Вобраз – у кавалачку мыла. Стаўбчанка Наталля Навіцкая расказала пра сваё захапленне

Важное Грамадства Захапленні

Усе ведаюць, што самы лепшы падарунак – гэта той, які зроблены сваімі рукамі. А калі ён яшчэ спатрэбіцца і ў гаспадарцы, тады яму няма цаны. Вы ўяўляеце сабе мыла, якое хочацца разглядваць як элемент дэкору, натуральнасць якога гаворыць сама за сябе? Пра асаблівасці «мыльнай» прыгажосці расказала рамесніца са Стоўбцаў Наталля Навіцкая.

Наталля Васільеўна – шчаслівая маці траіх дзяцей і любячая жонка. Працавала музычным кіраўніком у ДУА «Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці «Радуга» г. Стоўбцы». Ужо два гады як жанчына аформіла рамесніцтва. Наталля Навіцкая раней захаплялася фааміранам. З дапамогай гэтага матэрыялу яна рабіла разнастайныя кветкі. Аднак інтарэс у жанчыны выклікала мыла.

Наталля Навіцкая заўсёды атрымлівае той вынік, які ёй хочацца

Наталля займаецца мылаварэннем ужо год. Натхнілі на стварэнне вырабаў з мыла розныя выставы ў Мінску, якія наведвала рамесніца. Трэба сказаць, што ў сваёй справе Наталля не адна: ёй дапамагаюць дзеці, якім таксама цікава назіраць за працэсам стварэння.

– У любой працы ёсць свае складанасці, – гаворыць Наталля Навіцкая. – Працэс мылаварэння не зусім лёгкі, бо існуе шмат нюансаў. Напрыклад, калі мы закупляем матэрыялы, хочацца спадзявацца, што яны будуць добрай якасці. Аднак не заўсёды так бывае. Розныя дабаўкі могуць прывесці да таго, што выраб не атрымаецца. Важна ўлічваць патрэбную тэмпературу, каб не было перагрэву мыла. Нягледзячы на цяжкасць працэсу, ствараць выраб усё ж такі цікава.

Працэс мылаварэння, паводле слоў Наталлі, адбываецца наступным чынам: бярэцца мыльная аснова, пасля яна наразаецца ў адпаведнасці з формай вырабу, ідзе працэс расплаўлення ў мікрахвалевай печы пад пэўным градусам, дабаўляюцца фарбавальнік, араматызатары, усё заліваецца ў форму – і застаецца толькі  чакаць жаданага выніку.

Рамесніца любіць ствараць фігуркі ў выглядзе жывёлін, раслін, камянёў. Прыкладна гадзіна патрэбна для таго, каб атрымаўся пэўны вобраз.

Калі мы ствараем прыгажосць, гэта заўсёды ўсяляе надзею, надае сіл, натхняе.

Марына КУТАС, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *