Лес, які не дае зачарсцвець

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

Аб трох Бычкоўскіх у Налібацкім наваколлі кажуць: такія людзі – дабракі. Прыемна пачуць. Старэйшы сын Бычкоўскі, ляснічы, разважае, што маўляў, вёска Налібакі – аддаленая ад райцэнтра, працаваць у лясніцтва з горада ніхто не паедзе. І спрадвеку тут у штаце мясцовыя людзі. Да іх трэба адносіцца з душою, гэта дапаможа захаваць кадры і раскрыць кожнаму з іх свае здольнасці і таленты.  Бычкоўскі-бацька выказваецца лірычна, што зносіны з жывой прыродай не даюць душы чалавека зачарсцвець. З лесам у былога лесніка Кляцішчанскага лясніцтва звязана 33 гады працоўнага жыццця. Георгій Іванавіч можа доўга расказваць пра цікавыя здарэнні з дзікімі жывёлінамі, пра гэта можна кнігу пісаць. Малодшы Бычкоўскі, вальшчык лесу, адмоўчваецца – дастаткова і слова старэйшых. З працай у лясгасе ў яго звязана 14 гадоў жыцця. Для сыноў выбар прафесіі быў прадвызначаны – дзяцінства іх прайшло ў лесе.

У адносінах да сямейнай дынастыі Бычкоўскіх, што ў Стаўбцоўскім доследным лясгасе, высвятляецца, што яна пачынаецца не Георгіем Іванавічам. Лесніком працаваў яго цесць Іосіф Адамцэвіч, тады было яшчэ Івянецкае лясніцтва, і яго дзед Філіп Касоўскі – у Іўеўскім лясніцтве, прадзед Бычкоўскіх-малодшых. Так што калі скласці працоўны стаж кожнага з пяцярых, то будзе далёка са сотню.

Сяргей Бычкоўскі – малады ляснічы, з двухгадовым стажам работы на гэтай пасадзе. Хоць агульны стаж яго работы складае 13 гадоў. Пасля Беларускага тэхналагічнага ўніверсітэта быў размеркаваны ў Ельскі леспрамгас. Адслужыўшы ў арміі, вярнуўся на сваю радзіму. Працаваў майстарам лесу ў Прудскім лясніцтве. Затым на гэтай жа пасадзе – у Налібацкім лясніцтве, дзе «дарос» да памочніка ляснічага, а з 2001 года стаў ляснічым.

Сярод дзевяці лясніцтваў Стаўбцоўскага доследнага лясгаса Налібацкае адметнае тым, што 80 працэнтаў яго плошчаў з 10 160 гектараў адносяцца да лясоў першай групы і ўваходзяць у ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння. Яшчэ адна адметнасць лясніцтва ў тым, што вялікая плошча лясных угоддзяў – забалочаная, і настолькі, што часам не спраўляюцца нават магутныя фарвайдар і харвестар. Гэта вельмі ўскладняе работу вальшчыкаў і ўсіх астатніх работнікаў. Таму так беражліва і адносіцца Сяргей Бычкоўскі да працаўнікоў, якія самаахвярна выконваюць свае абавязкі.

Пры ўсіх гэтых складанасцях Налібацкае лясніцтва – адно з моцных у лясгасе і не саступае перадавых пазіцый. У мінулым годзе, напрыклад, выкананне нормы выпрацоўкі склала 140 працэнтаў, вывезена 13 тыс. м3 драўніны – другі паказчык у лясгасе. Кожны год выконваюцца планы па стварэнні лясных культур. Сёлета, напрыклад, пасаджана каля 30  гектараў лесу.

Жывуць тут, без перабольшвання, адной сям’ёй. Цяпер вось, напрыклад, добраўпарадкуюць тэрыторыю. Лесаруб Дзмітрый Ціхановіч і вальшчык лесу Пётр Мазун у свабодны ад асноўных абавязкаў час укладваюць тратуарную плітку. Ці такі факт: былы ляснік пенсіянер Франц Мішук узяў клопат пра каня лясніцтва. Ветэраны вытворчасці могуць разлічваць на тое, што ім апрацуюць канём уласныя зямельныя ўчасткі. І такія ўзаемавыручка, узаемаразуменне дарагога каштуюць.

Сяргею Бычкоўскаму пажадаем не астыць сэрцам, так жа нераўнадушна выконваць абавязкі ляснічага, Аляксею Бычкоўскаму – напрацоўваць навыкі вальшчыка лесу, а Георгію Іванавічу – ганарыцца сваімі сынамі, якія дастойна працягваюць справу бацькі.

Святлана ЖЫБУЛЬ
Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *