Жывая вясна Мікалаеўшчыны

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

image_pdfimage_print

Цікавы вопыт прыродаахоўнай дзейнасці ёсць у Мікалаеўшчынскай сярэдняй школе. Аб гэтым рассказала настаўніца біялогіі, педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Ніна Мікалаеўна Урадава.

Напрыканцы мая вучні школы сабраліся ў святочна аформленай зале, каб разам адзначыць юбілейную дату ўдзелу ў міжнароднай кампаніі «Жывая вясна». Прыйшлі тыя, хто любіць назіраць за аб’ектамі і з’явамі прыроды, хто ахоўвае прыроду і не дасць нікому нанесці ёй шкоду.

Навучэнцы школы з 2004 года з’яўляюцца членамі рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны». А назіранні за прыродай, як адзначыла Н. М. Урадава, дзеці вядуць з 1984 года. Выходзіць, таксама своеасаблівы юбілей. Даныя заносяцца ў спецыяльны каляндар назіранняў. І ён таксама падпарадкаваны акцыям ГА АПБ. Напрыклад, летась, у кастрычніку, удзельнічалі ў штогадовай міжнароднай асветніцкай акцыі «Восеньскія дні назірання за птушкамі». Вынікі назіранняў адправілі ў сакратарыят АПБ.

Цікавымі былі дзействы і ў зімовы перыяд. У лютым удзельнічалі ў акцыі «Птушкі на кармушцы». Вучні выступілі з паведамленнямі аб біялогіі пярнатых, якія прылятаюць падсілкавацца ў «сталоўку», удзельнічалі ў майстар-класе па вырабе кармушак з дапаможных сродкаў. Прынялі ўдзел у конкурсах, атрымалі салодкія прызы.

Шмат уражанняў і ад назіранняў веснавога шчыравання прыроды. Рабяты адзначылі, што ў гэтым годзе амаль на месяц раней звычайных тэрмінаў прачнуліся ад зімовай спячкі пчолы, мурашкі, матылі. У пачатку сакавіка заўважаны былі шпакі, паспяшаліся на радзіму буслы, ластаўкі. Не ў красавіку, а яшчэ ў сакавіку зацвілі вярба, падбел, кусцікі суніц. На мерапрыемстве «Жывая вясна» вучні шостага класа выступілі з прэзентацыяй, расказалі і паказалі на мультымедыйнай устаноўцы сюжэт аб жыцці птушак, назіранні за якімі прапануе правесці АПБ. Ніна Мікалаеўна адзначае самых актыўных удзельнікаў акцыі. Гэта  Д. Герасімчык, З. Лосік, М. Маляўка, К. Ермаковіч, М. Федзіняк, С. Данілава, А. Ермаковіч, Н. Ханенка. За ўдзел у акцыі шчырыя аматары прыроды атрымалі падзякі і граматы.

Арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» прапанавала Мікалаеўшчынскай школе ўдзельнічаць у міжнароднай адукацыйнай праграме «Бусел». Дарэчы, па анкетах АПБ навучэнцы школы прымалі ўдзел у маніторынгу белых буслоў. Падрыхтавана і навукова-даследчая работа аб папуляцыі буслоў у асобныя гады ў Мікалаеўшчыне і яе наваколлі.

Падчас даследаванняў адкрывалася захапляльная праграма са звестак пра птушку, якая стала адным з сімвалаў Беларусі. З месцаў зімоўкі буслы вяртаюцца ранняй вясной. Першыя з’яўляюцца ў другой палове сакавіка, апошнія – у канцы красавіка (даныя «Календара прыроды», які вядзецца ў школе з 1984 года). Птушкі займаюць старыя гнёзды або будуюць новыя. Сваё жыллё бусел будуе пераважна паблізу людскіх паселішчаў. Размяшчае яго на дахах будынкаў, комінах, дрэвах, слупах ліній электраперадач, воданапорных вежах і іншых месцах. Аснова гнязда робіцца з тоўстых галін, а латок высцілаецца пучкамі травы, саломы. Апошнім часам буслы ўжываюць і розныя, так бы мовіць, падручныя матэрыялы дзейнасці людзей – паперу, поліэтыленавыя пакеты, нават вяроўкі. Гняздо аднаўляецца дзесяцігоддзямі. У сярэднім яно важыць 500 кілаграмаў, а можа дасягаць і дзвюх тон. Дыяметр гнязда можа дасягаць двух метраў. Гэтулькі ж і вышыня. У шчылінах гнязда паміж галінамі часта селяцца вераб’і, часам шпакі, белыя пліскі.

У Беларусі месцамі харчавання буслоў з’яўляюцца пераважна вільготныя мясціны – лугі, берагі вадаёмаў. Каб хапала корму нават у засушлівыя гады. Пасля жніва птушкі збіраюць спажытак на палях. Прыгодныя ім для ежы чарвякі, жукі, конікі, рыбкі, жабы, яшчаркі, змеі, мышы, часам птушаняты, краты і нават зайчаняты. Дарослыя птушкі ў перыяд гнездавання палююць больш за 10 гадзін у суткі. Пара, якая гадуе чатырох птушанят, штодня збірае каля трох кілаграмаў корму.

Бусляняты хутка растуць. Ва ўзросце трох-чатырох тыдняў яны ўжо стаяць на гняздзе. У тыдняў сем дасягаюць памераў дарослай птушкі. У два месяцы ўжо здольныя лятаць. У жніўні ўсе быслы рыхтуюцца да адлёту на зімоўку, большасць чародаў кіруюць у Афрыку.

Юныя аматары прыроды сабралі разнастайную інфармацыю аб біялогіі белых буслоў, зрабілі фотаздымкі гнёздаў, апораў, на якіх яны знаходзяцца. Адметная праца – складзеная картка Мікалаеўшчыны з пазначанымі на ёй гнёздамі. У выніку даследаванняў выяўлена, што ў 2013 годзе колькасць занятых гнёздаў склала 9, а незанятых – тры. У 2004 годзе, з пачаткам назіранняў, іх было адпаведна – 11 і два. Сярэдняя колькасць паспяховых птушанят, гэта значыць тых, што добра развіваліся, на пару буслоў у 2004 годзе складала 3,3, а ў 2013-м – 3,1.

Пры назіранні за двума гнёздамі было адзначана, што бусліная пара засяліла гняздо на будынку 17-18 красавіка. Яны вывелі чатырох паспяховых птушанят. Маладыя птушкі пакінулі гняздо 22 жніўня. Згодна з другім назіраннем маладыя буслікі вылецелі з гнязда ўжо 12 жніўня. Пэўна, гняздо на дрэве было цеснаватае для ўсёй сям’і.

Адзначана, што буслы ў Мікалаеўшчыне і яе наваколлі любяць сяліцца ў ціхіх месцах, дзе малы рух транспарту і няма асфальтаванага пакрыцця дарог. Больш гнёздаў пабудавана бусламі на дахах дамоў.

Паколькі буслы служаць індыкатарамі стану навакольнага асяроддзя, то робіцца вывад, што яго якасць у Мікалаеўшчыне і ваколіцах істотна не зменена за перыяд з 2004 года па 2013 год. Але больш дакладна, як лічыць кіраўнік гуртка даследчыкаў Н. М. Урадава, будуць меркаваць навукоўцы, бо ўсе вынікі назіранняў адпраўлены ў сакратарыят АПБ.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *