У лётчыка мара адна – вышыня. Пілоты-аматары Беларускай парапланёрнай федэрацыі луналі над Дзераўной

Главное Грамадства

Лётчык-інструктар Іван Трыпуць ля пабудаванага ім самалёта

У Дзень ваенна-паветраных сіл Рэспублікі Беларусь, які святкуецца ў жніўні, жыхары Дзераўной убачылі ў вячэрнім небе над іх аграгарадком невялікі спартыўны самалёт, які нізка кружыў над касцёлам. Гэта выклікала ў вяскоўцаў адначасова цікавасць і непаразуменне. Але яны яшчэ больш здзівіліся, калі здалёк адзін за адным з’явіліся некалькі парапланаў і ўсе яны «завіслі» над возерам. Гэта было сапраўднае прадстаўленне, яркае і эфектнае відовішча, якое не пакінула раўнадушным нікога, хто яго назіраў.

Пасля палётаў людзі прыйшлі на імправізаваны аэрадром. Як аказалася, узляцелі авіяапараты з пляцоўкі ў Агародніках. Ініцыятарам і арганізатарам правядзення палётаў выступіў лётчык-інструктар Іван Трыпуць.

– Стварылі для вяскоўцаў сапраўднае свята, паказалі сваё майстэрства, адначасова правялі майстар-клас разам са мной і інструктары Беларускай парапланёрнай федэрацыі, – сказаў падчас сустрэчы Іван Іванавіч. – Усе яны мае сябры, пілоты-аматары. Я таксама з’яўляюся членам гэтага грамадскага аб’яднання. Мы прапагандуем авіяцыйна-тэхнічны, спартыўны напрамак дзейнасці, які буду тут развіваць і далей. Вярнуўся на малую радзіму, дзе нарадзіўся і вырас, каб рэалізаваць мару свайго дзяцінства, да якой ішоў сорак гадоў. Калі ездзіў на матацыкле па прасёлачных дарогах, уяўляў, як буду над імі лятаць. І вось нарэшце мая мара збылася. Мы здзейснілі першыя палёты.

А літаральна «захварэў» небам юнак пасля таго, як пасядзеў за штурвалам ваеннага верталёта МІ-8. Вінтакрылая машына прызямлілася на мясцовым стадыёне. Уражанне было незабыўным. Пасля ўзлёту верталёта хлопец доўга глядзеў, як знікае яго сілуэт. Менавіта тады і вырашыў, што абавязкова будзе лятаць. Скончыў верталётны факультэт Мінскага аэраклуба ДТСААФ Рэспублікі Беларусь імя двойчы Героя Савецкага Саюза С. І. Грыцаўца. Асвойваў спартыўныя верталёты. Але пасля перабудовы верталётны спорт не фінансаваўся, і Іван Трыпуць звязаў жыццё з лёгкай спартыўнай авіяцыяй.

Пілоты-аматары рэалізоўвалі свае мары ў клубах тэхнічнай творчасці, дзе будавалі лёгкія дэльтапланы, планёры, самалёты і самі на іх ляталі.

Міні-самалёт «Мір-01» Іван Трыпуць сабраў сваімі рукамі. На гэта спатрэбілася два гады. Ён крыху падобны на першую мадэль, якую  змайстраваў у 1989 годзе, але канструкцыя была ўдасканалена. Мотапланёр прызначаны для першапачатковага абучэння. Вага канструкцыі – менш за 115 кілаграмаў і па міжнароднай кваліфікацыі не патрабуе рэгістрацыі. Для таго каб на ім лятаць, трэба мець пасведчанне лётчыка і быць членам ГА «Беларуская парапланёрная федэрацыя».

Парапланерыст ідзе на пасадку

– Мару пабудаваць яшчэ два-тры лёгкія пілатажныя самалёты і адкрыць аэраклуб, – дадае лётчык-інструктар. – Прывучаць такім чынам моладзь да здаровага ладу жыцця. За мяжою, у прыватнасці ў Расіі, Германіі, Літве, Чэхіі, Славакіі, Украіне, аэраклубы ёсць і ў многіх такіх малых гарадах, як Стоўбцы.

– Мы не рыхтуем пілотаў, гэтым займаецца вышэйшая навучальная ўстанова, – падкрэслівае Іван Іванавіч. – Наша галоўная задача, каб дзеці разбіраліся ў тэхніцы. Краіне патрэбны граматныя інжынеры, вадзіцелі, механізатары і прадстаўнікі іншых прафесій. А калі чалавек будзе ведаць канструкцыю самалёта і па якім прынцыпе машына лятае, то гарантую, што з матацыклам ён абавязкова справіцца.

На пачатку года ў Дзераўнянскай школе мастацтваў пачаў работу клас авіямадэліравання, у якім займаюцца дзве групы дзяцей.

– Калі даведаўся, што ў школе ёсць аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, то ў мяне ўзнікла ідэя адкрыць тут новы напрамак, і я прапанаваў свае паслугі адміністрацыі школы, – расказвае Іван Трыпуць. – Мяне падтрымалі. Выдзелілі асобны кабінет, дзе мы з навучэнцамі займаемся мадэліраваннем самалётаў. Расказваю ім пра спартыўную авіяцыю.

У музычнай школе працуе клас авіямадэліравання

Іван Іванавіч запрасіў у сваё, калі можна так сказаць, канструктарскае бюро,  дзе нараджаюцца эскізы і макеты розных марак самалётаў. Хлопчыкі з задавальненнем наведваюць клас авіямадэліравання, дзе за паўгода змайстравалі некалькі дзясяткаў зменшаных копій ваенных і грамадзянскіх самалётаў. Ёсць сярод іх і планёры.

– Я прывіваю першапачатковыя навыкі дзецям, у якіх ёсць жаданне займацца тэхнічнымі відамі дзейнасці, – патлумачыў Іван Трыпуць, – а тым, хто захоча звязаць свой лёс з авіяцыяй і выбраць прафесію лётчыка, магу дапамагчы ў падрыхтоўцы да паступлення ў Беларускую дзяржаўную акадэмію авіяцыі.

У канструктарскім бюро  нараджаюцца эскізы і макеты розных марак самалётаў. Хлопчыкі з задавальненнем наведваюць клас авіямадэліравання, дзе за паўгода змайстравалі некалькі дзясяткаў зменшаных копій ваенных і грамадзянскіх самалётаў. Ёсць сярод іх і планёры.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *