«З клопатам аб здароўі». У райвыканкаме разгледзілі пытанне па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы

Афіцыйна Важное

На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разгледжана актуальнае пытанне па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016–2020  гады» ў Стаўбцоўскім раёне.

Як паведаміла намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая, мерапрыемствы па выкананні праграмы накіраваны на дасягненне галоўнай мэты – на стабілізацыю колькасці насельніцтва і павелічэнне працягласці жыцця.

Жанна Мікалаеўна адзначыла, што ў першым паўгоддзі 2020 года выкананы 16 з 20 індыкатараў праграмы. На выкананне мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы ў 2020 годзе выдзелена 15235,9 тыс. рублёў. На 1 жніўня асвоена 10530,9 тыс. рублёў.

Па выніках шасці месяцаў 2020 года сярэдняя працягласць жыцця насельніцтва Стаўбцоўскага раёна склала 74,9 года, пры мэтавым паказчыку 75,3 года. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2020 года складае 38 800 чалавек. Адзначаецца зніжэнне агульнай колькасці насельніцтва раёна на 287 чалавек у параўнанні з 2019 годам.

Колькасць дзіцячага насельніцтва ва ўзросце да 17 гадоў складае 19,2 %, дарослага працаздольнага насельніцтва – 53,3 %, насельніцтва старэй за працаздольнае – 29 %, з іх ва ўзросце старэй за 75 гадоў – 32,3 %. Гарадское насельніцтва складае 43,9 % ад усяго насельніцтва, сельскае – 56,1 %.

За паўгода нарадзіліся 143 дзіцяці, што на 56 менш, чым за аналагічны перыяд 2019 года. Памерла 405 чалавек. У 2019 годзе не стала 374 чалавек. У працаздольным узросце за студзень – чэрвень 2020 года памерла 78 чалавек (у 2019 годзе – 64). На першым месцы ў структуры смяротнасці працаздольнага насельніцтва – хваробы сістэмы кровазвароту, на другім – новаўтварэнні, на трэцім – знешнія прычыны.

З мэтай зніжэння смяротнасці насельніцтва ў працаздольным узросце ЦРБ арганізаваны выезды мабільных груп у складзе ўрачоў на прадпрыемствы раёна для правядзення дыспансерызацыі, ранняга выяўлення фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў, выяўлення хвароб сістэмы кровазвароту, перадракавых захворванняў, дэпрэсіўных станаў чалавека, асоб, якія злоўжываюць алкаголем.

З мэтай павышэння нараджальнасці, зніжэння дзіцячай смяротнасці, паляпшэння якасці аказання медыцынскай дапамогі дзіцячаму і жаночаму насельніцтву ва УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» арганізавана работа па планаванні сям’і, выяўленні і лячэнні мужчынскай бясплоднасці, палавым выхаванні дзяцей і падлеткаў на базе цэнтра здароўя падлеткаў і моладзі.

Сумесна з рэлігійнымі арганізацыямі праводзіцца інфармацыйна-асветніцкая работа па пытаннях сям’і, шлюбу, выхавання дзяцей, накіраваная на павышэнне прэстыжу сямейных каштоўнасцяў.

Абсалютным прыярытэтам у рабоце ўсіх зацікаўленых службаў з’яўляецца прафілактыка захворванняў. Актыўныя меры дазволілі крыху скараціць ужыванне тытуню і алкаголю. Павялічылася колькасць людзей, якія займаюцца фізкультурай і спортам, пашырылася вакцынацыя ў рамках нацыянальнага календара прышчэпак.

Для рэалізацыі падпраграмы «Папярэджванне і пераадоленне п’янства і алкагалізму» праводзіцца работа па зніжэнні ўзроўню негатыўных сацыяльных і эканамічных наступстваў п’янства. УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» укамплектавана ўрачамі – псіхіятрамі-нарколагамі, псіхолагамі, урачом-псіхатэрапеўтам. Наладжана работа па ўзаемадзеянні наркалагічнай службы ЦРБ з прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна, аказваецца ананімнае кансультаванне, лячэнне тых, хто злоўжывае алкаголем.

Праводзіцца вялікая работа па рэалізацыі падпраграм «Туберкулёз», «Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі», «Знешняя міграцыя», «Забеспячэнне функцыянавання сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь».

Мерапрыемствы, якія праводзяцца ў Стаўбцоўскім раёне па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады», дазваляюць выйсці на выкананне ўсіх мэтавых паказчыкаў і стабілізацыю дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне.

Са справаздачамі аб рабоце па даным пытанні выступілі галоўны ўрач УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» Святлана Глебка, галоўны ўрач ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Аляксей Бондараў.

У рабоце пасяджэння райвыканкама бралі ўдзел намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксандр Цай, начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Ірына Яўсеева.

Падрыхтавала Нэлі АСТРЭЙКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *