На прасторах Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

АДЧУЦЬ РЭАЛЬНАСЦЬ ПРАГРЭСУ

Настрой у Святланы Шваркуновай працоўна прыўзняты, адпавядае маштабным вытворча-тэхнічным зменам на Стаўбцоўскім філіяле Гарадзейскага цукровага завода. Прыемна маладой апаратчыцы працаваць на сучаснай лініі асептычнага кансервавання, адчуваць рэальнасць тэхнічнага прагрэсу, прыкладваючы свае веды і старанне.

Васіль ЗЯНЬКО

 

НОВАБУДОЎЛЯ ВУЛІЦЫ МІРУ

На вуліцы Міру ў Стоўбцах з’явіўся новы 60-кватэрны жылы дом – жыллёва-будаўнічы кааператыў “Стоўбцы-4”.

Новабудоўля віруе з раніцы да вечара  – рыхтуецца да засялення. Гэтымі днямі ў кватэры з тыпавымі спажывецкімі якасцямі падаецца электрычнасць, запускаецца газ. Наводзяцца апошнія штрыхі.

Як адзначыў галоўны інжынер ДП “УКБ Стаўбцоўскага раёна” Мінаблвыканкама Андрэй Панашчык, дом знаходзіцца на этапе перадачы  ад прадпрыемства-заказчыка непасрэдна кааператыву. Узводзіла яго генпадрадная арганізацыя – ДУП «ПМК-233». Якасць выкананых ёю работ заказчык ацэньвае станоўча. “Стоўбцы-4” будавалі крыху больш за год, улічваючы змены ў жыллёвым заканадаўстве рэспублікі. 

У сельскай мясцовасці таксама ёсць чаму парадавацца – дзесяць аднакватэрных жылых дамоў, узведзеных з дзяржпадтрымкай, з’явілася ў Рубяжэвічах. 

Раённая жыллёвая праграма, зацверджаная на 2014 год, рэалізуецца ў адпаведнасці з графікам. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

У ФЕРМЕРСКАЙ ГАСПАДАРЦЫ

На базе фермерскай гаспадаркі “Сула” прайшоў выязны семінар-вучоба. Яго тэма: «аптымізацыя выкарыстання сродкаў абароны раслін пры вырошчванні раяніраваных айчынных і замежных сартоў  розных культур. У прыватнасці, азімых і яравых збожжавых і рапсу, бульбы. У семінары прынялі ўдзел галоўныя аграномы, аграномы-аграхімікі, брыгадзіры вытворчых участкаў сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Арганізавала мерапрыемства замежнае таварыства з абмежаванай адказнасцю BASF, супрацоўнікі якога выпрабоўваюць сродкі абароны раслін на пасевах фермерскай гаспадаркі. Тут размяшчаецца Аграцэнтр кампаніі BASF, якая іх і выпускае. Палеткі фермера – ідэальная вопытная пляцоўка праверкі ўкаранення інавацыйных падыходаў вырошчвання сельскагаспадарчых раслін у рэальных вытворчых умовах. Прадстаўнік ЗТАА BASF Андрэй Мяшкевіч расказаў спецыялістам аб перавазе перадавых сучасных тэхналогій у апрацоўцы раслін і важнасці данага аграпрыёму. Паказаў доследныя ўчасткі, дзе былі прыменены прэпараты кампаніі. Падрабязна расказаў аб гэтых сродках абароны раслін і эканамічнай выгадзе выкарыстання. 

 

АБ’ЯЎЛЕНЫ МЕСЯЧНІК

З 21 ліпеня па 21 жніўня ў вобласці, і адначасова ў раёне, праводзіцца месячнік па ахове працы на тэму – “Уборачная кампанія – без траўматызму”.

Падобныя мерапрыемствы арганізоўваюцца штогод і ставяць мэтай прафілактыку гібелі і траўміравання работнікаў на вытворчасці. А іменна, стварэнне работнікам бяспечных умоў працы пры падрыхтоўцы і правядзенні масавай уборкі ўраджаю.  У раёне створана мабільная група, якая пачала праверку прытрымлівання занятымі на жніве ў сельгасарганізацыях нормаў і правілаў па ахове працы, транспартнай і пажарнай бяспекі.   

 

БЛАКІТНАЕ ПАЛІВА ДЛЯ ВЁСКІ ЛІТВА

У апошнія гады жыхары Цеснавой-1 і Цеснавой-2, а таксама Куля Літвенскага сельсавета адчулі перавагі прыроднага газу. Праектна-даследчыя работы ў гэтым напрамку праводзяцца на даны момант у Мешычах, каб у 2015 годзе пачаць газіфікацыю вёскі. Газіфікацыя  Рочавічаў запланавана на 2016 год. У абодвух населеных пунктах з ліку жадаючых арганізаваны кааператывы.

З так званых вялікіх вёсак сельсавета газавая нявызначанасць пакуль застаецца ў Літвы. Жыхары вёскі, сярод якіх пераважаюць пенсіянеры, вельмі хацелі б правесці ў свае дамы прыродны газ. Але што стрымлівае? Усе акалічнасці былі абмеркаваны на нядаўнім сходзе з жыхарамі, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі райгаза і раённага выканаўчага камітэта. Адлегласць да Літвы з Куля або Рочавічаў, бліжэйшых населеных пунктаў, дзе ідзе газаправод сярэдняга ціску, складае больш за сем кіламетраў. Дзяржава кампенсуе выдаткі на будаўніцтва магістралі працягласцю да трох кіламетраў. Выходзіць, што яе будаўніцтва ў значнай ступені можа быць прафінансавана за кошт уласных сродкаў людзей. А гэта сотні мільёнаў рублёў.

– У свой час былы калгас “1 Мая” не знайшоў сродкаў на газіфікацыю, – зазначае старшыня Літвенскага сельвыканкама Тадэвуш Галавач. – Але сёння ў той жа Літве актыўнымі тэмпамі распачалася прыватызацыя калгаснага жылля. Як правіла, яна датычыць двухпавярховых чатырохкватэрных дамоў. Не на ўсе ёсць неабходная дакументацыя, таму цяперашняе ААТ “Рочавічы” паралельна займаецца і яе вырабам. У гаспадарцы лішніх грошай няма, таму жыльцы дапамагаюць – яны робяць укладанні ў залік будучай прыватызацыі.             

 

З ВЫСТАВЫ – НА ПАЛЕТКІ

На палетках ААТ “Шашкі” на мінулым тыдні праходзіў выпрабаванне першы беларускі высокаклірансны самаходны апырсквальнік “БЛ-3000” вытворчасці ТАА “Блюмінг”.

Канструктары ўзялі за аснову трактар “Беларус-80.1” і ўстанавілі яго на высокакліранснае шасі. Дырэктар таварыства Валерый Ільюшэнка ўбачыў апырсквальнік на выставе “Белагра-2014”.

– Тэхніка зацікавіла, таму прапанаваў кіраўніцтву кампаніі выпрабоўваць яе  на нашых палях, – сказаў Валерый Васільевіч. – Эксперымент прайшоў удала.

На апырсквальніку ўстаноўлены навігатар і камп’ютар, таму апрацоўка раслін праводзіцца з даволі высокай дакладнасцю. Размах штангаў самаходнага апырсквальніка дваццаць чатыры метры, што дазваляе эканоміць паліва. Ды і каштуе “БЛ-3000” намнога танней за замежны аналаг.

Пр

 

УКЛЮЧЫЛІ ХУТКАСЦЬ

Гэты нядзельны дзень прынёс стаўбцоўскім аматарам футбола задавальненне. Каманда “Нёман-Агра” адолела сапернікаў з Салігорскага раёна з лікам 4:2.

“Аўтамабіліст” – такая назва салігорскага спартыўнага калектыву. Аднак высокія хуткасці ўключылі менавіта футбалісты нашай каманды. Свой чарговы гол, сямнаццаты па ліку ў чэмпіянаце вобласці, правёў у вароты сапернікаў Дзмітрый Даўбейка. Як і належыць капітану, вёў наперад таварышаў Андрэй Шпадарук. На рахунку самага вопытнага іграка каманды стаўбчан у гэтай сустрэчы два галы. І, вядома, парадаваліся ўсе за Аляксея Рудзянка. Здольны нападаючы, які, так бы мовіць, паблукаў па свеце, спрабуючы свае сілы ў розных камандах не толькі беларускіх, але і расійскай – у Сочы, нарэшце зноў адзначыўся трапным ударам на карысць клуба, які даў яму пуцёўку ў спорт. Аляксей – спартсмен малады, і спадзяёмся, што ён яшчэ не раз сябе ярка праявіць.

Такім чынам у каманды “Нёман-Агра” пасля адзінаццаці праведзеных сустрэч 21 ачко. Стаўбчане па-ранейшаму займаюць трэцяе месца ў падгрупе “Б” першынства Міншчыны. Вышэй іх у турнірнай табліцы ФК “Старыя Дарогі” і “Гарадзея-2”, якія ў чарговым туры таксама атрымалі перамогі.

Сёння нашы футбалісты правядуць сустрэчу ў Капылі. Каб гарантаваць месца ў першай чарвёрцы ўдзельнікаў на папярэднім этапе, трэба, безумоўна, імкнуцца да перамогі. Вобразна кажучы, не збаўляць хуткасці.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *