Стаўбцоўшчына — родны дом

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

ЗЯМЛЯ ПАРАДКУ ПРОСІЦЬ

У нашым раёне, як і ў рэспубліцы ў цэлым, важнае значэнне надаецца навядзенню парадку на зямлі і рацыянальнаму яе выкарыстанню. Патрабаванні, якія прад’яўляюцца, даволі высокія. А ў сувязі з правядзеннем Года гасціннасці актуальнасць іх узрастае.

Такім чынам, навядзенне парадку на зямлі з’яўляецца абавязкам кожнага ўладальніка тэрыторыі. У нашым раёне ў гэтым накірунку рэалізуецца шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на прывядзенне ў належны стан вытворчых і сельскагаспадарчых аб’ектаў, павышэнню эфектыўнасці землекарыстання. Кожны тыдзень даныя пытанні разглядаюцца на рабочых нарадах, якія праводзіць старшыня райвыканкама. На апошняй прагучала рэзкая крытыка і прыводзіліся адпаведныя прыклады. Вывад адназначны – безгаспадарчасці быць не павінна.

З мэтай праверкі выканання адпаведнага распараджэння райвыканкама аб рацыянальным выкарыстанні зямель сельгаспрадпрыемствамі розных формаў уласнасці, рэйдавая брыгада, у склад якой увайшлі прадстаўнікі агранамічнай службы райсельгасхарча, землеўпарадкавальнай службы райвыканкама, работнікі Заямнаўскага сельвыканкама, пабывала на сельскагаспадарчых аб’ектах сельсавета. 

За вёскай Заямнае, дзе  пасаджаны сад фермерскай гаспадаркі “Иванушка”, убачылі няўбранае галлё пасля абрэзкі саду і няскошанае пустазелле, якое кідаецца ў вочы ўсім, хто праязджае па  дарозе Стоўцы – Івянец. Не лепшае становішча і ў СФГ “Илго”. Участак фермера СФГ “АлинаСАМ” мяжуе з магістраллю М1/Е30, і ўздоўж яго непрыгожа тырчыць пустазеле. І на іншых сельскагаспадарчых вытворчых аб’ектах, якія наведала брыгада, былі зроблены адпаведныя заўвагі, бо літаральна ва ўсіх на ўскрайках пустазелле ў поўнай меры не абкошваецца. Хоць справа гэтая не патрабуе вялікіх фінансавых затрат. Неабходна толькі займацца навядзеннем парадку пастаянна.

Дарэчы, не ўсе суб’екты гаспадарання, маюцца на ўвазе фермерскія гаспадаркі, эфектыўна выкарыстоўваюць зямлю. Сёлета два фермеры (прэтэндэнтаў яшчэ трое) былі пазбаўлены выдзеленых зямельных участкаў.  СФГ “Успешное дело” так і не стала паспяховым. Уладальнік не праводзіў на ім ніякіх мерапрыемстваў. Участак не быў заараны, а замест пладовых насаджэнняў на ім расло пустазелле. Не лепшы стан і на ўчастку СФГ “Стоцкий Фальварок”, які таксама зарос. А такія адносіны да зямлі прыводзяць да зніжэння ўрадлівасці глебы і іншых яе карысных уласцівасцяў.

На шляху маршруту – ПДСУП “Профі-Аграцэнтр”. На гэтым прыватным прадпрыемстве шмат зроблена па прыцягненні ў гаспадарчы абарот  патэнцыяльна ўрадлівых зямель, якія не выкарыстоўваліся. Заарана 40 гектараў вакол фермаў і 200 – няўдобіц. Такім чынам павялічаны пасяўныя плошчы, на якіх высяваюцца розныя сельскагаспадарчыя культуры. А гэта дадатковыя тоны збожжа і травяных кармоў  для жывёлы. Эфектыўна выкарыстоўваецца зямля – павялічваюцца і эканамічныя паказчыкі. Добраўпарадкаваны прадпрыемствам і каля 70 гектараў пакуль што нявыкарыстанай зямлі, якая прадугледжана пад індывідуальнае будаўніцтва ў новым мікрараёне “Паўднёвы-2”. Пакуль участкі забудоўшчыкам не адведзены, было вырашана аддаць прыватнікам плошчу, што перарэзана ўздоўж і ўпоперак дарогамі, засмечана. І цяпер тут парадак –  пасеяна кукуруза на зялёны корм.

Навядзенне парадку на зямлі – справа не аднаго дня. І ў данай рабоце, як і ў любой іншай, павінен быць сістэмны падыход. Каб вёскі выглядалі годна і госці нашага раёна захапляліся яго прыгажосцю і чысцінёй, трэба працаваць.

У бліжэйшы час рэйдавая брыгада наведаецца і ў іншыя сельсаветы, каб праверыць, ці мэтава выкарыстоўваецца зямля. І калі на першы раз абышлося без пратаколаў, бо кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і фермерскіх гаспадарак паабяцалі навесці парадак, то ў наступны за падобныя парушэнні будуць накладзены пакаранні.

Дзмітрый АСТРЭЙКА, начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама; Барыс БАРЫСЕВІЧ,начальнік аддзела раслінаводства райсельгасхарча; Святлана БАБКОВА, вядучы спецыяліст землеўпарадкавальнай службы райвыканкама; Уладзімір ГАРОХАВІК, старшыня Заямнаўскага сельвыканкама; Надзея БАТАЛКА, супрацоўнік раённай газеты

Здымкі зроблены на ўчастках СФГ “Иванушка” і “АлинаСАМ”.

 

ДЗЕ ХОЧАЦЦА КУПАЦЦА

У разгар лета, калі хочацца прахалоды, мы зазірнулі з рэйдавай брыгадай на вадаёмы, якія з’яўляюцца зонамі масавага адпачынку. Рашэннем райвыканкама ад 10.02.2014 № 161 “Аб мерапрыемствах па падрыхтоўцы зон масавага адпачынку да купальнага сезона 2014 года на водных аб’ектах Стаўбцоўскага раёна” іх зацверджана восем. Усе яны маюць свайго гаспадара – за кожным замацавана прадпрыемства або арганізацыя з мэтай падтрымання на працягу сезона належнага парадку.

Адразу  “акунуцца” хочацца ў тыя вадаёмы, дзе да купальнага сезона сапраўды падрыхтаваліся. Пляжы на возеры ў вёсцы Падгорная (ТАА “Рудзьмянская гаспадарка”), на возеры Кромань (НТВК “Аналіз-Х”), на рацэ Нёман (турбаза “Высокі бераг”) абсталяваны ўсім неабходным: кабінамі для пераапранання, малымі архітэктурнымі формамі, урнамі і кантэйнернымі пляцоўкамі, туалетам. Навокал іх адкрываюцца чыстыя і прыемныя воку краявіды, багатыя на адпачываючых.

«Дно акваторыі на гэтых пляжах бяспечнае, бо прайшло падводную ачыстку. За якасцю рачной вады мы вядзем лабараторны кантроль. Тэрыторыі гэтых зон адпачынку апрацаваны ад кляшчоў”, – дадае да ўбачанага важныя акалічнасці ўрач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Рык.         

Добрыя ўмовы для адпачынку створаны і на рацэ Нёман, на пляжы ў межах горада. Тут пастараліся камунальнікі, таксама як і на гарадскім возеры, дзе пляж прыведзены ў парадак сумеснымі намаганнямі аб’яднання камунальных службаў і прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Але на момант рэйду ўзніклі пытанні па ўтрыманні абодвух пляжаў. У першую чаргу, гэта нясвоечасовае скошванне травы. Згодна з патрабаваннямі, абкошваць неабходна і сам пляж, і тэрыторыю вакол яго на адлегласці не менш чым 25 м. А так ідзе ў рост сакавітая прыбярэжная трава, а на ёй, як вядома, добра пажывіцца і дамашняй жывёле, якая тут пасецца.

У зоны адпачынку на гарадскім возеры акрэслілася свая адметнасць – засмечанасць… акуркамі. Асабліва неахайна выглядаў так званы востраў, дзе адпачываючых прывабліваюць альтанкі. На жаль, урнаў ля іх мы так і не знайшлі…

Надзвычай папулярны пляж на рацэ Нёман у раёне дзіцячага аздараўленчага лагера “Церамок” (філіял “Кіруючая кампанія холдынгу “Мінскі маторны завод” у г. Стоўбцы). Бавяць час тут як жыхары нашага раёна, так і турысты з розных мясцін Беларусі. Таму рамонт патрэбен ахоўнаму экрану кантэйнернай пляцоўкі. А сама пляцоўка,  ёмістасці для збору цвёрдых камунальных адходаў, пляжны туалет чакаюць ачысткі. Пакос прыбярэжнай тэрыторыі, інфармацыйнае напаўненне стэнда – таксама задачы з разраду надзённых.

Не пустуюць і зоны масавага адпачынку на вадзе  ў Горках (ААТ “Жацерава”) і Новай Вёсцы (ААТ “Вялікі Двор”). Пры тым, што асноўныя падрыхтоўчыя работы гаспадаркамі праведзены, належнага ўтрымання пляжаў не назіраецца. Пляж на возеры ў Горках  засмечаны галлём, іншым друзам, берагі не абкошаны.

“Стандартны” характар носяць парушэнні і на пляжы возера ў Новай Вёсцы.

Падчас рэйду старшы матрос стаўбцоўскага выратавальнага паста Іосіф Грыгарцэвіч засяроджвае ўвагу на наступным:

– Зоны купання, за выключэннем возера ў Падгорнай, не абазначаны буямі, на трох зонах масавага адпачынку (возера ў Горках, возера Кромань, пляж на рацэ Нёман у раёне лагера “Церамок”) адсутнічаюць стаянкі для аўтатранспарту.

У рэйдзе ўдзельнічалі: Наталля РЫК, урач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі; Іосіф ГРЫГАРЦЭВІЧ, старшы матрос стаўбцоўскага выратавальнага паста; Таццяна ПЯТКЕВІЧ, карэспандэнт



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *