Стоўбцыгаз славіцца працоўнымі традыцыямі

Главное Эканомiка

«Стоп-сістэма» супраць адключэння 

Работнікі філіяла ВУ «Стоўбцыгаз» актыўнымі тэмпамі вядуць тэхнічнае пераўзбраенне сістэм газазабеспячэння, каб гарантаваць сваім спажыўцам надзейнае і якаснае  абслугоўванне.

Начальніка службы эксплуатацыі Аляксандра Кутаса мы сустрэлі не ў кабінеце, а ў полі на ўскраіне Стоўбцаў, побач з вуліцай Багдановіча. Яшчэ нядаўна тут гулі камбайны сельгаспрадпрыемства – убіралі трыцікале,  а цяпер працуе  спецыялізаваная тэхніка УП «Мінскаблгаз». Газавікі чакалі гэтага моманту, каб на свабодным ад пасадак полі, праз нетры якога праходзіць газаправод высокага ціску, прыступіць да замены ўстройства, неабходнага ў выпадку адключэння.

Аляксандр Кутас – кіраўнік работ на даным аб’екце. У катлаване завіхаюцца слесары службы эксплуатацыі Сяргей Кізевіч і Валерый Варанко. Дапамогу ў правядзенні работ аказвае брыгада Мінскага рамонтна-вытворчага ўпраўлення Мінскаблгаза.

Начальнік службы эксплуатацыі Аляксандр Кутас (справа) і слесар Сяргей Кізевіч ля дзеючага газаправода высокага ціску,
на якім работы вядуцца без адключэння спажыўцоў

– Работа планавая, і справімся з ёю ў нарматыўныя тэрміны, – запэўнівае Аляксандр Кутас. Як прафесіянал у сваёй сферы Аляксандр Іванавіч коратка, але ёмка знаёміць з акалічнасцямі і тэхнічнымі дэталямі працэсу: – На дзеючым газаправодзе мяняем засаўку дыяметрам умоўнага праходу 250 мм на кран шаравы такога ж дыяметра з дапамогай «стоп-сістэмы». Гэта значыць, што спажыўцоў не прыйшлося адключаць, і ў іх не ўзнікла ніякіх нязручнасцяў.

Тэму працягвае начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Стоўбцыгаза Галіна Ксяневіч, якая тлумачыць: «У філіяле з выкарыстаннем «стоп-сістэмы» сёлета заменена на размеркавальных газаправодах дзевяць аналагічных устройстваў».

Галіна Іванаўна пералічвае і іншыя значныя мерапрыемствы  ў плане тэхнічнага пераўзбраення прадпрыемства, якія ўжо рэалізаваны. Сярод іх – замена газарэгулятарнага пункта на шафавы газарэгулятарны пункт на вуліцы М. Горкага ў Стоўбцах, замена шафавага газарэгулятарнага пункта ў Новых Рубяжэвічах, замена тэлеметрыі на больш чым трох дзясятках дзеючых газарэгулятарных пунктаў і інш. На ГРП паступова выводзіцца са строю маральна састарэлае абсталяванне і на змену яму з’яўляецца сучаснае.

У цэнтры абслугоўвання насельніцтва гатовы даць кансультацыю начальнік службы ўліку газу Вольга Ёдчык (трэцяя злева) і кантралёры – Паліна Камяк, Наталля Кажамяка, Аліна Карнілава

Газіфікацыя прыйшла ў Хатаву

Сёлета, як і ў мінулыя гады, філіял забяспечыў бесперабойную, безаварыйную падачу прыроднага і звадкаванага газу ўсім прамысловым і камунальна-бытавым спажыўцам, а таксама насельніцтву.

У адпаведнасці з апошнімі данымі, на абслугоўванні філіяла знаходзяцца больш за 810 км газаправодаў. Іх працягласць павялічылася апошнім часам на 1,77 км.

Так, пабудаваны газаправод і ажыццяўляецца газіфікацыя прыватнага жыллёвага фонду вёскі Хатава ў рамках Указа Прэзідэнта № 368. Сярод вяскоўцаў выказалі жаданне падвесці «блакітнае паліва» 67 домаўладальнікаў, членаў спажывецкага кааператыва «Хатава-газ».

Слесар па абслугоўванні і рамонце газавыкарыстоўваючага абсталявання Іван Клябанскі за дзень абслугоўвае 10-15 заявак абанентаў, якія тычацца зняцця лічыльнікаў газу для праверкі і іх устаноўкі

– На даным аб’екце ВУ «Стоў-бцыгаз» выступае заказчыкам будаўніцтва газаправодаў высокага і сярэдняга ціску, а таксама шафавага газарэгулятарнага пункта. Гэтыя работы праведзены падраднымі арганізацыямі, такімі як ТАА «Стоўбцыгазбуд» і ААТ «СПМК-4» (г. Гродна), – расказвае Галіна Ксяневіч.

Акрамя таго, з пачатку 2020 года газавікамі пераведзена са звадкаванага на прыродны газ 16 жылых дамоў і газіфікавана 27 жылых дамоў, устаноўлена 15 бытавых прыбораў уліку газу на дзеючай сістэме газазабеспячэння.

Адпускае балоны са звадкаваным газам кладаўшчык Аляксандр Саятэвіч (справа), даставяць іх абанентам слесар Віктар Грамыка (у цэнтры) і вадзіцель Дзмітрый Цяўлоўскі

Сэрвіс на сучасным узроўні

У дырэктара філіяла Івана Шпілеўскага ёсць чым пахваліцца: да прафесійнага свята вялікая група работнікаў, у тым ліку з Клецкага і Нясвіжскага цэхаў, адзначана граматамі і падзякамі УП «Мінскаблгаз» і ДВА «Белпалівагаз», райвыканкама.

– У калектыве склаліся добрыя працоўныя традыцыі, у прыватнасці авалоданне работнікамі сумежнымі прафесіямі, узаемазамяняльнасць і пастаяннае павышэнне кваліфікацыі, – заўважае дырэктар.

На якасна новым узроўні ажыццяўляецца і работа з абанентамі. У жніўні мінулага года ў Стоўбцыгазе быў адкрыты сучасны цэнтр абслугоўвання насельніцтва, які дазваляе як асабіста звярнуцца да спецыялістаў (усе яны прайшлі навучанне ў «Газ-інстытуце»), так і атрымаць кансультацыю па тэлефоне, праз інфакіёск. З дня адкрыцця ў цэнтр ужо паступіла 3245 зваротаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *