Абслугоўванне

Гандаль Нумары

image_pdfimage_print

КАБ ЗРАБІЦЬ ПАТРЭБНЫ ВЫБАР

Калі заглянеце ў магазін «Чаравікі», што ў райцэнтры, то пэўна парадуецеся багатаму асартыменту  не толькі абутку, але і парфумы, галантарэі, вопраткі. Зрабіць патрэбны выбар вам ахвотна дапамогуць вопытныя прадаўцы Алена Высоцкая і Валянціна Паўлоўская.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ФІРМЕННЫ СТЫЛЬ «ПЯТАЧКА»

Магазін з сімвалічнай назвай – “Пятачок” – філіяла “Стоўбцы” ААТ “Мінскі мясакамбінат” па праву можна назваць візітнай карткай  фірменнага гандлю мясакамбіната.

Размешчаны ў самым цэнтры шматкватэрнага жылога мікрараёна Стоўбцаў, на скрыжаванні ажыўленых вуліц, побач з аўтадарогай і раённай бальніцай, магазін гэты не бывае без наведвальнікаў.

– У пятніцу і выхадныя дні ў нас шмат пакупнікоў і са сталіцы, – заўважае загадчыца магазіна Таццяна Папоўская.

Пакупнікі заезджыя, зрабіўшы пакупку ў “Пятачку” аднойчы, імкнуцца трапіць да нас і другі раз, і  трэці… Невыпадкова, што сярэднямесячны тавараабарот “Пятачка” – 1 мільярд 100 мільёнаў рублёў, адзін з самых значных сярод дзевяці фірменных магазінаў стаўбцоўскага мясакамбіната. У Стоўбцах па вуліцы Міру, дарэчы, перапрацоўшчыкі будуюць і свой дзясяты магазін.

З першага дня адкрыцця “Пятачка” – а было гэта шэсць гадоў таму – прыцягвае пакупнікоў багаты асартымент прадукцыі, сярод якой вялікім попытам карыстаюцца свежае незамарожанае мяса і мясныя паўфабрыкаты, разнастайныя каўбасныя далікатэсы. Па заяўцы ўсё гэта падвозіцца з камбіната штодзённа, таму пытанняў з асартыментам, якасцю не ўзнікае. Халадзільная гаспадарка магазіна прадстаўлена шасцю маразільнымі камерамі і васьмю халадзільнікамі, аб’ёмнай халадзільнай камерай. Рэгулярна завозяцца ад пастаўшчыкоў і іншыя тавары штодзённага попыту – малочныя, хлебабулачныя, кандытарскія, бакалейныя, вінагарэлачныя. Гэтымі летнімі днямі ў гандлёвай зале магазіна працуе кандыцыянер – сапраўды прыемна рабіць пакупкі.

У дзень нашай сустрэчы абслугоўвалі пакупнікоў Таццяна Гацура і Ала Юнцэвіч. Пакупнікі выбіраюць, просяць паказаць з вітрын мясныя кавалачкі, якія спадабаліся. Прадаўцы не забываюць прапаноўваць ім навінкі мясакамбіната і казаць “дзякуй”.

Знаёмімся з адным з пакупнікоў, які на ветлівасць прадаўца адказвае ўсмешкай. Франц Дзям’янка прыязджае ў Стоўбцы з пасёлка Нёман да дзяцей, каб паняньчыцца з унукам. Дзядуля прызнаецца: “Абавязкова заходжу ў “Пятачок”, набываю свежае мяса. Тут і выбар вялікі. Разлічыцца можна наяўнымі грашыма або з дапамогай банкаўскай пластыкавай карткі”.

Свае ўдзячныя словы, а калі што – то і слушныя падказкі, пакупнікі маюць магчымасць занатаваць і ў кнізе водгукаў і прапаноў. Гартаючы яе, пераконваюся, што супрацоўніцтва калектыву магазіна і пакупнікоў носіць дружалюбны, пазітыўны характар. “З пакупнікамі працуем, стараемся пазбягаць канфліктных сітуацый”, – тлумачыць Таццяна Папоўская. Яна і сама становіцца за прылавак, калі трэба падмяніць каго з калег, даць магчымасць паабедаць (рабочы дзень – з васьмі раніцы да дзевяці вечара, без афіцыйнага перапынку на абед). Балазе, у “Пятачку” прадугледжана для гэтага службовае памяшканне, аснашчанае неабходнымі электрабытавымі прыборамі.

У дружным калектыве магазіна працуюць таксама Наталля Есьман, Галіна Сачук, Наталля Марчэўская. Усе прадаўцы – вопытныя, стараюцца, каб пакупнікі былі задаволены.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *