Прудскія Лідзіі

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

На нарадзе ідэалагічнага актыву раёна рэдактар нашай газеты звярнулася да кіраўнікоў з просьбай падказваць нам адрасы адметных людзей у раёне, паведамляць пра цікавыя падзеі. Першым адгукнуўся на гэтую просьбу старшыня Налібацкага сельвыканкама Аляксандр Пілінкевіч. Аляксандр Іванавіч патэлефанаў у рэдакцыю і запрасіў журналістаў прыехаць у Пруды да трох адметных вясковых Лідзій.

Адна з іх аказалася даўнім няштатным аўтарам і сябрам нашай газеты. Лідзія Фарботка мае талент складаць вершы, пісаць легенды, вышываць, шыць, вязаць. І ляльку адмысловую яна зробіць, і коўдру змайструе, і дамашнія тапкі пашые. Ды што казаць, ёй па сіле розныя віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці. У Лідзіі Сямёнаўны ніводная рэч не прападзе – усяму яна знойдзе творчае прымяненне. Зазірнулі мы ў яе дагледжаны чысты двор – і застылі ў захапленні. Плодам яе фантазіі і ўмення сталі розныя кампазіцыі: не двор – жывая казка. На здымку Лідзія Сямёнаўна са сваім мужам Сцяпанам Іосіфавічам. Гэтая шчаслівая сямейная пара адзначыла ўжо сваё залатое вяселле. Ветэран лясной прамысловасці,  Сцяпан Іосіфавіч цяпер займаецца  дамашняй гаспадаркай і разам з Лідзіяй Сямёнаўнай – творчасцю. Цяжка паверыць, што найпрыгажэйшыя карціны ў іх доме, вышытыя крыжыкам, – гэта плён яго рук і сэрца. Сцяпана Фарботку адзначалі як пераможцу творчых конкурсаў, аб’яўленых перыядычнымі выданнямі. Ён  атрымліваў прызы. Лідзія Фарботка працавала ў мясцовай бібліятэцы. Да друкаваных выданняў у яе асаблівыя адносіны, таму перыёдыка ў гэты дом пастаянна дастаўляецца паштальёнам. Людзі гэтыя самабытныя, каларытныя, прыгожыя. Вось ужо і сапраўды – упрыгажэнне беларускай зямлі.

Простаяпрацаўніца Лідзія Русевіч мае вялікую дзяржаўную ўзнагароду – медаль мацярынскай славы. Яна нарадзіла і выхавала пяцярых дзяцей. Двое з іх жывуць у Магілёве, адзін – у Стоўбцах, аднаго, на жаль,  пахавала. Малодшая дачка Лілія жыве ў Налібаках, яна і ўзяла клопат пра маці. Спрацаваныя рукі Лідзіі Дзмітрыеўны даілі калгасных кароў, вырошчвалі цялят. Лідзія Русевіч была лепшым жывёлаводам калгаса. Так жа сумленна яна адносілася да абавязкаў, калі працавала ў мясцовых магазінах – у Прудах і Пільніцы. А цяпер такі ўзрост, што дзеці аберагаюць яе ад цяжкай працы. Любяць і шануюць бабулю і 9 унукаў, падрастаюць пяць праўнукаў. Маці-гераіня выклікае павагу сваёй сціпласцю, прастатою і прыгажосцю.

Лідзія Босая адметная сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Гэта былы дырэктар Прудской школы. Стаж яе работы ў педагогіцы складае 40 гадоў. А ў Прудах Лідзія Канстанцінаўна жыве 51 год. Працяглы час з’яўляецца  старастай вёскі, нязменны старшыня выбарчай камісіі. Умее яна данесці да службовых асоб праблемы і клопаты вяскоўцаў, вырашыць узнікшыя пытанні. Цяпер вось заклапочана тым, як вырашыць праблему пітной вады. У калодзежах яна не лепшай якасці, а будаўніцтва водаправода – вельмі клопатная справа. Пройдзе па дамах, папросіць, каб гаспадары абкасілі ля платоў, каб падтрымлівалі парадак у дварах. Вёска вельмі дагледжаная, чыстая. У гэтым заслуга і жыхароў Прудоў, і старасты.

Лідзія Босая прыцягвае ўвагу не толькі гэтым дарам, але не менш – і сваёй жаночай абаяльнасцю. Яе чысты дагледжаны дом – як музей вышыванак. І гэта робіць інтэр’ер дамашнім, цёплым, утульным. Лідзія Канстанцінаўна вышывае даўно, а цяпер гэтае ўменне перадае сваім унучкам – блізнятам Каці і Аліне. Гэта дзеці дачкі, якая жыве ў Мінску –кандыдата медыцынскіх навук, загадчыцы кафедры гігіены дзяцей і падлеткаў Мінскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. У Лідзіі Канстанцінаўны яшчэ дзве дачкі, адна жыве ва Уздзе, другая – у Стоўбцах. Дзяўчынкі-мінчанкі ўсе канікулы праводзяць у бабулі. Яны ўжо шмат чаму навучыліся – і вышываць, і з бісеру мастацкія рэчы вырабляць. Так што свой талент Лідзія Канстанцінаўна сумела перадаць  новым пакаленням.

Знаёмства з прудскімі Лідзіямі ў нас пакінула вельмі добрае ўражанне. Кожная з трох жанчын з такім рэдкім на сучасны момант жаночым імем з’яўляецца яркай індывідуальнасцю, кладам талентаў і сваім жыццём упрыгожвае самабытную лясную вёску Пруды.

Святлана ЖЫБУЛЬ

НА ЗДЫМКАХ: высокая ўзнагарода Лідзіі Дзмітрыеўны Русевіч – «Медаль мацярынства»; Лідзія Канстанцінаўна Босая перадае ўменне сваім унучкам; Лідзія Сямёнаўна і Сцяпан Іосіфавіч Фарботкі – людзі таленавітыя.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *