Адна з найстарэйшых устаноў адукацыі раёна адкрыла свае дзверы для вучняў

Адукацыя Важное Факты, падзеi, людзi

Праляцелі летнія канікулы. Дзеці адпачылі, набраліся сіл і гатовы да новага навучальнага года, сустрэчы з сябрамі, настаўнікамі. У Дзень ведаў прыветна адкрыла дзверы адна з найстарэйшых устаноў адукацыі раёна – Старасвержанская сярэдняя школа. Традыцыйна ў школьным двары ўсе сабраліся на святочную лінейку. У прысутных быў узрушаны настрой. Але асаблівай гэтая лінейка была для першакласнікаў і вучняў 11 класа. З вялікай радасцю ўсіх прывітала дырэктар установы адукацыі, сапраўдны прафесіянал Ніна Аляшкевіч. Яна выказала словы віншавання з пачаткам новага навучальнага года, падзякавала спонсарам школы і бацькам за дапамогу ў падрыхтоўцы ўстановы да сустрэчы вучняў. Дарэчы, іх будзе навучацца 137. Першы званок давалі 16 першакласнікаў і 10 выпускнікоў.

Цікава было паслухаць пасля лінейкі думкі прысутных аб новым навучальным годзе, даведацца, з якім настроем яны прыйшлі і чаго чакаюць.

Ніна Аляшкевіч, дырэктар ДУА «Старасвержанская СШ»:

— Першага верасня – гэта пачатак цікавай дарогі ў краіну ведаў. Вельмі прыемна сустрэць вучняў і іх бацькоў пасля летняга адпачынку, бачыць іх усмешкі і цудоўны настрой. Хочацца, каб гэты навучальны год быў бяспечны, мірны і клапатлівы, напоўнены новымі цікавымі справамі і задумамі. Наш педагагічны калектыў творчы, згуртаваны, працаздольны. Гэта дапаможа выхоўваць у вучняў патрыятызм, дабрыню, любоў да Радзімы, прывіваць ім хрысціянскія традыцыі, накіроўваць іх на новыя дасягненні. А для гэтага ва ўстанове адукацыі створаны ўсе неабходныя ўмовы. Вучням жадаю ўдачы, аптымізму, актыўнасці, а нашай школе – яшчэ больш квітнець і дасягаць творчых поспехаў.

Наталля Клаўшун, настаўніца пачатковых класаў:

Сёлета на мяне ўскладзена вялікая адказнасць. Я сустрэла і прыняла ў нашу школьную сям’ю першакласнікаў. Для іх пачынаецца сур’ёзны перыяд, і мая галоўная задача – дапамагчы ім адаптавацца ў новым асяроддзі, выхаваць іх сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны, навучыць любіць малую радзіму і ганарыцца ёю. Вельмі важна прывучыць учарашніх дашкалят да дысцыпліны, парадку, школьнага рэжыму, прывіць ім навыкі самаабслугоўвання, павагу да школьных традыцый. Бачна, што ўсе яны працаздольныя, камунікабельныя, актыўныя. Хочацца пажадаць сваім вучням, каб яны з радасцю ішлі ў школу, каб усе вучэбныя прадметы лёгка засвойваліся.

Антон Яромін, вучань 11 класа:

— Сённяшняя лінейка для мяне асаблівая. Я вучань выпускнога класа. Ішоў у школу адначасова і з радасцю, і з хваляваннем. З радасцю – ад таго, што чакала сустрэча з сябрамі, настаўнікамі, а з хваляваннем – ад таго, што наперадзе вельмі адказны і клапатлівы перыяд, падрыхтоўка да выпускных экзаменаў. Усведамляю, што вельмі хутка наступіць час, калі пара будзе развітвацца з дзяцінствам і крочыць у дарослае жыццё, дзе ўсе рашэнні давядзецца прымаць самастойна. Настройваюся сур’ёзна працаваць, каб паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Мару стаць дызайнерам. Жадаю ўсім сваім сябрам поспехаў у вучобе, дасягнення пастаўленых мэт і ўдачы.

Алеся Гелейша, маці чацвёртакласніка:

— Новы навучальны год – гэта новыя пачынанні, новыя веды, задачы, дасягненні. Мой сын сёлета перайшоў у чацвёрты клас. Мы ганарымся ім. Ён выдатнік, займаецца спортам, любіць удзельнічаць у розных конкурсах і алімпіядах. Думаю, гэты навучальны год будзе даволі напружаным, таму што заканчваецца пачатковая школа, наперадзе – сярэднія класы. Зразумела, што і нам, і сыну працаваць прыйдзецца шмат, але спадзяёмся, што гэтая праца дасць плён. Жадаем усім дзецям нашага класа паспяховага навучальнага года, цікавасці да вучобы. Няхай і далей у класе будуць такія сяброўскія адносіны і ўзаемавыручка, што з першых дзён у школе прывівае ім іх настаўніца.

Вольга Васільева, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *