Чацвёра выпускнікоў выбралі прафесію настаўніка

Адукацыя Главное

У бягучым навучальным годзе ў Засульскай сярэдняй школе селі за парты 62 вучні. У першы клас пайшлі сямёра дзетак. Дырэктар установы адукацыі Валянціна Кухарчык расказала пра дасягненні і перспектывы развіцця школы.

– Школа па выніках маніторынгу застаецца адной з лепшых у раёне, – падкрэсліла падчас размовы Валянціна Іванаўна. – Мы ганарымся дасягненнямі сваіх вучняў. Сёлета з дзевятнаццаці выпускнікоў школ раёна тры нашы вучні на цэнтралізаваным тэсціраванні набралі звыш 90 балаў. Скончылі адзінаццаты клас шасцёра юнакоў і дзяўчат. Чацвёра сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў дзённай бюджэтнай формы навучання. Дзмітрый Чабай паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Аліна Кукушкіна і Мікіта Конюх – у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Кацярына Пяткевіч – у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. Здзейснілася мара Ксеніі Жыткевіч: яна вучыцца ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, а Вікторыя Галавач авалодвае прафесіяй правадніка. Трое былых дзевяцікласнікаў навучаюцца ў Нясвіжскім дзяржаўным педагагічным каледжы імя Якуба Коласа. Мы вельмі рады іх выбару. Падрастае змена, і мы чакаем, што будучыя калегі прыедуць працаваць у нашу школу.

Вучні школы прынялі ў сваю дружную сям’ю першакласнікаў – былых выхаванцаў мясцовага дзіцячага садка. Ала Калесянкевіч (на здымку злева) стала для хлопчыкаў і дзяўчынак першай настаўніцай. На працягу чатырох гадоў Ала Віктараўна будзе падарожнічаць разам з імі па краіне ведаў. Наказ добра вучыцца далі падрастаючай змене сённяшнія дзевяцікласнікі. Кожны першакласнік атрымаў набор канцылярскіх тавараў для мастацкай творчасці, якія ўручылі старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Валянцін Татарыцкі і супрацоўнік гэтай установы Людміла Мішук

Адміністрацыя і педагагічны калектыў школы заслугоўваюць пахвалы. Ва ўскладненай пандэміяй сітуацыі яны справіліся з задачай і далі вучням неабходныя веды, якія дазволілі маладым людзям ажыццявіць свае мары.

Варта адзначыць выдатнікаў вучобы, якія плённа папрацавалі ў мінулым навучальным годзе. Граматы атрымалі Валерыя Бутырына, Вікторыя Чабай і Ірына Паляшчук. Вікторыя і Валерыя – пастаянныя ўдзельніцы розных конкурсаў, у тым ліку і міжнародных. Гэтыя вучаніцы, а таксама Ягор Аммер, Аляксандра Трацяк і Вікторыя Літвінчык сталі прызёрамі. Яны ўзнагароджаны дыпломамі і медалямі. А Анастасія Жытко вызначылася ў абласным аглядзе-конкурсе «Дзеці. Вада. Бяспека».

Трыццаць гадоў адпрацавала Яніна Кажамяка на кіраўніцкіх пасадах ва ўстановах адукцыі раёна. Апошнім часам была намеснікам дырэктара Засульскай сярэдняй школы па вучэбна-выхаваўчай рабоце. За шматгадовую і добрасумленную працу, адданасць выбранай справе кіраўніцтва школы ўзнагародзіла Яніну Леанардаўну граматай. Сёлета педагог вырашыла прысвяціць сябе настаўніцкай рабоце – выкладае беларускую мову і літаратуру. Адначасова яна з’яўляецца класным кіраўніком пятага класа, у якім навучаюцца Валерыя Бутырына і Станіслаў Кулішоў

– Нам заўсёды прыемна бачыць у школе бацькоў, якія дапамагаюць падрыхтаваць класы да навучальнага года, і мы ім за гэта ўдзячны, – сказала дырэктар. – Прыязджае ў школу з падарункамі былы выпускнік Валянцін Татарыцкі, старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь.

Сёлета клас па працоўным навучанні папоўніўся швейнымі машынкамі для дзяўчынак і наборамі інструментаў для хлопчыкаў. Пастаянна аказвае матэрыяльную дапамогу кіраўніцтва мясцовага сельгаставарыства ААТ «Каганец». Дзякуючы шэфскай падтрымцы набываецца сучасная мэбля і камп’ютарная тэхніка. Аснашчанасць кабінетаў тут не горшая, чым у гарадскіх школах.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



1 комментарий по теме “Чацвёра выпускнікоў выбралі прафесію настаўніка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *