У фізіякабінет – па пазітыўны настрой

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

Кожны дзень Алена Галавачэнка заступае на сваё рабочае месца ў фізіятэрапеўтычным аддзяленні раённай паліклінікі. Рытм яе работы напружаны. Трэба пастаянна быць уважлівай, працэдуры строга дазіраваныя: адзін пацыент заступае, іншаму ўжо патрэбна адключыць апарат. У гэтае аддзяленне на працягу ўсяго дня пастаянна прыходзяць пацыенты, якім назначаны фізіятэрапеўтычныя працэдуры. У ліку іх ёсць дзеці. Урачы часта прыпісваюць ім фізіялячэнне для прафілактыкі адэноідаў, атытаў, гаймарытаў і частых рэспіраторных інфекцый. У медсястры да дзяцей асаблівая ўвага: патрэбна ўменне, каб працэдура не палохала іх, а наадварот выклікала цікавасць і была забаўнай.

Каб стаць медсястрою з такім профілем, Алене Іванаўне прыйшлося прайсці спецыяльныя курсы і набыць дадатковую спецыялізацыю. Патрэбны веды, уменне, каб авалодаць навыкамі аказання фізіятэрапеўтычных працэдур, частка з якіх праводзіцца на спецыяльных прыборах. Фізіятэрапія – гэта асаблівы від лячэння, які выкарыстоўвае сілы прыроды і розныя фізічныя фактары. Ствараюць і мадэлююць сілы арганізма электрычныя палі, магнітныя і электрамагнітныя хістанні пэўнай частаты, светлавыя прамяні рознага спектра, механічныя ўздзеянні, як вібрацыя і гук. Медыцынскі персанал павінен быць падрыхтаваны да таго, каб прымяняць прыборы на практыцы і валодаць метадамі фізіялячэння. Фізіятэрапію любяць назначаць урачы ў камбінацыі з традыцыйнай медыкаментознай тэрапіяй. Ды і пацыенты прыязна ўспрымаюць такія метады лячэння за прастату, лёгкасць у прымяненні, адсутнасць умяшальніцтва ўнутр цела і эфектыўнасць. Медперсанал фізіятэрапеўтычных кабінетаў імкнецца стварыць камфорт пацыенту яшчэ і сваімі шаноўныямі адносінамі да наведвальнікаў, усмешкай і прыязнасцю. Усё гэта дапамагае наведвальнікам атрымаць задавальненне ад працэдуры і пазітыўны настрой у час лячэння, а гэта вялікі плюс у аднаўленні здароўя.

Да перакваліфікацыі Алена Галавачэнка працавала акушэркай у раённай паліклініцы на прыёме з урачом-гінеколагам. Агульны стаж яе работы ў цэнтральнай раённай бальніцы складае 18 гадоў. Усе гэтыя гады яна працавала адказна, тым і заслужыла добрую рэпутацыю як сярод калег, так і сярод пацыентаў.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *