі спецыяльнасці стропальшчыка і вальшчыка лесу. Некалькі сумежных спецыяльнасцяў маюць і вадзіцелі – Пётр Кісун, Дзмітрый Акотчык, Аляксандр Сінкевіч. Прыклад у павышэнні свайго прафесійнага ўзроўню паказвае начальнік паста Віктар Цярэшка, у якога да названых вышэй набярэцца яшчэ некалькі дадатковых прафесій. У вольную мінуту пад рукой у любкаўшчынскіх пажарных – свежыя газеты, можна паглядзець тэленавіны.

Але вернемся да дзяжурнага каравула. І Віктара Цярэшку, і Аляксандра Сінкевіча звязваюць не толькі інтарэсы службы, а і – немалаважна – агульныя погляды на жыццё, падобнае сямейнае становішча. Абое – шматдзетныя таты. У іх сем’ях, як і ў сям’і вадзіцеля Дзмітрыя Акотчыка, – па трое дзетак. У размове адкрываюцца цікавыя дэталі. Напрыклад, у Аляксандра Сінкевіча сын Дзмітрый нарадзіўся акурат у Дзень выратавальніка – 19 студзеня. Магчыма, пройдзе яшчэ пяць-шэсць гадоў, і хлопчыка, народжанага ў гэтае свята, таксама пакліча мужчынская прафесія… У гэтыя канікулярныя дні ён калі-нікалі прыбягае да бацькі на пост з Мясёнкаўшчыны, дзе жыве сям’я. А 1-га чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, ён разам з бацькам быў у Стоўбцах на мерапрыемстве  “Не пакідайце сваіх дзяцей адных”, каб паглядзець пажарную аварыйна-выратавальную тэхніку, больш пазнаёміцца з працай пажарнага.

Няпростая гэтая праца. У зоне абслугоўвання паста ў гэтым годзе здарылася каля 15-ці пажараў (адзін выпадак, у Перакопаўшчыне, трагічны: загінуў мужчына), але трывожных выездаў у супрацоўнікаў куды больш. Па выкліку яны імчацца на дапамогу падчас пажараў у Стоўбцах, калі трэба – тушыць агонь у суседніх раёнах –Нясвіжскім, Уздзенскім. У баявым разліку – два аўтамабілі «ЗіЛ-130», аснашчаныя разнастайным інструментам: бензапілой, бензарэзам, мотапомпай, апаратамі сціснутага паветра.

 – Гараць у асноўным гаспадарчыя пабудовы, хаця круглы год нашы супрацоўнікі працуюць на папярэджанне пажараў. Бываем у дамах вяскоўцаў, у працоўных калектывах. Тлумачым небяспеку і адказнасць за спальванне смецця, сухой травы. У дамах шматдзетных сем’яў, адзінокіх пажылых, інвалідаў устанаўліваем аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, набытыя за дзяржаўны кошт, – акрэслівае асноўныя напрамкі прафілактычнай работы Віктар Цярэшка.

Пакуль мы гутарым, намеснік начальніка РАНС Віталь Кожыч па-гаспадарску інспекціруе дзейнасць пажарнага аварыйна-выратавальнага паста. “На што вы звярнулі ўвагу, чым, магчыма, незадаволены?” – задаю пытанне Віталію Яўгенавічу, у якога таксама немалы стаж службы – амаль 20 гадоў. “Праверыў дакументацыю, пазнаёміўся з псіхалагічным станам дзяжурнага каравула, які ў любую мінуту гатовы да выезду на пажар ці іншую надзвычайную сітуацыю. З маладымі супрацоўнікамі я звычайна праводжу заняткі. Усё ў парадку, – робіць выснову мой размоўца. – Нашы супрацоўнікі нясуць сваю кругласутачную службу”.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ  любкаўшчынскія пажарныя Віктар Цярэшка (начальнік паста) і вадзіцель Аляксандр Сінкевіч дэманструюць гатоўнасць да выезду.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *