Стварыць інфармацыйную і метадычную прастору

Адукацыя Важное

Цэнтрам арганізацыі метадычнай работы з’яўляецца вучэбна-метадычны кабінет. Яму належыць вядучая роля ў аказанні педагогам дапамогі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу, абагульненні перадавога педагагічнага вопыту. Пра метадычную работу ў нашым раёне мы пагутарылі з загадчыцай вучэбна-метадычнага кабінета Таццянай Новак.

– Таццяна Сяргееўна, рашэнне якіх задач пры арганізацыі метадычнай работы з’яўляецца прыярытэтным?

– Метадычная работа – гэта цэласная сістэма ўзаемазвязаных мер і мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне кваліфікацыі і прафесійнага майстэрства кожнага настаўніка. Таму ў першую чаргу вучэбна-метадычны кабінет стварае інфармацыйна-метадычную прастору. Гэта садзейнічае развіццю сістэмы адукацыі, арганізацыі інавацыйнай дзейнасці, укараненню ў практыку работы сучасных педагагічных тэхналогій. Мы ажыццяўляем метадычнае суправаджэнне росту прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў і іх паспяховай атэстацыі.

– Якім шляхам можна дасягнуць пастаўленых задач?

– У першую чаргу праз арганізацыю работы раённых метадычных аб’яднанняў настаўнікаў-прадметнікаў і спецыялістаў, правядзенне інструктыўна-метадычных нарад, тэматычных семінараў, арганізацыю і правядзенне педагагічнага марафону, арганізацыю работы «Школы маладога настаўніка», прадстаўленне вопыту педагагічнай дзейнасці праз СМІ, удзел у павышэнні кваліфікацыі, у тэматычных семінарах, навукова-педагагічных канферэнцыях, інтэрнэт-канферэнцыях, правядзенне інтэлектуальных конкурсаў, укараненне ў практыку работы ўстановы адукацыі інавацыйных працэсаў.

– Раскажыце больш падрабязна пра метадычную работу ў нашым раёне.

– У раёне функцыянуюць 28 метадычных аб’яднанняў настаўнікаў-прадметнікаў, настаўнікаў пачатковых класаў, класных кіраўнікоў, школьных бібліятэкараў, педагогаў-псіхолагаў, сацыяльных педагогаў, настаўнікаў-дэфектолагаў, выхавальнікаў групы прадоўжанага дня, работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі, шэсць праблемных і творчых груп, чатыры школы станаўлення майстэрства педагагічных і кіруючых кадраў, 22 апорныя кансультацыйныя пункты, пяць клубаў для творчых работнікаў.

Дзейнасць метадычных фарміраванняў ажыццяўляецца з улікам прафесійных інтарэсаў педагагічных работнікаў, іх запытаў, уменняў і навыкаў. Метадычная работа мае канкрэтныя практычныя выхады ў выглядзе тэхналагічных карт урокаў, тэматычных справаздач, метадычных бюлетэняў, прэзентацый, рэкамендацый, памятак. Эфектыўнасць іх рэалізацыі адсочвалася на практыцы.

Акрамя таго, мы прымаем актыўны ўдзел у абласных метадычных мерапрыемствах, конкурсах, акцыях. Намі аказваецца дапамога ў падрыхтоўцы ўдзельнікаў абласных этапаў конкурсаў «Малады дырэктар», «Настаўнік года», «Я  – даследчык», «Цудоўны свет дзяцінства» і інш.

У нашай установе адукацыі ёсць конкурсы, акцыі, якія створаны нашымі метадыстамі і арганізоўваюцца толькі ў нашым раёне: віртуальная эстафета «Стоўбцы#Маладосць#Здароўе», раённы філалагічны турнір, конкурс відэаролікаў «Вырашай сам!».

Таксама ў гэтым годзе мы прынялі ўдзел у абласным конкурсе вучэбна-метадычных кабінетаў. Журы конкурсу адзначыла якасць метадычных матэрыялаў нашай установы.

– Вы сказалі пра рэсурсныя цэнтры ў раёне. Раскажыце, што гэта і дзе яны ёсць.

– Гэта месца, дзе сабраны інфармацыйныя, метадычныя, адукацыйныя, камунікацыйныя і іншыя рэсурсы па пэўным вучэбным прадмеце або напрамку дзейнасці ўстановы адукацыі. На базе рэсурсных цэнтраў праводзяцца дыстанцыйныя алімпіяды па вучэбных прадметах, тэматычныя семінары, кансультацыі, дадатковыя заняткі з навучэнцамі.

У 2019/2020 навучальным годзе функцыянавалі восем рэсурсных цэнтраў на базе чатырох устаноў адукацыі: у ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Стоўбцы» – рэсурсныя цэнтры па замежных мовах, рускай мове і літаратуры, у ДУА «Гімназія № 1 г. Стоўбцы» – рэсурсныя цэнтры па гісторыі, матэматыцы, хіміі, фізіцы, у ДУА «Старасвержанская СШ» – рэсурсны цэнтр па беларускай мове і літаратуры, у ДУА «Заямнаўская СШ» – рэсурсны цэнтр па здаровым ладзе жыцця. Гэтыя цэнтры працягнуць работу і ў новым навучальным годзе.

Акрамя таго, на базе ДУА «Дзераўнянская СШ» функцыянуе вучэбная лабараторыя пачатковых класаў, у ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Стоўбцы» – вучэбная лабараторыя па замежнай мове абласнога рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій «Неман».

– Што вы пажадаеце педагагічным работнікам з нагоды  пачатку новага навучальнага года?

– Хочацца пажадаць, каб вучні толькі радавалі, работа была цікавай і выніковай, намаганні былі ўзнагароджаны, а планы – рэалізаваны.

Гутарыла Марына КУТАС, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *