Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістравана па раёне 13 шлюбаў. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі шэсць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Вікторыя Янушка, Жасмін Салех, Мікіта Алішаў, Міраслава Лычова, Вера Прымакова і Арына Русецкая.

Зямны шлях закончыўся для 11 чалавек.

У пажарнай часці вогненных здарэнняў не занатавана. Адбыліся два трагічныя выпадкі на вадзе. Рубяжэвіцкае і Засульскае азёры забралі жыцці 29-гадовых мужчын. Сігналы аб няшчасных здарэннях паступілі ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях у нядзелю і аўторак. Маладыя людзі адпачывалі ў кампаніі з сябрамі. Целы тапельцаў знойдзены. З мэтай папярэджання гібелі людзей на рэках і вадаёмах, супрацоўнікі РАНС і таварыства выратавання на водах правялі ў месцах масавага адпачынку грамадзян прафілактычныя гутаркі аб правілах паводзін на вадзе.

Міліцыяй зарэгістравана 140 паведамленняў аб правапарушэннях. Узбуджана тры крымінальныя справы, ва ўсіх устаноўлены падазраваемыя. З двух аўтамабіляў, якія знаходзіліся ў двары жыхара Кондратавічаў, зламыснік украў грошы, музычны цэнтр, навігатар, ноўтбук і іншыя рэчы.

Пракуратурай раёна праведзена праверка прытрымлівання працоўнага заканадаўства ў частцы своечасовай выплаты заработнай платы ў ААТ “Аталезь-агра”. Устаноўлена, што за красавік работнікі таварыства атрымалі заработную плату на месяц пазней устаноўленага калектыўным дагаворам тэрміну. На дырэктара гаспадаркі складзены пратакол.

Суд аштрафаваў на 45 мільёнаў рублёў раней двойчы судзімага жыхара райцэнтра за ўхіленне ад выканання прыгавора аб пазбаўленні права займацца пэўнай дзейнасцю. Стаўбчанін асуджаны на 160 гадзін грамадскіх работ за нявыплату больш за тры месяцы на працягу года аліментаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей. На 22 базавыя велічыні аштрафавана жыхарка Падлесся, якая наўмысна абражала супрацоўніка міліцыі і, будучы затрыманай, аказала непадпарадкаванне. На жыхара горада, які знаходзіўся ў нецвярозым стане і ўчыніў дома скандал, накладзены штраф у памеры 300 тысяч рублёў. На тры базавыя велічыні кожны аштрафаваны два скандалісты, якія нападпітку парушалі грамадскі парадак, крычалі і нецэнзурна выказваліся: адзін – у неўралагічным аддзяленні райбальніцы, другі – на адной з вуліц Новага Свержаня. Учыніў скандал у бальніцы і жыхар Гнецькаў, за што атрымаў 300 тысяч рублёў штрафу.

ДАІ выявіла 174 парушэнні дарожнага руху. Сярод парушальнікаў сем нецвярозых вадзіцеляў, у ліку якіх матацыкліст і скутарыст, 19 недысцыплінаваных пешаходаў (двое п’яных) і два веласіпедысты. У мінулую суботу адбыліся чатыры дарожна-транспартныя аварыі, тры – з матэрыяльным уронам. Пры пераездзе аўтамагістралі ля вёскі Заямнае веласіпедыст не прапусціў легкавушку. Машыну пасля рэзкага тармажэння занесла, адбылося сутыкненне, але віноўнік  пры гэтым практычна не пацярпеў – яго зачапіла па датыкальнай і ён атрымаў толькі сінякі.

Хуткая  выязжала да хворых 203 разы, чатыры сігналы паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем, два медыкі прылічылі да неабгрунтаваных.

Падрыхтавала Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *