Ад агранёманскіх хлебаробаў

Нумары Ураджай-2014

image_pdfimage_print

Першымі пачалі продаж збожжа новага ўраджаю ў лік дзяржзаказу хлебаробы ААТ «Агранёманскі». У мінулы аўторак аўтамашыны з піваварным ячменем заехалі на тэрыторыю УП «Стаўбцоўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства». Суправаджаў груз намеснік дырэктара па раслінаводстве Іван Скварчэўскі. Сустрэлі кіраўніка агранамічнай службы ўрачыста, з караваем.

– З вашай лёгкай рукі наша прадпрыемства прыступіла да прыёмкі збожжа новага ўраджаю, – сказаў  дырэктар Мікалай Пуляк. –  Дзякуй вам за шчырую працу. Вязіце пабольш, прымем столькі, колькі адгрузіце.  

У Івана Скварчэўскага настрой прыўзняты. Ураджай вырашчаны неблагі. Таварыства ў ліку лідараў і па тэмпах уборкі, і па ўраджайнасці. Надвор’е спрыяе жніву. Іван Іванавіч расказвае, што зжаць збожжа неабходна больш як на 2400 гектарах. Правялі на мінулым тыдні «Зажынкі», настроілі людзей на працу. У полі працуюць дзесяць экіпажаў камбайнераў, і ім цалкам па сіле справіцца з пастаўленай задачай у самыя сціслыя тэрміны. Галоўнае, каб усе ўчасткі збажыны хутчэй даспелі.

Згодна з дзяржзаказам, сёлета з гаспадарак нашага раёна на хлебапрыёмнае прадпрыемства  паступіць  17 тысяч тон збожжа:  дзевяць тысяч –  жыта, чатыры тысячы  – піваварнага ячменю, 3,5 тысячы – пшаніцы і 500 тон харчовага ячменю.

– Склады ў нас як след падрыхтаваны, камісія прыняла іх з добрай адзнакай, – патлумачыў дыспетчар Павел Яраховіч. – Збожжа на захоўванне будзе паступаць да нас  і з іншых раёнаў. Дзеля гэтага летась пабудавалі новыя круглыя ёмістасці ўмяшчальнасцю дзесяць тысяч тон. Пераабсталявалі выгрузныя кропкі, зрабілі пад’ёмнікі. Акрамя гэтага мы прымаем масланасенне рапсу з сельгаспрадпрыемстваў Мінскай і Гродзенскай абласцей. Плануем прыняць каля дзесяці тысяч тон. Стаўбцоўскія вытворцы возяць масланасенне напрамую на Клецкі камбікормавы завод.

Як сказаў дырэктар ДУП «Аўтапарк №17» Іван Бычкевіч, з якім сустрэліся на прадпрыемстве, праблем з дастаўкай збожжа не будзе. На гэтай рабоце задзейнічаюць не менш за дзесяць аўтасамазвалаў і па меры неабходнасці выдзеляць тэхніку дадаткова. Возяць збожжа і два велікагрузы хлебапрыёмнага прадпрыемства.

У першы дзень з ААТ «Агранёманскі» паступіла 140 тон піваварнага ячменю. Збожжа сёлета ў агранёманцаў буйное, прыгожае. Згодна з праведзенымі ў вытворча-тэхнічнай лабараторыі прадпрыемства аналізамі, увесь ячмень адпавядаў асноўным  параметрам – вільготнасць і бялок у межах нормы. На наступны дзень прывезлі пшаніцу жацераўскія хлебаробы. Продаж збожжа дзяржаве  актывізуецца.

Надзея БАТАЛКА

На здымках: дырэктар хлебапрыёмнага прадпрыемства Мікалай Пуляк уручае каравай намесніку дырэктара па раслінаводстве ААТ «Агранёманскі» Івану Скварчэўскаму (злева); сноп новага ўраджаю ў руках старшыні прафкама прадпрыемства Паўла Яраховіча.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *